Апошни жолуд
Потым паціху, рыпаючы рассохлымі за лета дзвярамі сенцаў, падаваўся ў хату.Там на цвіку, убітым прама ў сцяну, чакала старога цёплая, на заказ пашытая, ватоўка. Дзед, гэтак жа нетаропка, як і рухаўся, апранаў адзежыну, браў з кутка ля грубкі ёмкі шурпаты кіёк і гукаў бадзёрым голасам нявестцы Надзеі:
– Дык я пайшоў! Чуеш, Надзейка?.. У лес...
– Ладна, тата, ідзіце... Толькі не баўцеся там доўга. А то потым нямаведама што думаецца...
“Вартая ў майго малодшага, Андрэя, жонка, – добразычліва думаў стары, выходзячы за брамку. – Што слова, што справы добрай для іншых не шкадуе...” І быццам суцешаны сынавай удачай, дзед выпрамляўся і прыбаўляў крок, шыбуючы па сцежцы, якая ад прысядзібнага ўчастка выходзіла да зялёнай шчаціны азімага палетка і бегла далей у лес.
Вось ужо каторы год, калі багацейка-восень спавівала павуціннем ваколіцы, былога лесніка Васіля Аўдзеевіча Якубоўскага ў сонечныя дні бабінага лета нястрымна цягнула ў лес. Не, ён не браў з сабой кошык пад грыбы або сцізорык, каб надраць лыка для адмысловых кузаўкоў, якія ўмеў майстраваць. Адзіным спадарожнікам старога лесніка быў лёгкі берасклетавы кіёк. Берасклет звычайна расце кустом і вельмі цяжка знайсці здатнае на справу дрэўца. Праўда, калісьці леснікі нарыхтоўвалі карэнні берасклету, з якіх потым нешта выціскалі ў хімічнай прамысловасці. Вось тады і натрапіў дзед Васіль на прамы берасклетавы стволік. Потым, калі ногі перасталі слухацца, успомніў пра дрэўца і зладзіў з яго кіёк. А зараз не разлучаўся пры паходах у лес са сваім “сябрам”, як жартам называў кіёк.
Па прытаптанай грыбнікамі сцежцы дзед уваходзіў у лес і праз паўсотні метраў збочваў на другую, значна вузейшую і ўскапычаную дзікамі. Сляды дзікоў вялі да палянкі, на якой мо тры, мо чатыры сотні гадаў назад усталяваўся дуб-волат. Ва ўраджайныя гады жалудоў на ім было процьма. Восенню яны абсыпаліся, і тады сюды прыходзілі паласавацца дзікі.
Дуб быў такі стары, што дзед Васіль, пражыўшы семдзесят восем гадоў, не памятаў дрэва іншым, чым зараз. Нібы і не рос больш дуб, а толькі набіраўся ўнутранай моцы. Ці можа, старэў непрыкметна?.. Бадай, хутчэй – апошняе. І сведка таму – таўшчэзны, без кары, сухі сук, што недарэчна тырчэў у вышыні з цела дуба.
Распранутае восенню і ветрам голле не стварала пад дубам ценю. Стары ляснік садзіўся ля дрэва з паўднёвага боку на мяккую падушку апалага лісця, прыхіляў да ствала кіёк і, хаваючы вочы ад сонца пад густымі навіслымі брывамі, падстаўляў твар пад ласкавыя, не пякучыя, як летам, промні і акунаўся ў сціплае жыццё познеасенняга лесу. У гэтую пару тут не было камароў, іншых дакучлівых казюлек, а паветра поўнілася ледзь гаркавым водарам апалай лістоты. Бязгучна зляталі з дуба запозненыя лісты, гойдаючыся, як кінутыя ў вір медзякі. Ціхутка шапацелі аголеным веццем бярозы на ўскрайку палянкі, і ўжо ў іх вершалінах добра было відно неўгамонных сарок, гэткіх жа чорна-белых, як і ствалы лясных прыгажунь.
І гэты прыціхлы лес, і вячысты дуб, на якім кожная маршчынка знаёма, і крышталёвая сінеча неба, што бывае толькі восенню ў бабіна лета, – усё гэта станавілася да болю блізкім і зразумелым старому лесніку. Гэта былі яго лес, яго неба, яго жыццё... І свая восень-старасць пагуляла ў валасах дзеда Васіля, прымусіла іх апасці, як лісце з дрэў. Толькі і засталося крыху на патыліцы.
