Год сабаки
Антуан дэ Сент-Экзюперы.
У невялічкага, ні то чорна-белага, ні то бела-чорнага, гэта як паглядзець, стракатага дварняка Босіка, які толькі-толькі выходзіў з узросту шчанюка, лёс даволі нечакана змяніўся. Са звыклага двара, не раз аббеганых і абнюханых навакольных вуліц, сабачку павезлі на калёсах праз лес некуды ў іншыя ростані.
Босік, хоць і быў яшчэ маладзёнак нават па сабачых мерках, але ўжо ведаў значэнне некалькіх людскіх слоў. Духмяную сумесь, якой былі засланы калёсы, двухногія істоты, людзі, называлі сенам. У сене Босік нарадзіўся, у ім куляўся на лузе, куды дзеці гаспадароў бралі яго з сабой. Таму пах сена, у якім былі сотні адценняў, здаваўся сабачку родным, і ён не надта ўпіраўся, калі, паманіўшы смачным кавалачкам кілбасы, Босіка кінулі на калёсы і некуды павезлі. З’явілася яшчэ і надзея ў сабачкі, што там, куды яго вязуць, ён будзе кожны дзень ласавацца кілбасой, бо ў ранейшых гаспадароў перабіваўся абы чым. Толькі часам малыя двухногія кідалі Босіку што-небудзь смачнае.
Калёсы цягнула чатырохногая істота, якую людзі звалі канём. Коней Босік любіў. І таму, што яны, як і Босік, чатырохногія, і таму, што не кідалі ў яго палкамі, не адпіхвалі нагамі, як двухногія, а толькі адыходзілі ў бок, калі сабачка гаўкаў на іх. Каня, што вёз яго на новае месца жыхарства, Босік адразу стаў лічыць сябрам. Бо, як думаў сабачка, конь вёз яго да лепшага жыцця.
Надзеі Босіка не надта спраўдзіліся. Людзі ў іншым паселішчы, куды трапіў сабачка, як і ў родным Босіка, жылі ў вялікіх будках, якія яны называлі хатамі. У будках двухногіх было цёпла ў золкія раніцы і ўтульна ў дождж, калі Босік выпадкова забягаў туды. Там так прыемна пахла ежай. А вечарам у гэтых будках заўсёды было светла, не так як знадворку, дзе толькі тады крыху растваралася цемра, калі ў небе з’яўлялася зыркая штуковіна, спачатку, як акрайчык гарбуза, а потым круглая, нібы міска, з якой Босік еў тоўчаную бульбу.
Няблага жылі двухногія. Ім не трэба чакаць, кіне хто кавалачак ці не. Не трэба шукаць утульнае месцейка, без блох, каб пераспаць. Не трэба баяцца, што ў цябе шпурнуць каменем. Як заўважыў Босік за сваё кароткае жыццё, двухногія наогул нічым адзін у аднаго не шпурлялі. Прынамсі, у двары і на вуліцы. А што яны робяць у сваіх камфортных будках, сабачка не ведаў. Напэўна, увесь час сілкуюцца, бо, калі б ні забег Босік у людское жытло, там заўсёды пахла ежай.
Праўда, у новых гаспадароў часта ў будцы панаваў іншы пах, рэзкі і непрыемны, які перабіваў усе астатнія водары. І тады людзі або гучна крычалі адзін на аднаго, або вылі – па іх разуменні, пелі, або раптам сярод белага дня валіліся, дзе папала, і засыналі. Вось тады Босік імкнуўся сцягнуць што-небудзь смачненькае са стала.
Аднойчы ў чарговы раз сабачка паспрабаваў пачаставацца з людскога застолля, ды паспяшаўся – яшчэ не ўсе заснулі. І адзін двухногі самец нацэліўся шпурнуць у Босіка бутэлькай. Аднак самка або, як называлі іх людзі між сабой, “дзевушка”, “жэншчына”, “баба”, спыніла:
– Ты што, забыўся, прыдурак?! Зараз жа Год Сабакі... Не бі псіну, а то шчасця не будзе...
Босік быў разумны сабачка. Таму адразу засвоіў, што спалучэнне людскіх слоў “Год Сабакі” азначае, што цябе не паб’юць і, можа, нават дазволяць паласавацца смачным. Але чуў ён гэтыя словы рэдка. У асноўным, калі да яго новых гаспадароў прыязджалі госці на перасоўных жалезных будках – машынах. Стаяла лета, і госці наведваліся часта. Прыязджалі і самцы, і самкі, і іх дзеці. Частавалі Босіка кілбасой, мясцам, белым хлебам і ўсё прыгаварвалі:
– Еж, Босік, зараз жа Год Сабакі, твой год...
