Глухая ветка

Гэта здарылася тады , калі самай папулярнай  была прымаўка: “Куй жалеза, пакуль Гарбачоў”, калі ў магазінных чэргах людзі ламалі адзін аднаму рэбры.
Старшыня сельскага Савета дэпутатаў Кашалькоў прыйшоў дамоў як выкручаны. Толькі што на сходзе ў мясцовым клубе раённае начальства і туташнія жыхары далі такога дыхту... Уф! І тое ім няладна, і гэта... Асабліва ж наракалі, што не хапае хадавога тавару ў магазіне, што і прывезенае старшыня дзеліць несправядліва.
“А што дзяліць? – гаротна думаў Кашалькоў. – Дзесяткі гадоў толькі і робім, што дзелім.  Дадзяліліся...”
Ён уключыў тэлевізар, сеў на канапу – можа, што-небудзь вясёленькае пакажуць...
Вясёленькага не паказвалі. Нейкі ваенны з буйнымі зоркамі на пагонах скардзіўся, што палякі патрабуюць долары за правоз нашых вайскоўцаў з Германіі. Інакш, кажуць палякі, будзеце вы кукаваць на мяжы да сканчэння веку... Нябось, ад фашыстаў у 1944 годзе мы іх бясплатна вызвалялі.
“Да сканчэння веку не так многа засталося, але ўсё роўна прыемнага мала, – падумаў Кашалькоў. – Як у маім сельсавеце”.
І тут нечакана на яго сышло азарэнне. Ну як усё роўна святы дух спусціўся з неба і прасвятліў мазгі.  “А ў нас  жа праз тэрыторыю сельсавета чыгунка праходзіць! І вязуць па ёй розныя тавары амаль кожны дзень. А мы што, дурней палякаў? Можна ж перакрыць дарогу і патрабаваць даніну за праезд. Вязеш, скажам, халадзільнікі – скідвай адзін. Вязеш абутак – згружай нашу долю...”
На ўсякі выпадак, каб самаму ў каршэнь не далі, Кашалькоў рашыў дзейнічаць хітра. Ён прымеркаваў, што лепш за ўсё кінуць у бой пенсіянерку Ганну Плоткіну, па мянушцы Шчупачыха. Ох і зубастая бабка, не раўнуючы як і сапраўдная шчука. Не чалавек, а гемарой  для мясцовых улад. Дзяцей сваіх у горадзе забяспечыла хатняй абстаноўкай на сто гадоў наперад, пэўна, зараз на ўнукаў працуе.
Кашалькоў вечарам у прысутнасці цешчы, якая дружыла са Шчупачыхай, усе размовы зводзіў да аднаго: маўляў, міма нас тавар вязуць і вязуць, а нам – шыш. Пад чыгунку дзесяткі гектараў зямліцы адцяпалі, а хоць бы капейку мясцовым людзям, якія тут спрадвеку жывуць, кінулі. Ці не пара народу самаму з гэтага таварнага ручая зачэрпнуць...
Па таму як цешча станавілася ўсё менш і менш гаманкой, як часта задумвацца стала, Кашалькоў зразумеў, што яна прынаду заглытнула. А ў такім выпадку абавязкова пабяжыць да Шчупачыхі. Бо тая сярод вясковых пенсіянерак і пенсіянераў – аўтарытэт.
Так яно і здарылася – знікла цешча з хаты, і вярнулася ледзь не пасярод ночы. Відаць, распрацоўвалі са Шчупачыхай тактыку і стратэгію дзеянняў.
Назаўтра, калі Кашалькоў ішоў на работу, заўважыў, што народ кучкуецца каля сельмага. З натоўпу даляталі словы “чыгунка”, “тавар”, “перакрыць”, “нам губляць няма чаго”, “давялі, перабудоўшчыкі”...
Кашалькоў хуценька нырнуў у свой кабінет, каб яго не далучылі да натоўпу і не ўблыталі ў рызыкоўную справу. Праз акно ўбачыў як на галоўнай вуліцы з’явілася Шчупачыха – рашучая, злосная, у чырвонай кофце, з дубовым кійком у руцэ. Прама, хоць адразу на рэвалюцыйны плакат. Народ  стаў сцякацца да Шчупачыхі. Яна размахвала кійком, нешта гаварыла (праз акно не было чуваць), потым кіёк узняўся над галовамі з прывязанай да яго чырвонай кофтай – і натоўп у некалькі дзесяткаў чалавек  рушыў на палявую дарогу, што вяла да чыгуначнай веткі.
Кашалькоў выбег з кабінета, ускочыў у службовы аўтамабіль “чабурашку”-ЛуАЗ і газануў у супрацьлеглы ад чыгункі бок, на дальнія лугі, дзе яго можна было знайсці толькі верталётам.
Дамоў Кашалькоў вярнуўся прыцемкамі. Аб падзеях дня яму расказала цешча.