І без таго нізкае сонца апускалася яшчэ ніжэй, чапляючыся за вершаліны дрэў. Дзед Васіль, абапіраючыся на кіёк, падымаўся з зямлі, акідваў позіркам вакол, кранаў, быццам развітваючыся, парэпаную кару дуба рукой, набіраў у кішэню жалудоў і кіраваўся дадому. З жалудоў унукі потым рабілі пацеркі, нанізваючы іх на нітку.
...Але аднойчы Надзея дарэмна чакала з раніцы ад свёкра звыклага: “Дык я пайшоў”. Дзед Васіль паснедаў нібы нехаця і зноў прылёг на свой ложак, хоць сонца шчодра рассыпала жоўтыя зайчыкі на падлозе і сценах. Надзея з нецярпеннем паглядала на гадзіннік – пазнілася на работу, але свёкар чамусьці не збіраўся, як звычайна, у лес. Стары заўважыў нецярпенне нявесткі, сеў у ложку і, усміхаючыся, прамовіў:
– Ты не турбуйся, Надзейка, ідзі куды трэба... Штосьці не хочацца мне сёння ў лес, не праводзь...
Надзея хуценька сабралася і заспяшалася на ферму, дзе працавала загадчыцай. А вечарам, выціраючы нечаканую слязу, сказала Андрэю:
– Захварэў, відаць, бацька. Сёння ў лес не хадзіў, а гэта ж для яго, як вады папіць...
Андрэй супакоіў жонку – ці мала што ў старога чалавека... Узрост як-ніяк. Аднак і самому стала неяк трывожна: гэта ж нечувана, каб бацька ў такі сонечны дзень прапусціў паход у лес.
Недзе праз тыдзень зноў надарыўся яркі сонечны дзень. Дзеду Васілю нібыта лягчэй стала. Ён выходзіў у двор, паглядаў у сіняе неба, жмурыўся ад сонца. Быў якраз выхадны і стары ляснік папрасіў сына:
– Можа б схадзілі ў лес разам?.. Да дуба...
Андрэй вельмі ўзрадаваўся. Павесялела і Надзея, якая апошнія дні, гледзячы на свёкра, што амаль не ўставаў з ложка, хадзіла па хаце, як у ваду апушчаная. Дапамаглі старому апрануцца і ён, адной рукой прытрымліваючыся за сына, другой апіраючыся на берасклетавы кіёк, рушыў у лес.
Ля дуба прабылі з паўгадзіны. Дрэва стаяла без адзінага ліста, шэрае і тужлівае. Стары ляснік правёў па яго кары далонню, клапатліва паглядзеў уверх на сухі сук і сказаў:
– Спілаваць бы... – паказаў кійком на сук. – А то псуе дрэва...
Потым махнуў рукой – вышыня, дзе там дастанеш.
Дзед Васіль памёр неўзабаве пасля свайго апошняга паходу ў лес. Памёр у хмарны дзень, калі на небе не было сонца, а толькі сыпалася адтуль дробная мокрая імжа. Не парадавала восень на развітанне старога лесніка. Надзея завіхалася ля газавай пліты, рыхтуючы мужу і дзецям абед. Андрэй пісаў нешта на стале ў пуцёўцы. Праз акно было бачна як гойсалі па кузаву бацькавай машыны сын Васілёк і дачка Танечка, не зважаючы на імжу. Не так часта бацька пад”язджаў на машыне пад самую хату.
– Сынок, Андрэйка, – ціха паклікаў дзед Васіль.
Андрэй занепакоіўся, кінуў пісаць. Адвярнулася ад пліты і Надзея.
– Дзеці, чуваць, разгуляліся, – сказаў дзед Васіль. – Гэта добра... Дзеці як тыя жалуды, з якіх дубкі вырастуць...
Стары ляснік раптам сутаргава ўздыхнуў і заціх. Расціснуўся яго кулак, што ляжаў паверх коўдры, і Андрэй убачыў на бацькавай далоні жолуд. Напэўна, апошні жолуд, прынесены ад дуба, калі хадзіў туды разам з сынам.
Плакала, схаваўшы твар у рукі, Надзея. Нерухома, як скамянеўшы, стаяў Андрэй, не зводзячы позірка з жолуда на бацькавай далоні. А за акном нечага смяяліся і крычалі дзеці, звонка-звонка, нібы там стаяў сонечны дзень...
Некалькі год прайшло як пахавалі дзеда Васіля. І на магіле старога лесніка расце, набіраецца моцы дубок з таго самага, апошняга жолуда, пасаджанага сынам і ўнукамі.
Свидетельство о публикации №114021906306