Гуси, гуси?! га-га-га!

Лёшку Касмача ў вёсцы амаль ніхто па прозвішчу  не называў. Працаваў ён шафёрам у сельгаскааператыве на машыне тэхдапамогі, і калі хто малазнаёмы  з якой-небудзь іншай вёскі кааператыва спрабаваў адшукаць Лёшку і пытаўся: “Дзе мне ўбачыць Аляксея Касмача?” – аднавяскоўцы Лёшкі спачатку няўцямна паціскалі плячыма. А потым, пачуўшы ўдакладненне, што гэта шафёр тэхдапамогі, ускліквалі: “ А-а! Дык гэта Лёшка Гусак...”
Мянушка “Гусак” замацавалася за Касмачом гадоў некалькі назад. І вось як...
Запісаўся Лёшка ў паляўнічыя, купіў стрэльбу-аднастволку. Жонка Ніна спачатку не адобрыла намер мужа.
– Яшчэ стрэльнеш не ў той бок...
– Не стрэльну, – супакойваў яе Лёшка, – я  на пралётных птушак буду паляваць. Там толькі ўгору страляць трэба... А самалёты над намі не лятаюць, кажуць, на гэта грошы многа трэба.
Праз нейкі час захапіў Лёшку паляўнічы азарт. Спадабалася яму  высочваць качак і дзікіх гусей над азярынамі, выпужваць з іржэўніку чародкі шустрых курапатак, выцэльваць глушца высока на дрэве... Праўда, стралок з яго атрымаўся не надта варты – рэдка калі прыносіў дамоў здабычу. І ўсё больш драбнату: курапатку або бекаса, вальдшнэпа ці маладую качку, якая па дурасці сваёй трапіла пад стрэл.
Жонка пачала ўжо бурчэць:
– Ды ты можаш, гора-паляўнічы, што небудзь пабуйней прынесці?! А то на адзін зуб толькі...
Што-небудзь “пабуйней” Лёшку ніяк не шанцавала ўпаляваць. Ён пярэчыў:
– Гэта ж у Сібіры з палявання кормяцца... А ў нас на падвор’і і кабанчык ёсць, і куры, і гусі... А паляванне так, для душы...
Аднойчы з чарговага паходу ў лес прынёс Лёшка незвычайны трафей – тры  вялікія яйкі, што знайшоў у пустуючым гняздзе на балоце. Магчыма, гаспадароў гнязда падстрэлілі браканьеры ці ўпалявала ліса.
– Ну, навошта ты прынёс гэтыя яйкі? – спытала жонка. – Мы ж курыныя не паспяваем з’ядаць...
– Што ты, што ты, Ніна! – запярэчыў Лёшка. – Не на патэльню я іх прынёс. Пакладзем пад гуску, каторая ў нас на яйках сядзіць, паглядзім, што выведзецца.
Малыя, сын Саша і дачка Алёнка, заўсёды з нецярпеннем чакалі бацьку з лесу, бо ён прыносіў ім “зайчыкавага” хлеба, які дзеці елі з такім смакам, што аж за вушамі трашчала. Яны верылі, што хлеб сапраўды перадаў ім зайчык, хаця на самой справе гэта былі рэшткі бацькавага “тармазка”, які  ён браў з сабой у лес. А на гэты раз бацька, акрамя пачастунка ад зайца, прынёс яшчэ і яйкі. Во было радасці малым:
– Ура! Ура! У нас свае бусляняткі будуць!
– А можа, кракадзілы? – пажартавала маці. – Яны ж таксама яйкамі размнажаюцца.
– Не, не буслы і не кракадзілы, – сур’ёзна сказаў Лёшка. – Хутчэй за ўсё гусяняты, а мо і чапляняты... Чаплі ж таксама на балоце жывуць.
З трох яек вывелася толькі адно птушаня – гусянятка. Увішны пушысты камячок з чорнымі лапкамі заўсёды першым прабіваўся да корму або да міскі з вадой.
– Гусак! – упэўнена вызначыў Лёшка.
Дзеці з асаблівай цікавасцю сачылі за тым як расце і набіраецца моцы “дзічок”. Пры гэтым часта весела крычалі лічылку: “ Гусі, гусі?!” “Га-га-га!” “Есць жадаеце?!” “Ага!” І стараліся лішні раз падкарміць свайго любімца.
Пад восень, калі нават хатнія гусі, падпарадкоўваючыся інстынкту продкаў, станавілася на крыло і блыталі правады электраліній на вуліцах вёскі, падаўся ў лёт і “дзічок”. Але ў адрозненне ад цяжкіх тлустых хатніх гусей ён лятаў лёгка і высока. Прыроджаная моц крылаў не падводзіла яго.
Жонка, гледзячы на палёты “дзічка”, неяк сказала Лёшку:
– Давай мы заб’ем яго і з’ядзім... А то зляціць – і прапала мяса.
– Ды ты што! – не згадзіўся Лёшка. – Дзеці ж яго любяць... Слёз не абярэшся.
– Дык жа зляціць, – настойвала жонка.
– Не зляціць у адзіночку. Яму чарада трэба.
Тым не менш Лёшка на ўсялякі выпадак памеціў “дзічка” блакітнай ізалентай, абматаўшы яе вакол правай лапкі.
А дзеці, калі гусак, здзіўлячы ўсю вёску, лётаў высока над хатамі, дружна крычалі яму ўгару: “Гусі, гусі?!” “Га-га-га!” “Есць жадаеце?!” “Ага!” “Дзічок” апускаўся тады ў родны двор, бо набыты рэфлекс падказваў яму, што за гэтым дзіцячым галёканнем паследуе смачная кармёжка.
