Фенька

У настаўніка фізвыхавання вясковай сярэдняй школы Сямёна Жэўжыка жонка была вельмі раўнівая. І ў сям’і на гэтай глебе часта здараліся сваркі. Аднойчы, пасля чарговай перапалкі, калі жонка Зіна прыраўнавала Сямёна да дзесяцікласніцы, ён заявіў:
– Вось што, Зінка, ты мяне дастала. Я хоць у Турцыю гатовы збегчы, абы толькі збавіцца ад тваіх падазрэнняў.
– Ага, у Турцыю! – усхапілася Зіна. – У гарэм захацелася, там баб нямерана...
– Ну ты і ўрэзала! Вось цяпер я точна збягу, – не на жарт раззлаваўся Сямён.
– Бяжы, бяжы! – падпякла жонка. – Толькі ж да Турцыі далёка, падэшвы сатруцца.
– Нічога, тэхніку якую-небудзь знайду...
Узрушаны Сямён, можна сказаць, у стане афекту забег у чуланчык, схапіў там “феньку” – вучэбную гранату “Ф-1”, якую даўно прынёс з кабінета пачатковай ваеннай падрыхтоўкі і часам выкарыстоўваў замест малатка або, каб прыціснуць што-небудзь. Сунуў муляж у кішэню курткі і выбег на вуліцу.
Па вуліцы якраз у гэты момант ехаў на трактары К-701-“Кіраўцы” добры знаёмы Сямёна Грышка Кругляк. Сямён выбег на дарогу, замахаў рукамі. Грышка спыніў трактар – можа, у чалавека штосьці пільнае.
Сямён па лесвічцы ускараскаўся ў высокую кабіну трактара – там, акрамя трактарыста, сядзела яшчэ нейкая жанчына з клункам.
Сямён выцягнуў з кішэні гранату, паказаў яе Грышку і пракрычаў:
– Я захопліваю трактар! Едзем у Турцыю! А будзеш торгацца, разнясу вось гэтай “фенькай” усё тут... Ты з “фенькай” не жартуй.
Граната ківалася пад носам у трактарыста, нібы парэпаная груша. Вочы ў чалавека, які трымаў яе, шалёна свяціліся – і Грышка зразумеў, што тут сапраўды не да жартаў.
Жанчына-спадарожніца забілася ў куток кабіны і прыкрылася клункам.
– Л-ладна, у Турцыю дык у Турцыю, – заікаючыся ад неспадзеўкі, згадзіўся Грышка. – Але ж у мяне саляркі толькі да суседняй вёскі і назад хопіць. Я туды куму падрадзіўся падкінуць, – кіўнуў трактарыст на скамянелую пад клункам жанчыну.
Сямён на імгненне задумаўся, потым прыняў рашэнне:
– Мы, Грыша, куму тваю пашлем парламенцёрам да старшыні  сельгаскааператыва, каб да “Кіраўца” цыстэрну з саляркай прычапілі. На пачатак дарогі хопіць, а там падзаправімся дзе-небудзь... Думаю, не адмовяць, – і Сямён пагушкаў гранату ў руцэ.
Кума, пачуўшы, што ёй выпадае шанц пакінуць гэтага прыдурка з “фенькай”, адсунула клунак і сказала:
– Я гатова.
– Ну, тады адчыняй дзеры і выкуляйся, – дазволіў Сямён. – Дзе кантора кааператыва, ведаеш?.. Ага, ведаеш... Значыць, скажаш старшыні, што Сямён Жэўжык захапіў “Кіравец” і трактарыста, адзінага, хто згодны ездзіць на гэтым монстры, Грышку Кругляка – у заложнікі. Няхай прыязджае на перагаворы з цыстэрнай саляркі, а то я тут узарву ўсё к чортавай мацеры...
– А рэчы мне можна забраць? – асмялела жанчына і ўчапілася за клунак. – Навошта яны вам у Турцыі...
– Забірай, – сказаў Сямён, – там свайго шмоцця, хоць адбаўляй. “Чаўнакі” адтуль гадамі тралююць, і ніяк не скончыцца.
Кума вылезла з кабіны і подбегам падалася ў напрамку канторы.
– Глушы матор, беражы салярку, – загадаў Сямён трактарысту, – Будзем старшыню чакаць.
Грышка, які крыху ачуняў ад першага спалоху, спытаў у свежаспечанага тэрарыста:
– Слухай, Сямён, і чаго табе ў Турцыю заманулася? – і не чакаючы адказу, дадаў: – Хаця ад тваёй жонкі хіба толькі ў Турцыі і ўратуешся...
– Цыц! Яшчэ ты мне тут... – гаркнуў Сямён. – Вось зараз чаку вышмаргну – і памінай як звалі.
