Паездка у акапульку

Вясковая жыхарка Алена Шыханцова паехала ў абласны цэнтр, каб пахадзіць  па базары і купіць што-небудзь такое, чаго ў вёску ніколі не прывозяць. Ну, там адзежыну прыгожую і недарагую, фруктаў заморскіх...
І такі купіла тое-сёе. А на выхадзе з базару заўважыла празрысты гранёны латарэйны барабан на століку і побач, на сценцы кіёска, – маляўнічыя плакаты з асляпляльна блакітным морам, кашлатымі пальмамі і белым параходам.
Дзве нафарбаваныя дзеўкі, якія маніпуліравалі барабанам, па чарзе выкрыквалі:
– Дабрачынная латарэя! На карысць сляпых і глухіх! За вельмі малыя грошы вы можаце атрымаць вельмі вялікія ўражанні! Рызыграваюцца паездкі на Кіпр, Канарскія астравы і ў Акапулька!
Алена, можа б, і прайшла міма, але прывабіла загадкавае слова “Акапулька”. Пра Канары і Кіпр яна чула. Напрыклад, старшыня іх сельгаскааператыва любіў паўтараць: хто на Канары, а хто – на нары... А тут – Акапулька. Ад гэтага слова дыхнула нейкай таямнічасцю і прадчуваннем нязведанага.
Алена дастала з кішэні кашалёк, а з яго – грошы і папрасіла дзевак:
– Ану, пакруціце мне.
Адна латарэйшчыца забрала грошы, другая крутанула барабан. Калі ён спыніўся, дзеўка адчыніла вечка і прапанавала Алене самой дастаць білет. Што тая і зрабіла. І тут жа з нецярпеннем ускрыла білет. Унутры па ўзорыстым фоне зялёнымі літарамі было пазначана: ”Паоездка в Акапулько на 10 дней для одной персоны. Оплачено фирмой “Турэкзотик”. Обращаться пасле 25-га числа по адрасу: ул. Піивоварова, 13”.
Алена прачытала  – і вачам сваім не паверыла:
– Дзяўчаткі, я выйграла! Во, зірніце! – і пачала тыцкаць латарэйшчыцам білет пад нос.
Тыя, бачна было, моцна разгубіліся. Адна зашыпела на другую:
– Ты ж казала, што выйгрышы толькі на падстаўных падрыхтаваны...
– Ды цішэй, ты! – агрызнулася тая. – Відаць, памылкова ў барабан укінулі.
Алена, аглушаная нечаканай радасцю, нічога гэтага не чула.
– Дык куды ж мне зараз? – разгублена дапытвалася яна ў латарэйшчыц.
Тыя кінулі перашэптвацца, і адна растлумачыла:
– Пасля 25-га чысла  наступнага месяцу па адрасу, указанаму ў білеце, будзе працаваць агент нашай фірмы. Звернецеся да яго і ён аформіць паездку. А да гэтага там нікога не будзе.
Дамоў Алена вярнулася быццам на сёмае неба ўзляцела. Пачала хваліцца мужу:
– Во, глядзі, Мікола, што я выйграла! Паездку ў Акапулька.
– Куды, куды? – здзівіўся Мікола. – Ты што, чарку кульнула?
– Ды гэта я ад радасці як п’яная, – апраўдвалася Алена.
Спехам, глытаючы словы, расказала мужу падрабязнасці пра шчаслівы выйгрыш.
Мікола доўга круціў паперку ў руках, глядзеў на святло, ледзь не на зуб спрабаваў. Потым, пераадольваючы сумненне, сказаў:
– Паперка, білет твой, быццам сапраўдны, нават з вадзянымі знакамі. Можа, і праўда выйграла...
– Ды што ты! Фама няверуючы! – выгукнула Алена. – Бачыш, і адрас пазначаны. Ці ж манюкі будуць свой адрас указваць...
– Ладна, ладна, не шумі, – асадзіў жонку Мікола. – Толькі ты мне скажы, дзе яна тая... Пулька?..
– А-ка-пуль-ка, – паправіла Алена па складах.
– Ну, няхай Акапулька, – згадзіўся Мікола, – мне ад гэтага не лягчэй. Гэта ж атрымліваецца, пакуль ты пад пальмамі будзеш загараць, на мяне ўся хатняя гаспадарка ляжа...
– Во, во, заенчыў ужо. Перапрацаваўся... А як я ўсё жыццё пяклуюся? Што я – адпачыць, як чалавек, не магу?
– Хопіць, завялася, – супакойваў Мікола жонку. – Яшчэ ці захочаш ты сама туды ехаць. Можа, там людаеды якія жывуць. Схадзі-ка ты да нашага настаўніка геаграфіі, няхай раскажа пра гэтую Ака... Акапульку.
Алена, не адпачыўшы з дарогі як след, пабегла да настаўніка мясцовай школы. Той быў дома, рыхтаваўся пры настольнай лямпе да ўрокаў. Адарваўся ад справы, выслухаў Алену. Зразумеўшы сутнасць, усклікнуў:
– Як вам пашанцавала, Алена Іванаўна! О, Акапулька! Пра гэта можна толькі марыць... Ціхі акіян. Мексіка. Цудоўны курорт. Кабарэ “Хакаранда”. Яхт-клуб. Пеоны і самбрэра. Амары і лангусты. Вусатыя мужыкі- чыканас... Эх, Алена Іванаўна...
Алена слухала чароўныя незнаёмыя словы, і хоць нічога не разумела, але сэрца салодка замірала, быццам зазірнула яна ў дзівосны казачны свет.
Ад настаўніка  брыла, як у сне. Яна ўжо бачыла сябе ў белай сукенцы на белай яхце сярод сіняга акіяна. А на капітанскім мосціку – вусаты чыканас замілавана глядзіць на яе...
Мікола як зірнуў на жонку, так адразу і вызначыў:
– Звар”яцела баба... Яна цяпер у тую Акапульку па трупах гатова пайсці...
Алена, як толькі дачакалася 25-е чысло, кінулася ў абласны цэнтр. Але ў каго ні пытала, ніхто не ведаў, дзе знаходзіцца вуліца Піваварава. Вымушана была звярнуцца ў адраснае бюро.
Жанчына ў акенцы паглядзела ў пададзеную Аленай паперку і сказала:
– Не ведаю, які дурань вам гэта пісаў, аднак у нашым горадзе наогул няма вуліцы Піваварава.
– Як гэта няма?! – у роспачы перапытала Алена. – Вось жа, тут напісана!
– Ды зараз пішуць такое, што раней толькі на плоце пісалі... – зазначыла жанчына ў акенцы. – Калі ўсяму напісанаму верыць, дык і жыць не захочацца...
– Жыць не захочацца... Жыць не захочацца... – утрапёна паўтарала Алена, і ўсё камячыла стаўшую раптам пустой і нікчэмнай каляровую паперку – латарэйны білет.
 Падалася было на базар, але, вядома ж, латарэйшчыц там і след прастыў.
З горада Алена вярнулася цямней за хмару. Мікола адразу зразумеў, што ў  жонкі нічога не выйшла. Абдурылі.
– Ну што?.. Падманулі?.. Ідзі лепш свіней кармі і карову даі... Акапулька... Ды не ўбівайся ты так! Ці ж у першы раз нас падманваюць… То камунізма абяцалі, то зараз – капіталізм… А што ў рэшце рэшт атрымаецца, ніхто толкам не ведае... Латарэя…


Рецензии