РУКА

Руку адкапалі неспадзеўкі. Дзевяцікласнікі, калупаючы рыдлёўкамі невялічкі зямельны ўчастак, размешчаны адразу за будынкам школы, прыдумалі спаборніцтва: хто глыбей усадзіць лязо. А трэба сказаць, у дзевятым вучыліся ёмкія хлопцы. І адзін з іх, Саша Яўсееў, так налёг на чаранок рыдлёўкі, што лязо ўвашло ў зямлю вышэй сваіх “плеч” і ўперлася ў нешта цвёрдае.
Малады народ вельмі цікаўны. Саша рашыў капнуць глыбей і шырэй, каб паглядзець, што трапіла пад лязо. Хоць і камень ці жалязяка якая – усё роўна ім на ўчастку не месца. Падналёг на рыдлёўку, вывернуў некалькі карчоў затравянелай глебы – і раптам убачыў, што з ямкі тырчыць... рука. Выглядала яна так, быццам указвала з-пад зямлі некуды ўверх.
Саша ў першы момант аж  зніякавеў – што яшчэ за рука? Потым паклікаў аднакласнікаў:
– Гэй, хлопцы, сюды!
Падыйшлі і хлопцы, і дзяўчаты.
– Вось, – паказаў Саша, – рука...
– Ды ну! – ахнулі ўсе. А тыя, хто не паспеў трапіць у першыя рады цікаўных, пачалі расштурхоўваць шчасліўчыкаў. Не кожны ж дзень руку з-пад зямлі выкапваюць.
– Можа, мумія? – выказаўся хтосьці.
– Якая мумія! – запярэчыў Саша. – Мы ж не ў Егіпце.
– А ты, Саня, памацай, з чаго яна зроблена, рука гэтая, – параіў хтосьці з аднакласнікаў.
– А што, і памацаю, – зусім асмялеў Саша і нахіліўся над ямкай. Навобмацак рука цёмна-шэрага колеру, з характэрнай шурпатасцю, падалася бетоннай ці гіпсавай. Саша паведаміў аб гэтым аднакласнікам.
Сярод школьнікаў пачаліся розныя версіі:
– Пратэз, няйнакш, хтосьці прыкапаў...
– Дзе ты бачыў бетонныя пратэзы?!
– А можа гэта ад нейкай скульптуры?
– То давайце пацягнем...
Саша адыйшоў убок, а двое энтузіястаў, Эдзік Нікеенка і Вася Зацанок, паспрабавалі цягнуць руку. Але яна нават не варухнулася.
– Моцна сядзіць, – адзначылі хлопцы, – магчыма, там і ўся скульптура. Трэба настаўніку сказаць.
Збегалі па настаўніка. Прывялі выкладчыка працы Яўгена Леанідавіча. Гады тры назад ён рабіў загадчыкам калгаснай майстэрні, а як рэарганізавалі калгас у кааператыў, а потым аб’ядналі суседнія гаспадаркі і рабочае месца знікла, падаўся выкладаць працу ў школу, бо пасля інстытутаў ніхто на гэту непрэстыжную пасаду не імкнуўся.
Яўген Леанідавіч прысеў на кукішкі, памацаў руку ў ямцы і сказаў:
– Бетонная... Нешта ці нехта тут закапаны... У сэнсе – скульптура чалавека... Можа, дзяўчына з вяслом, а можа піянер з горнам ці футбаліст з мячыкам... Раней такіх скульптур вакол кожнай школы было панастаўлена...
– Дык, можа, адкапаем, падновім і аздобім школьны двор? – загарэліся дзевяцікласнікі.
– Адкапаць, канешне, можна, – задуменна сказаў Яўген Леанідавіч. – Толькі вось ці будзе што там аднаўляць? Можа, там адны абломкі, нявартыя нашых намаганняў... Трэба ў старажылаў запытаць.
Паколькі ўчастак перакапвалі пасля ўрокаў, а ўвосень цямнее рана, то пошукі старажыла адклалі на заўтра.
  А ноччу школьны вартаўнік, зараз пенсіянер, а раней – кладаўшчык, колішні актывіст мясцовай апазіцыі 90-х гадоў мінулага стагоддзя і тайны цяперашні прыхільнік палітычнага экстрыму, Мікола Сураўцоў, абыходзячы школьную тэрыторыю, трапіў нагой у ямку, адкапаную Сашам Яўсеевым, і разадраў аб бетонную руку галёнку на правай назе. Ды так, што сярод ночы давялося падымаць вясковага фельчара, каб аказаў першую дапамогу.
