Шыньён иго-го
І вось аднойчы, бавячы час на лавачцы перад роднай хатай, галава сям”і Аляксей Сіўчык прачытаў у раённай газеце аб’яву: “Толькі адзін дзень! Купім валасы. Чыстыя, акуратна расчасаныя, хімічна неапрацаваныя, не карацей 30 сантыметраў. Аплата па вазе. Звяртацца ва ўказаны дзень па адрасу...” Адрас быў у райцэнтры ў Доме быту.
Аляксей прачытаў аб’яву яшчэ раз і задумаўся: “Валасы, валасы... Нешта ў гэтай аб’яве карціць... Ага! А чые валасы? Хіба чалавечыя? Дык чаму б так і не напісаць?.. Хаця ў каго зараз знойдзеш валасы даўжынёй 30 сантыметраў і болей... Можа, на ўвесь раён дзве жанчынкі і заваляліся валасатых. Астатнія з прычоскамі а ля Хакамада... А што, калі можна і конскія здаваць? Гэта ж залатое дно!.. Вось дзе грошы на Алёнкіну вучобу...”
Ён прачытаў аб”яву яшчэ некалькі разоў. Нумара даведачнага тэлефона не было, відаць, скупшчыкі заезджыя. Атрымаць дадатковую інфармацыю няма ў каго. Давядзецца прымаць агонь на сябе.
Аляксей зайшоў у хату. Жонка Соня скрэбла нажом тонкую лупіну на маладой бульбе – рыхтавалася да вячэры.
– Во дзе нашы грошы! – выгукнуў Аляксей, паказваючы жонцы газету.
– Ай, якія гэта грошы, – запярэчыла жонка.
– Ды я не падпіску маю на ўвазе! Во паслухай, – і ён услых прачытаў аб’яву. Потым растлумачыў:
– Гэта ж, калі ўсіх коней у сельгаскааператыве пастрыгчы, ды яшчэ вяскоўцаў папрасіць, у каго яны ёсць – воз валосся будзе. Вось табе і нашай Алёнцы грошы на вучобу. Прынамсі, на першы курс хопіць, а там пабачым...
Соня кінула скрэбсці бульбу і здзіўлена паглядзела на мужа.
– Няйнакш ты з глузду з’ехаў, Лёшка... Каму трэба конскія валасы?
– Каму трэба, каму трэба... – раздражнёна паўтарыў Аляксей. – Зараз прадпрымальнікаў гэтых, камерсантаў, развялося, з чаго заўгодна грошы робяць. А можа, гэтыя валасы на перапрацоўку пускаюць, а потым парыкі і гэтыя самыя... як іх... шыньёны робяць. Калі чалавечыя валасы трэба, то чаму ў аб’яве не напісана? Значыць, усякія можна.
Муж гаварыў так пранікнёна і захоплена, ну, як Гарбачоў у часы перабудовы, што Соня завагалася:
– А чорт яе ведае, мажліва, ты і маеш рацыю, Лёшка... Вось што – схадзі-ка ты да Ягора Рагульніка. Ён жа таксама камерцыяй нейкай займаецца, глядзіш, і параіць што-небудзь.
– Верна, Соня! – узрадаваўся Аляксей. – Залатая ты ў мяне галава...
– Ды ўжо ж, – уздыхнула Соня, – з тваёй галавой палацаў не нажывеш.
Узрушаны Аляксей не звярнуў увагі на іронію жонкі, а кінуўся бегма да Рагульніка. На хаду думаў: “Хоць бы Ягор дома быў. А то мо панесла ў Маскву за таварам”.
Ягор знаходзіўся дома.
– Здароў быў, – прывітаўся Аляксей і адразу перайшоў да справы:
– Я да цябе за парадай, Ягор. Чалавек ты сучасны, як кажуць, рыначны, і ў камерцыі тваё слова вагу мае...
– Не цягні ката за хвост, давай канкрэтна, – падагнаў Ягор.