    У сярэдзіне верасня над вёскай з’явіўся высока ў небе ланцужок дзікіх гусей. Іх развітальныя воклічы падалі ўніз як трэснутыя званкі. “Дзічок” у гэты час якраз кружыў над хатамі, размінаючы крылы. Ён пачуў галасы суродзічаў і, часцей замахаўшы крыламі, памкнуўся ўверх і неўзабаве прыстроіўся ў канец гусінага ланцужка. Чарада крыху збілася з рытму пры з’яўленні чужака, ланцужок хітнуўся з боку ў бок, потым аднавіў  сваю стройнасць і прадоўжыў шлях на поўдзень.
Дзеці, як прыйшлі са школы і даведаліся, што “дзічок” адляцеў у цёплыя краі, плакалі горкімі слязамі. Ды і дарослых агарнуў лёгкі сум – прывыклі да птушкі.
Бацька з маці суцяшалі дзяцей:
– Не плачце... Вернецца “дзічок”... Вясна прыйдзе – і вернецца.
Хаця самі, канешне ж, не верылі ў гэта.
Прайшла зіма, вясновае сонейка сагнала снег і сагрэла навакаолле, набрынялі пупышкі на дрэвах – вось-вось лопнуць першымі клейкімі зялёнымі лісточкамі.
Адным вясновым досвіткам Лёшка прачнуўся ад гучнага гусінага гагакання і рэзкіх рыпучых птушыных крыкаў. “Хто ж гэта гусей з-пад павеці выпусціў? – падумаў Лёшка. – У нас іх штук пяць і засталося, а крыку, як ад сотні...”
Ён падняўся з пасцелі, падышоў да акна кухні, што выходзіла ў двор, – і застыў у здзіўленні: двор спрэс быў запоўнены шэрымі гусямі, і верхаводзіў сярод іх здаравенны гусак, на адной лапцы якога віднелася блакітнае кальцо.
– “Дзічок” вярнуўся! – ахнуў Лёшка.  – Ды яшчэ і ў кампаніі... Ну і здарэнне, браткі мае!..
Ён разбудзіў жонку, дзяцей. Тыя спачатку не паверылі, думалі, што бацька жартуе. Але, зірнуўшы праз акно, таксама здзіўлена завойкалі.
“Дзічок” тым часам праз расчыненыя варотцы, не звяртаючы ўвагі на хатніх гусей, завёў чараду пад павець. Мінулым годам ён заўсёды частаваўся там смачнай ядой, і на гэты раз, відаць, спадзяваўся падсілкавацца і падкарміць сваю чараду.
Жонка штурханула Лёшку пад бок і ціха, каб не чулі дзеці, захопленыя цікавым відовішчам, сказала:
– Ідзі хутчэй зачыняй павець... Гэта ж колькі нам дармавога мяса прываліла...
Лёшка выскачыў з хаты і хуценька прычыніў варотцы пад павець, адгароджаную ад двара сеткай.
Днём дзеці не адыходзілі ад павеці і гукалі свайму “дзічку”:
– “Гусі, гусі?!” “Га-га-га!” “Есць жадаеце?!” “Ага!”
І вось дзіва – гусак адгукаўся на іх галасы.
Урэшце дзеці пацікавіліся ў бацькі і маці:
– А што мы з астатнімі гусямі рабіць будзем?
Наконт “дзічка” яны, пэўна, не сумняваліся –  застанецца тут.
Бацькі спачатку ўхіляліся ад прамога адказу, потым вымушаны былі прызнацца ў сваіх намерах:
– Вось прычапіліся... Як – што? Што і ўсе людзі робяць. На мяса пусцім.
Адказ вельмі не спадабаўся Сашу і Алёнцы. Ноччу, калі бацька і маці добра ўспаліся, яны ціхутка выйшлі на двор, расчынілі варотцы павеці. Дзікія гусі не сталі чакаць запрашэння – з радасным гагаканнем, на чале з мечаным сваім важаком кінуліся вонкі і прама з двара ўзняліся на крыло. Дзеці замахалі ім услед рукамі.
На шум прачнуліся бацька і маці, выскачылі на двор, убачылі дзяцей ля павеці – і ўсё зразумелі.
– Наеліся мяса, – са скрухай у голасе сказала маці.
– А, ладна, няхай ляцяць, гусянятак выводзяць, – махнуў рукой Лёшка.
    Калі Лёшка расказаў на рабоце як “дзічок”, пра якога ўсе ведалі, прывёў надоечы на падвор’е чараду дзікіх гусей, і як дзеці адпусцілі іх, ніхто не паверыў. “ Ат, не выдумляй ты са сваім гусаком... Усе вы, паляўнічыя, любіце байкі расказваць...”
Вось з тае пары і празвалі Лёшку “Гусаком”.
 А дзеці яго, калі ўвосень над вёскай у паўднёвы бок, а вясной – назад, праплывалі гусіныя ланцужкі, крычалі ўгару: “Гусі, гусі?!” “Га-га-га!” “Есць жадаеце?!” “Ага!” Але ніхто ў двор на гэты покліч не апускаўся. Тым не менш дзяцей, ды што там хаваць – і Лёшку, не пакідала надзея, што аднойчы спланіруе на магутных крылах у двор “дзічок” з блакітнай адмецінай на лапцы і звонка адгукнецца на знаёмае яму з маленства: “Гусі, гусі?! “Га-га-га...”


Рецензии