Назаўтра ў школе толькі і было размоў, што пра адкапаную руку і траўму вартаўніка. Нават забыліся пра пошукі старажыла. Але старажыл прыйшоў сам. Як гаворыцца, чуткамі зямля поўніцца.
Гэта быў Рыгор Сурмач, па мянушцы Грышка-Сталініст. Справа ў тым, што Рыгор, якому ўжо далёка за семдзесят год, не верыў ні ў што, напісанае і сказанае пра Сталіна пасля развянчання культу асобы Хрушчовым. Вялікую Айчынную вайну Сурмач памятаў слаба, але памятаў. Памятаў, што тады значыла імя Сталіна.  Памятаў як яму, юнаку, у пасляваенныя гады ўручалі граматы з профілем Сталіна за ўдарную працу ў калгасе. Памятаў як ледзь не кожны год зніжалі цэны... Ну, а рэпрэсіі – дык з роднай вёскі Сурмача, у якой ён пражыў  усё жыццё, ніводнага чалавека “варанок” не забраў.
Вось з гэтых пазіцый і ацэньваў Сурмач правадыра. А то ці мала што напішуць... І таму , калі выпіваў самагонкі ці магазіннай гарэлкі, а то і проста так, гледзячы на мярзотнасці сённяшняга жыцця, любіў паўтараць:
– Эх, Мурадэлі, Мурадэлі, дзе твая кантата?..
А калі хто, асабліва з моладзі, пытаў, хто такі Мурадэлі,  Сурмач знішчальна глядзеў на яго і тлумачыў:
– Мурадэлі – гэта быў вялікі кампазітар, які напісаў песню “Партыя – наш рулявы”... Раней у нас быў адзін рулявы, а зараз развялось жадаючых паруліць, як сабак нярэзаных... Эх, Мурадэлі, Мурадэлі, дзе твая кантата?..
За ўсё разам узятае, за нязбыўную любоў да Бацькі ўсіх народаў і атрымаў Сурмач мянушку Грышка-Сталініст. Але не крыўдзіўся на яе, а нават ганарыўся.
Апрануты ў нямаведама адкуль узяты фрэнч “сталінскага” пакрою, звёўшы калматыя бровы ў адну лінію, Грышка-Сталініст запатрабаваў у дырэктара школы Ларысы Іванаўны:
– А ну, паказвай, дзе тая рука!
Павялі дзеда на ўчастак. Ён агледзеў тэрыторыю, паварушыў вуснамі, нешта мяркуючы сам сабе, потым рашуча заявіў:
– Тут немцы ў сорак першым закапалі скульптуру таварыша Сталіна. Сам не бачыў – маці расказвала. У школе фрыцы размясцілі шпіталь, а фігуру зачапілі тросам, сцягнулі з пастамента бранявіком і закапалі вось тут, – Грышка-Сталініст паказаў пальцам.
Дырэктар прапанавала:
– Дык, можа, перазахаваем у іншае месца?  А то яшчэ хто-небудзь зноў дакапаецца і траўму атрымае... І калі школьнік – дык мне адказваць давядзецца.
Грышка-Сталініст паглядзеў на дырэктара, як некалі следчыя глядзелі на “ворагаў народа”:
– Што значыць, перазахаваем? Адны ўжо Сталіна перазахавалі, з маўзалея ў зямлю...
– А што ж рабіць? Наш вартаўнік Сураўцоў нагу параніў аб гэтую руку пры начным абходзе ўчастка.
– Што, гэтага пярэваратня Сталін-такі зачапіў? І моцна?.. Так яму і трэба, прыстасаванцу. Гэткія Сураўцовы любому гатовы задніцу лізаць, абы толькі ў таго верх быў... Бачыце, таварыш Сталін нягоднікаў і з-пад зямлі дастае... Эх, Мурадэлі, Мурадэлі, дзе твая кантата?..
– Дык адкапваць скульптуру ці не? – разгублена запытала дырэктар, сама не заўважаючы, што трапіла пад уплыў Грышкі-Сталініста. Потым схамянулася:
– Ладна, Рыгор Сідаравіч, будзем неяк рашаць гэтую праблему... Можа, якому-небудзь музею прапануем...
Грышка-Сталініст прабурчэў:
– Во, во... А то перазахаваем, перазакапаем... Эх, Мурадэлі, Мурадэлі, дзе твая кантата?.. – і накіраваўся з прышкольнага ўчастка.
А дырэктар Ларыса Іванаўна глядзела яму ўслед і думала: “Што ж рабіць з гэтым Сталінам?.. Адкапаць? Перазахаваць? Здаць у музей?..”    


Рецензии