– Справа вось такая... – і Аляксей выклаў свае меркаванні наконт аб”явы і конскіх валасоў.
Ягор засмяяўся, паціснуў плячыма.
– Ну ты даёш, Аляксей Сідаравіч! Конскія валасы, гэта ж трэба... Хаця пачакай-пачакай, дай-ка сюды газету.
Рагульнік уважліва прачытаў аб’яву і раптам пасур’ёзнеў, задумаўся на імгненне, потым сказаў:
– Ёсць у мяне ход як з гэтай аб’явы грошы выціснуць. Толькі давай так дамовімся: калі справа ўдасца – мне трыццаць працэнтаў ад кошту прададзеных валасоў.
– Ды Божа ж мой! – узрадаваўся Аляксей. – Трыццаць дык трыццаць. Мне і семдзесят хопіць, калі да гэтага ні капейкі за душой...
– Толькі вось што, Аляксей Сідаравіч, глядзі, каб пра наш бізнес іншыя не пранюхалі. Пачнеш рэзаць конскія хвасты, кажы, што з валосся будзеш вяроўкі віць. Мне бацька расказваў, што пасля вайны такія рабілі. Вартая рэч – мацней, чым пяньковая, і не размякае.
У гэты ж дзень, бліжэй да вечара, Аляксей пачаў рэзаць хвасты коням. Той-сёй з вяскоўцаў упарціўся:
– Лета ж на двары... Чым коні мух і аваднёў адганяць будуць?
– Нічога, адгоняць. Па хмызу палазяць. Ды і я ж не пад самую рэпіцу – 30 сантыметраў усяго.
З конюхам сельгаскааператыва ўдалося дамовіцца за бутэльку самагонкі.
Праз тры дні Аляксей меў у сваім распараджэнні тры натрамбаваныя мяхі конскіх валасоў. Пры ўзважванні аказалася 45 кілаграмаў. Паколькі цана ў аб’яве не ўказвалася, кошт гэтых мяхоў нават прыблізна прыкінуць было немагчыма.
– У накладзе не застанемся, – супакойваў кампаньёна Ягор Рагульнік. – Калі ў аб’яве меліся на ўвазе чалавечыя валасы, то па ерундовай цане іх ніхто б не прадаў. Так што кампенсуем, Аляксей Сідаравіч, і тваю рызыку, што тры дні пад конскімі капытамі хадзіў, і вучобу дачкі.
У назначаны дзень павезлі валасы на “Мерседэсе” Рагульніка ў райцэнтр. Скупшчык прымаў кліентаў у пакойчыку, адведзеным яму ў Доме быту. Жадаючых збыць валасы было нямнога. Аляксей з Рагульнікам пачакалі, пакуль скупшчык разбярэцца з чарговай кліенткай, узважваючы прынесеныя ёй валасы на аптэкарскіх вагах. Потым падышлі да бізнесмена.
– У вас колькі і якой даўжыні? – запытаў скупшчык.
– А цана якая? – задаў сустрэчнае і даўно хваляваўшае яго пытанне, Аляксей.
– У залежнасці ад даўжыні і якасці валос – ад 10 да 30 цэнтаў за адзін грам. У эквіваленце.
– За грам? – перапытаў Аляксей, не верачы сваім вушам. – Дык у нас жа 45 кілаграмаў.
Бізнесмена нібы паленам ударылі. Ён маўчаў некалькі імгненняў, сутаргава глытаючы сліну, потым перапытаў:
– Колькі, колькі?
– 45 кілаграмчыкаў, як лёду! – горда паведаміў Аляксей.
– Не можа быць, – прашаптаў бізнесмен. – Вы што, з жаночай турмы? У мяне ў суседняй вобласці быў такі выпадак – прапаршчык з жаночай турмы прынёс 10 кілаграмаў... Але, каб 45... Такога яшчэ не здаралася.
– Ты не хвалюйся, калега, – умяшаўся ў размову Рагульнік, – зараз мы разгорнем мяхі, сам пабачыш.
