Самая вяликая каштоунасць

Гэты мост праз раку сядзеў у пячонках мясцовых начальнікаў і жыхароў навакольных вёсак. У свой час яго пабудавалі прахадзімцы балот, як звалі ў народзе меліяратараў, па прынцыпу “цяп-ляп” у парадку шэфскай дапамогі мясцоваму сельгаскааператыву, які ў той час яшчэ быў калгасам. Гэта каштавала намнога танней, чым “забіць” такі аб’ект у план. Тады б толькі адна праектная дакументацыя ачысціла б калгасную касу на год наперад.
Мост быў, але ездзіць праз яго можна было толькі пасля спаду веснавой паводкі, бо вада кацілася паверх бетонных пліт. А ўвесну, у час паводкі, якраз самы разгар палявых работ. Таму даводзілася трактарыстам і шафёрам даваць кругаля кіламетраў пятнаццаць, а то і больш, каб дабрацца на дальнія ўгоддзі.
Праўда, знаходзіліся адчаюгі, якія прамавалі праз мост, абмываючы колы хуткай плынню. Вядома, рызыка, затое эканомія дарагога паліва і часу, ды і вадзіцельскай, даруйце, задніцы. Бо трэсціся лішнія ледзьве не два дзесяткі кіламетраў туды, а потым адтуль – не надта прыемна. Гэта не на “фардах” па трасах ганяць і не бананамі гандляваць.
 У той дзень рызыкнуў і малады трактарыст сельгаскааператыва “Крок наперад” Пашка Еўцюхоў. Крыху заспаўся пасля вячэрне-начных гульбішчаў, а брыгадзір – звер. Мала таго, што за спазненне прэміяльных пазбавіць, дык можа і шлангам цераз спіну перацягнуць. Старой загартоўкі чалавек. Вось і спяшаўся Пашка.
Да злашчаснага маста цераз поплаў цягнулася грэбля, задзірванеўшая па адхонах і таму трывалая супраць вады. Хуткая плынь, выціснутая грэбляй, тугімі струменямі рвалася цераз мост, уздымаючы шапкі пены. Пашка прыцэліўся праз шкло кабіны трактара Т-150 і пакаціў на мост. І, ці пралічыўся, ці асабліва моцны струмень ударыў па колах, – Пашка адчуў, што трактар зносіць убок і ён вось-вось нырне з маста. Раздумваць не было калі – як апантаны скокнуў з кабіны на мост. Вада ударыла пад калені, але ўстаяў і высокімі скачкамі панёсся на грэблю.
Калі адбег і азірнуўся, то каля маста ніжэй па цячэнню тырчэў з вады толькі кончык выхлапной трубы трактара.
– Вот жа гадства! Во не шанцуе! Хацеў як лепш, а атрымалася як заўсёды... Даказвай цяпер свае добрыя намеры... Гэта ж пакуль паводка не спадзе, дудкі трактар адтуль выцягнеш, – Пашка ў роспачы таптаўся па грэблі, не ведаючы, што рабіць. – Як жа адбрахацца?.. У парашок жа мяне сатруць...
Але хочаш-не хочаш, а трэба вяртацца на цэнтральную сядзібу. Тры кіламетры Пашка адолеў пехам недзе за паўгадзіны. Галоўны інжынер Валодзя Скрыган угледзеў Еўцюхова і адразу накінуўся:
– Ты чаго тут круцішся?! Ты ж на дальніх палях даўно павінен быць?
– А я туды і ехаў... Ды разумееш, Вова, такая справа...
– Тамбоўскі воўк табе Вова! – абурыўся інжынер. – Ты, Еўцюхоў, яшчэ адкажаш за гэта!
– А што, пра гэта ўжо ведаюць? – спытаў Пашка.
– Пра што пра гэта? – не зразумеў інжынер. – Што ты аматар вільнуць?
– Ды не, я трактар з маста ўтапіў.
– Што?!.. – прасіпеў перахопленым голасам інжынер. – Дзе ўтапіў? Як?
– Ды хацеў як лепш... Праз мост хутчэй на тыя дальнія палі трапіш, а трактар – коўзь, і ў раку. Ледзьве сам паспеў выскачыць.
– Ды каб ты сам замест трактара... – роспачна пачаў інжынер.
– А вось гэта не трэба! – паківаў пальцам Пашка. – Чалавек у нашай дзяржаве – самая вялікая каштоўнасць. Гэта ў Канстытуцыі запісана.
– Ой-ёй-ёй... – як ад зубнога болю скрывіўся інжынер. – Гэта ж чалавек, а не ты.
– Я на цябе ў суд падам. За прыніжэнне маёй чалавечай годнасці, – прыгразіў Пашка інжынеру.
