Баливар не вывез

Неяк надарыўся на казённых жыгулях-“сямёрцы” ў  вёсцы Замосце старшыня сельскага Савета Ягор Міранеўскі. Стаў гутарыць з вяскоўцамі аб іх турботах, і аказалася, што самая вострая – гэта як апрацаваць прысядзібны ўчастак. Да цэнтра кааператыва 25 кіламетраў. Ні фермы, дзе звычайна ёсць конскае цягло, ні проста так коней у вёсцы няма. Вось і пакутуюць людзі, асабліва пенсіянеры, якіх тут большасць. Некаторыя нават каня ў суседнім раёне заказваюць.
Сярод вяскоўцаў і былы ляснік пенсіянер Лявон Сыцянкоў тоўкся, так, на ўсякі выпадак. Старшыня Савета  пасля гутаркі з мясцовым людам адвёў яго ўбок і прапанаваў:
– Слухай, Лявон Міхайлавіч, ты ж амаль усё жыццё справу з конямі меў... Вазьмі ты якога-небудзь одра і аказвай вяскоўцам паслугі. Вось табе і прыварак да пенсіі.
Лявон запярэчыў:
– А дзе я таго каня вазьму? Купіць – дорага, а задарма хто мне дасць?
Старшыня Савета падумаў крыху, потым сказаў:
– Ладна, я пагаманю ў сельгаскааператыве. Можа, яны табе, так сказаць, у арэнду нейкага каняку дадуць.
– Добра, калі так, – згадзіўся Лявон.
Праз тыдзень Ягор Міранеўскі прыехаў у Замосце ўжо не на жыгулях, а  на коннай запрэжцы, у якой да таго ж ляжалі плуг і барана. Падкаціў да хаты Лявона Сыцянкова і гукнуў гаспадара, што якраз таптаўся ў двары.
– Гэй, Лявон Міхайлавіч, забірай стаенніка!
Лявон выйшаў на вуліцу.
Старшыня Савета паляпаў гнедага па хрыбту і растлумачыў:
– Ледзьве ўгаварыў галаву кааператыва... Бяры, Лявон Міхайлавіч, гэты сродак вытворчасці, як  вучыла нас палітэканомія, і дапамагай людзям... А заадно і сабе... Баліварам яго завуць, каня гэтага.
– Баліварам? – здзівіўся Лявон. – Ён што, замежны, гуманітарная дапамога?
– Ды які там замежны! – выгукнуў старшыня. – Наша парода, рабацяга... Проста конюх  вельмі кіно любіць. Ну, і  ёсць такі стары  фільм “Балівар дваіх не вывезе”... Там  у двух бандзюганаў быў  конь па мянушцы Балівар, дык адзін забіў другога, каб на гэтым кані ад паліцыі ўцячы…
– Вось як, – пакруціў галавой Лявон. – Спадзяюся, што мяне аднаго гэты Балівар вывезе... Дзякуй табе вялікі, Ягор Станіслававіч... 
Старшыня махнуў рукой.
– А, карыстайся на здароўе, Лявон Міхайлавіч...
І паехаў на  спадарожнай паштовай машыне ў сваю кантору.
І пачаў карыстацца Лявон, бо якраз веснавыя палявыя работы падаспелі. Каму ўзараць, каму бульбу пасадзіць, каму прабаранаваць, каму гной на поле завезці... Толькі паспявай. Але ў працэсе аказання конскіх паслуг раптам узнікла праблема разлікаў. Вяскоўцы ж здаўна прывыклі ўсё мераць вадкай валютай:  гарэлкай, віном ці самагонкай. Так і казалі: “Вось за гэту работу столькі-та бутэлек (паўлітэрак, значыць), за гэту – столькі...” А Лявону Сыцянкову навошта бутэлькі, ён  што  – гандляваць імі з-пад крыса будзе, яшчэ адну “кропку” ў вёсцы адкрые?  Іх і так хапае. Таму Лявон асцярожна стаў намякаць, што плаціць трэба грашыма. Чым нямала здзіўляў навучаных жыццём вяскоўцаў:  ды  божа ж мой! Гэта ж нейкая акула капіталізму, а не памочнік людзям...
І паступова на працягу вясны і лета распаўсюдзілася і па Замосці, і па навакольных паселішчах, адкуль таксама заказвалі каня, пра Лявона вестка як пра хапугу. Грошы яму, ці бачыш, падавай... А дзе іх, грошай, набярэшся?.. І дзеткам дай, і падаткі заплаці, і пра страхоўку не забудзь, і за электрычнасць, і за газавы балон, і за тое, і за іншае... А тут яшчэ і Лявон Сыцянкоў на іх галаву.
Лявон цярпеў, бо куды ж дзенешся – зарабляць трэба. Цярпеў аж пакуль пад восень хтосьці не напісаў на варотах яго двара з балончыка-спрэя “Жываглот”. Вось тады ён запрог Балівара, пагрузіў на цялегу плуг і барану, і паехаў у цэнтр кааператыва, дзе размяшчаўся і сельскі Савет. Прывязаў каня лейцамі да слупка агароджы будынка Савета і зайшоў унутр. Ягор Міранеўскі быў у кабінеце. Здзівіўся прыходу Лявона:
– Што гэта ты, Лявон Міхайлавіч, да нас? Можа, якую даведку трэба ці ад падатковай інспекцыі абараніць?
Лявон зняў з галавы картуз, сеў на зэдлік.
– Не,  Ягор Станіслававіч, ад людзей мяне абарані...
І ён выклаў сітуацыю старшыні Савета, заключыўшы словамі:
– Балівар  мяне і аднаго не вывезе... Забірай ты каня, Ягор Станіслававіч, а то яшчэ  хто-небудзь ад зайздрасці хату падпаліць...
– Ну, гэта ты занадта, Лявон Міхайлавіч! – не згадзіўся старшыня.
– Нічога не занадта... Я бачу як скоса на мяне ў вёсцы глядзяць. І нейкім алігархам, і капіталістам, і жываглотам завуць...
Старшыня ўзняўся з-за стала, пахадзіў па кабінету  потым задуменна прамовіў:
– Эх, старана мая старонка... Як жа нам цябе перарабіць?
– Дык забіраеш Балівара, Ягор Станіслававіч? – задаў пытанне Лявон.
– Ды, пэўна, давядзецца... – уздыхнуў старшыня і дадаў: – Хацелася, як лепш, а атрымалася, як заўсёды...
Лявон выйшаў з будынка сельскага Савета, падыйшоў да каня, пагладзіў яго па шыі.
– Бывай, Балівар... Шкада, не вывез ты мяне...


Рецензии