Яны разгарнулі адзін мех, скупшчык дрыжачай рукой залез туды, выцягнуў жменю валасоў, паглядзеў на іх і разгублена прамовіў:
– Дык гэта ж конскія... Вы што, за дэбіла мяне трымаеце?
– А ты не гарачыся, калега, – спакойна сказаў Рагульнік. – Закон аб рэкламе ведаеш?
– Ды так сабе, – няўпэўнена прамармытаў скупшчык.
– Во, я так і думаў... А законы трэба ведаць, калі бізнесам заняўся. Там ёсць пункт аб нядобрасумленнай рэкламе. За гэта можна і штраф агромністы атрымаць, і ліцэнзіі пазбавіцца, і нават у турму сесці, калі такой рэкламай будзе нанесена шкода арганізацыі ці фізічным асобам.
– А я тут прычым!? – супраціўляўся скупшчык. – Каму я шкоду прычыніў?
– А вось яго ўнуку, – паказаў Рагульнік на Аляксея, – ён хвасты коням падразаў, а адзін – капытом яму ў грудзі. Зараз у бальніцы ляжыць у цяжкім стане. Будзеш яшчэ і за лячэнне плаціць і за маральны ўрон.
– Дык жа і вожыку ясна, што валасы чалавечыя закупляюцца!
– Можа, вожыку і ясна, а нам не, – зазначыў Рагульнік і падсунуў пад нос скупшчыку газету. – На, чытай: закупляюцца валасы. А чые – не сказана. Цвёрды факт нядобрасумленнай рэкламы. Так што лепшы выхад для цябе – купіць у нас валасы.
– Не буду!
– Як гэта – не буду? Зараз ён, – Рагульнік паказаў на Аляксея, – збегае ў падатковую інспекцыю, у міліцыю, складзем акт... А там справу раскруцім: суд, пазбаўленне ліцэнзіі, канфіскацыя маёмасці і ўсё такое...
Валасяны бізнесмен паступова ****неў, вусны ў яго дробненька заторгаліся.
– Дык жа, мужыкі, калегі, – слаба вымавіў ён, – вы ж мяне без штаноў пакінеце, гэта ж тры мяхі валасоў...
– Колькі ў цябе з сабой грошай? – рашуча спытаў Рагульнік.
– Ну... Долараў 500 набярэцца... У эквіваленце.
– Ладна, мы не акулы капіталізму, – улагодзіўся Рагульнік, – аддасі нам 450 долараў, а 50 табе на транспартныя расходы.
Скупшчык з палёгкай уздыхнуў – відаць, сума паказалася яму не такой страшнай у параўнанні з тым, што чакала ў выпадку суда.
Праз імгненне поліэтыленавы мяшэчак з грашыма перавандарваў з-пад стала скупшчыка ў рукі Рагульніка. Ён сказаў заезджаму бізнесмену:
– Пералічваць не будзем, веру. Але, калі абдурыў, глядзі... Усе твае дадзеныя ў рэдакцыі ёсць, куды ты аб’яву даваў... А конскія валасы забірай. Прадасі каму-небудзь. У цырк, скажам... Ці на шыньёны для туземцаў. Шыньён “іго-го”, нядрэнна гучыць, га?
Ужо седзячы ў “Мерсэдэсе”, Рагульнік адлічыў свае 30 працэнтаў, астатняе перадаў Аляксею.
– На. Можа, поўнасцю на першы курс тваёй Алёнцы не хопіць, але за аванс, каб прынялі, сыдзе...
Аляксей, які быў на сёмым небе ад радасці, спытаў:
– Няўжо і праўда ў законе аб рэкламе такі строгі артыкул ёсць? Каб аж да турмы?
– А халера яго ведае, – адказаў Рагульнік, – я і сам закон не чытаў... Закон законам, а ў нашай справе, у камерцыі, галоўнае націск і ўпэўненасць.
Свидетельство о публикации №114021906382