Потым задажджыла. Госці перасталі прыязджаць. Ад самца-гаспадара кожны дзень непрыемна пахла. Часам ён нават запаўзаў у двор на чатырох кропках, апіраючыся на рукі і калені, і ў гэты час станавіўся падобным на сабаку. Тады самка-гаспадыня крычала на яго і валакла ў будку-хату.
А ў адзін дзень раптам панаехалі госці, толькі чамусьці ніхто з іх не звяртаў увагі на Босіка. Калі сабачка між ног людзей праціснуўся ў іх жытло, то ўбачыў, што гаспадар нерухома ляжыць у нейкай скрынцы. Потым гаспадара завезлі на ўскраіну вёскі і закапалі там у зямлю сярод каменных і драўляных штуковін.
Босік пабег на луг да каня і доўга гаўкаў ля яго, спрабуючы на сабачай мове расказаць што здарылася з гаспадаром. Конь не адыходзіў, як звычайна, у бок ад назолы-сябра, а толькі ківаў галавой, ці то адганяючы мух, ці на згоду з аповядам Босіка.
А праз кароткі час і конь некуды знік. Людзі казалі: “Прадалі”. Босік не ведаў гэтага слова, і таму для яго яно азначала ўсё роўна, што “закапалі”.
Пасля таго як закапалі ў зямлю гаспадара, як прапаў конь, пра Босіка быццам усе забыліся. Есці нічога не давалі, дружыць яму не было з кім. Сабачка пачаў бегаць па нешматлікіх дварах вёскі ў пошуках харча. Паспрабаваў курыныя яйкі – і яны надта спадабаліся. Толькі пасля гэтага да гаспадыні пачалі прыходзіць самкі “жэншчыны” і “бабы” і нешта патрабаваць, паказваючы на Босіка. Гаспадыня тут жа пасадзіла сабачку на ланцуг, чаго раней не здаралася.
Босік пакрыўдзіўся. Два дні ляжаў пад хлеўчуком нерухома, нават не браў хлеб, што кідала яму гаспадыня. Крыўдзіўся і за ланцуг, і за тое, што прадалі сябра-каня, і за адсутнасць сваёй будкі. Яе замяняў прыхілены наўскасяк да сцяны хлеўчука дашчаны шчыт. Крыўдзіўся на звяглівых людскіх самак, бо гэта ж былі не іх яйкі, а курыныя.
Неяк прыехалі госці на перасоўнай будцы-машыне і назусім забралі з сабой гаспадыню. Босік застаўся адзін на ланцугу. Праўда, госці зрэдзь прыязджалі, давалі яму хлеба і нейкай мяшанкі, потым зноў ад’язджалі. Пра Год Сабакі чамусьці не ўспаміналі. Часам прыходзіла чужая самка -“баба”, давала Босіку абы якога харчу і знікала.
Калі прыціснулі першыя замаразкі, Босік у пошуках цёплага прытулку паспрабаваў пераскочыць праз загародку, каб трапіць у прыадчыненыя дзверы хлеўчука. Але ланцуг быў кароткі, і сабачка павіс на ім. Перахапіла дых, у вачах памутнела, цела перастала адчуваць холад – і Босік, драпаючы ўсімі чатырма лапамі па дошках, ледзьве змог перакуліцца назад.
Замаразкі сталі паўтарацца ўсё часцей, госці не прыязджалі, самка – “баба” не прыходзіла. Босіку страшэнна хацелася есці, і ён нават пачаў грызці дошкі.
Аднойчы надзвычай сцюдзёнай ноччу Босік успомніў як цёпла яму стала, калі надоечы павіс на ланцугу. Хоць і дых занімала, і ў галаве моташна, але ж затое адступіў холад. І Босік адважыўся паўтарыць. Скочыў цераз загародку, павіс на ланцугу. Перахапіла дых, памутнела ў вачах, аднак разам з тым адчуванне холаду паступова гублялася... І Босік не памкнуўся драпаць лапамі па загародцы. Праз некалькі хвілін яму ўжо сталі абыякавымі і людская няўвага, і холад, і голад, і ўласнае жыццё...
Да канца Года Сабакі заставалася два месяцы.
Свидетельство о публикации №114021906325