Тым часам кума, задыхаючыся ад хвалявання, выклала сітуацыю старшыні кааператыва. Старшыня ўсур’ёз факт тэрарызму не ўспрыняў:
– Відаць, самагонкі з курыным памётам Жэўжык напіўся, – адзначыў галава гаспадаркі. –  А той дурань, Грышка, мала таго, што трактар без дазволу ганяе, дык яшчэ і на правакацыю паддаўся. Ну, я ім...
Старшыня загадаў куме, каб не мянціла языком, не падымала панікі. Сам разбярэцца.
Праз некалькі хвілін яго УАЗік ужо тармазіў каля “Кіраўца”. Старшыня, не вылазячы з-за руля, гукнуў:
– Гэй, вы там! Ану, злазьце з трактара!..  А то міліцыю выклічу!
Дзверцы кабіны адчыніліся, адтуль высунўся Сямён і паказаў гранату:
– Пакліч, пакліч міліцыю... Усіх пакладу разам...
Граната выглядала ўнушальна і грозна.
Старшыня,чалавек бывалы, і ведаў, што гэтая “фенька” рване так – касцей не збярэш. Ён збавіў тон і ўжо лагодней сказаў:
– Канчай дурэць, Сямён. Лепш мы гэтай гранатай рыбу глушанем.
– Ты што, мяне на бракан’ерства  падбухторваеш? – ашчэрыўся Сямён. – А яшчэ кіраўнік, дэпутат сельскага Савета... Вось што: канчай дэмагогію, і каб хуценька да “Кіраўца” была прычэплена цыстэрна з саляркай. Да Турцыі шлях няблізкі...
– Ды як жа ты на трактары ў Турцыю трапіш? – упіраўся старшыня. – Там жа перад ёй Чорнае мора ўпоперак дарогі.
Сямён паківаў гранатай у паветры і спакойна сказаў:
– Нічога, Грышка і не такія лужыны аб’язджаў. Праўда, Грыша?
Трактарыст нешта вякнуў сціснутым голасам.
Сямён працягваў, звяртаючыся да старшыні:
– Даю тры хвіліны. Калі не ад’едзеш за саляркай – выпускаю гранату...
Старшыня не стаў чакаць і хвіліны.
На змену яму скуль ні вазьміся з’явілася жонка Сямёна ў суправаджэнні кумы. Перапалоханая кума так няўцямна апавядала пра здарэнне, што Зіна толькі і зразумела, што яе муж знаходзіцца ў трактары з нейкай Фенькай. Што гэта за Фенька, яна распытваць не стала, а рынулася да месца падзеі.
– Ах ты гад! Ах ты хадок такі! – зачасціла Зіна, бегаючы вакол трактара. – Ах ты, нахабнік! Сярод белага дня з бабай у трактары! Экзатычнага сексу яму захацелася... Ану, пакажы тую шэльму! Што яшчэ за Фенька аб’явілася?!
 Кума паддала жару:
– Ёсць, ёсць, я сама бачыла.
Сямёнава жонка раз’юшылася не на жарт, таго і глядзі пачне грызці колы ў трактара.
– Не выйдзеце з кабіны – сама туды палезу. Я ёй усё касмылле павыдзіраю!
Сямён прыадчыніў дзверы кабіны і паказаў гранату:
– Супакойся ты, лахудра! Вось гэта і ёсць граната “Ф-1”, “фенька”. Так яе яшчэ на фронце салдаты называлі.
– Так, так, граната “фенька”, я ж казала, – падтакнула кума.
Гнеў Зіны раптам перакінуўся на куму:
– Якая граната? Што ты плявузгаеш, баба? Ён жа гэтай штуковінай цвікі забівае... Дзе Фенька, пытаюся?.. А ты чаго ў трактары была? Мо гэта цябе Фенькай завуць і ты да майго Сямёна клеілася?...
Зіна пачала раптам тузаць разгубленую ўшчэнт куму.
Сямён, убачыўшы, што жонка можа пабіць ні ў чым не павінную жанчыну, схаваў гранату ў кішэню курткі і кінуўся бараніць куму.
У гэты момант пад’ехаў старшыня на УАЗіку, следам за ім трактар Т-150 цягнуў цыстэрну з саляркай. Старшыня, заўважыўшы клубок з трох чалавек, не ведаў, што рабіць. Ён толькі разгублена назіраў, як нядаўні тэрарыст імкнецца расцягнуць дзвюх жанчын, што невядома чаму счапіліся ў бойцы.
А трактарыст Грыша, стоячы на падножцы “Кіраўца”, радасна спяваў:
– Не нужен нам берег турецкий и Африка нам не нужна...    


Рецензии