Той ад такога нахабства аж занямеў.
Потым, хапаючы паветра ротам, як выкінутая на бераг рыба, пабег да тэлефона паведаміць пра няшчасце старшыні сельгаскааператыва. Старшыня прыімчаў на УАЗіку хвілін праз дзесяць. Кіраўнік быў аж белы ад злосці.
– Пакажыце мне таго асталопа! – загукаў старшыня. – Я яго прымушу ў раку ныраць і трос ад лябёдкі да трактара чапляць!
Пашка вывернуўся з-за вугла майстэрні і адазваўся:
– Тут я, Пятровіч...
– А-а, ты тут!.. Зараз жа пагонім туды кран з лябёдкай, будзем трактар выцягваць. А ты – за вадалаза...
– Не, Пятровіч, нічога не атрымаецца. У мяне няма вадалазнай практыкі і спецыяльнага касцюма. Прастудзіцца магу і памерці. А чалавек у нашай дзяржаве – самая вялікая каштоўнасць. У Канстытуцыі не запісана, што дзеля нейкай кучы жалеза, якая завецца трактарам, можна рызыкаваць жыццём...
– Канстытуцыю ўспомніў?!.. Я табе зараз пакажу Канстытуцыю! – старшыня сціснуў кулакі.
– Стоп, стоп, Пятровіч! – папярэдзіў Пашка. – Ты на Канстытуцыю не замахвайся, яна ўсенародна прынятая...
– Ох, божа ж ты мой, – аж застагнаў старшыня, – хто ж гэтага ёлупня на маю галаву паслаў...
– Ніхто не пасылаў, мяне маці нарадзіла, – спакойна канстатаваў Пашка. – Я – чалавек, я – найвялікшая каштоўнасць... У мяне правы...
– Правы? – перапытаў старшыня. – А абавязкі? У цябе што, абавязкаў няма?
– Пра абавязкі, магчыма, у іншым раздзеле Канстытуцыі напісана. А я чытаў толькі да другога артыкула, дзе пра каштоўнасць чалавека сказана... Палічыў, што далей і не трэба.
– А што там сказана, у другім артыкуле? – праявіў раптам дапытлівасць старшыня, ушчэнт разгублены небывалым нахабствам тракатарыста.
– Калі ласка, Пятровіч, магу працытаваць. Я гэтыя радкі як веруючы “Ойча наш” вывучыў, – і Пашка пачаў: –  “Артыкул два. Чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю грамадства і дзяржавы”. Канец цытаты. Вось так, Пятровіч, найвышэйшая каштоўнасць... А вы мне пра трактар...
– Слухай, Еўцюхоў, ці ты ўжо здурэў, ці толькі збіраешся?.. Трактар жа за табой замацаваны. Ты за яго адказваеш юрыдычна... А ён зараз на дне ракі. А нам яшчэ семсот гектараў сеяць...
– Пасеем, – супакоіў старшыню Пашка. – Шэфы дапамогуць, ім у горадзе есці трэба, а хлеб на асфальце не расце і каровы не пасвяцца. Вада спадзе – і трактар дастанем. Ён там нават цалей будзе... Ну, прыцягнем мы яго зараз, паставім на мехдвары сушыцца, дык пакуль сохнуць будзе, яго на запчасткі расцягнуць... А пад ваду хто палезе? Трактар там як у Хрыста за пазухай...
Галоўны інжынер, які ўвесь час стаяў моўчкі збоч старшыні, раптам загаварыў:
– А што, Пятровіч, можа, гэты прахіндзей і мае рацыю? Пара зараз гарачая, кожны чалавек на ўліку, трактарам з-пад вады некаму будзе займацца. І пакуль ён прасохне, пакуль усё па дэтальцы праверым, пакуль рухавік запусцім – разукамплектуюць, як піць даць, разукамплектуюць... Запчасткі ж да Т-150 на вагу золата. Вальней стане – трактарам і зоймемся, нікуды ён з вады не дзенецца. А пакуль націснем, на каго трэба, маўляў, няшчасны выпадак, дапамажыце тэхнікай... Дапамогуць, а то ім жа і нагарыць... Свой жа трактар потым на ўборцы кармоў згадзіцца. А то даб’ем яго за вясну...
Старшыня некалькі разоў перавёў позірк то на інжынера, то на Пашку, потым цяжка прамовіў:
– Ну, хлопцы, напэўна, і я  з глузду з’ехаў... Няхай будзе па-вашаму...
– Во! – радасна выгукнуў Пашка. – Што і трэба было даказаць! Чалавек у нас – самая вялікая каштоўнасць...


Рецензии