– Значыць, справа была так, зяцёк. Шчупачыха наперадзе, кофта над ёй, як сцяг, мы за ёй гужам. Кузьма Храмцоў нейкую жалязяку прэ з сабой. Я, кажа, калі што, эшалон пад адхон пушчу вось гэтым клінам. Яшчэ хлапчуком маленькім у партызанах напрактыкаваўся.
Ну, прыйшлі мы да чыгункі, размеркаваліся па насыпу. Шчупачыха камандуе: лажыся, бабы, на рэйкі! Каторыя смелыя, ды жыць ім і так мала засталося – ляглі. А я, зяцёк, не спяшалася...
Чакаем, значыць. Адны ляжаць, іншыя стаяць. Шчупачыха таксама стаіць з чырвонай кофтай над галавой. Я, кажа, бабы, лажыцца на рэйкі не буду, каб мяне здалёк бачна было. Неўзабаве нехта з баб, тых, хто   ляжаў, крычыць: рэйкі гудуць! Шчупачыха кофту яшчэ вышэй узняла, размахвае ёй і – насустрач цягніку.
Добра, што машыніст своечасова заўважыў... Ды такую кофту, як у Шчупачыхі, за вярсту прыкмеціш. Спыніў машыніст цягнік, выскачыў з будкі, лаецца па-страшнаму. Вы што, крычыць, з глузду з’ехалі?!
Шчупачыха ў яго пытаецца: што вязеш? І кійком дубовым перад носам размахвае. А Кузьма Храмцоў сваю жалязяку да рэйкі прывінчвае...
Ну, машыніст плюнуў, залез у будку цеплавоза і гукнуў умоўным свістком брыгадзіра цягніка. Прыбег брыгадзір. Убачыў баб на рэйках –  дык ледзь прытомнасць не страціў. Аднак Шчупачыха яго як у абарот  узяла, то адразу зразумеў, што нам трэба. Енчыць пачаў: ніякі мы тавар не вязем – у нас фекалі.
– Што яшчэ за фекалі? – не зразумеў Кашалькоў.
– Вось і мы спачатку не зразумелі, – працягвала цешча. – Потым брыгадзір растлумачыў, што фекалі – гэта дзярмо, каналізацыйныя сцёкі. І вязуць іх аднекуль ажно з-за мяжы на нашы заводы, каб перапрацаваць на ўгнаеннні. І сапраўды, на платформах нешта смярдзючае ў бочках, а на бочках не па-нашаму напісана. Шчупачыха кажа: вязіце гэтае дзярмо далей, у нас і свайго хапае.
Прапусцілі мы гэты цягнік, чакаем наступны. Бабы, каторыя стаяць прытаміліся, на рэйкі селі. А я, зяцёк, не спяшалася...
Падыйшоў другі цягнік, Шчупачыха і яго спыніла. Зноў лаянка на чым свет стаіць, зноў брыгадзір прыбег. Аказалася, што вязуць нейкую муку. Толькі не тую, з якой хлеб пякуць, а гэтую... як яе... во... даламітавую. Ну яшчэ пліты бетонныя, пясок...
Прапусцілі мы і гэты цягнік.
На трэцім цягніку таксама везлі нейкае жалезнае ламачча, вапну, гарбылі.
На чацвёртым цягніку прыкаціў чыгуначны чын у мундзіры з блішчастымі гузікамі. Відаць, з суседняй станцыі машыністы пазванілі на вузлавую аб нашым пікеце. Чын, скажу я табе, зяцёк, аказаўся загартаваным чалавекам. Ён без крыку і лаянкі растлумачыў, што ветка наша чыгуначная – глухая, што ніякага вартага тавару па ёй не возяць. І наогул усё, што па ёй возяць, можна назваць адным словам – дзярмо.
 А мы, калі агледзелі і гэты цягнік, пераканаліся, што чын не маніць. На платформах – каменны шчэбень, у цыстэрнах нешта смярдзючае.
Бабы, канешне, захваляваліся, да Шчупачыхі падступацца сталі: маўляў, дарэмна на рэйках бакі мялі, дарэмна дзень змарнавалі. Лепш бы пад сельмагам у чарзе пастаялі – можа б, купілі што-небудзь дэфіцытнае... Ледзь кофту чырвонаю не пашматалі... Адным словам, вярнуліся мы ні з чым.
Кашалькоў выслухаў аповяд цешчы задаволена. Хоць з таварам не атрымалася – ветка, ліха на яе, глухая, затое аўтарытэт Шчупачыхі моцна пахіснуўся. Не будуць ёй зараз так лёгка верыць, калі пачне на ўладу нагаварваць.
Кашалькоў уключыў тэлевізар. Можа, пакажуць што-небудзь вясёленькае... Але і на гэты раз вясёленькае не паказвалі. Аблезлы, як шалудзівая ліса, карэспандэнт недзе за мяжой хадзіў усцяж прылаўкаў, заваленых прыгожымі таварамі, і расказваў як хораша там жывецца. Настрой у старшыні Савета зноў сапсаваўся...   


Рецензии