Водар липы
Аўтар.
Шафёр-“дальнабойшчык” Васіль Духаў і яго напарнік Калюня Гутырчык некалькі год працавалі у аўтакалоне фермера Маркіна, які наладзіў свой бізнес у невялікім райцэнтры.
Яшчэ той фермер… Для апраўдання рэгістрацыйных дакументаў ён спрабаваў заняцца і гадоўляй свіней, і вырошчваннем грэчкі, і яшчэ нечым засяваў мясцовыя навакольныя палі. Але што да гэтага шафёрам? Для іх важнай была аўтакалона, і менавіта яе дзейнасць больш за ўсё цікавіла “дальнабойшчыкаў”. Будуць рэйсы – будзе і заробак.
На самой справе і для фермера зусім не свінні, а бізнес на транспартных перавозках з’яўляўся галоўным. Да таго ж дапаўняўся ён і дамовай з Мінскім аўтамабільным заводам на пастаўку туды тармазных сістэм расійскай вытворчасці. Мясцовыя ўлады і розныя кантралюючыя канторы глядзелі на сутнасць дзейнасці фермера скрозь пальцы. Падумаеш, нейкія там афіцыйныя цыдулькі парушыў. Ды іх напладзілі столькі, што сам чорт нагу зломіць. Затое Маркін плаціў у бюджэт раёна салідныя падаткі, не адмаўляў і ў спонсарскай дапамозе для правядзення грамадскіх марапрыемстваў, і гэта пераважвала ўсе магчымыя прыдзіркі до бізнесмена.
Фермер-фермерам, толькі ж, прынамсі ў аўтакалоне, запраўляла ўсімі справамі яго жонка Марына, якая мела вышэйшую эканамічную адукацыю. Менавіта яна арганізоўвала заказы на перавозкі, падтрымлівала сувязь з кліентамі па інтэрнэту, кантралявала разлікі. І, трэба сказаць, надрэнна з гэтым спраўлялася. “Дальнабойшчыкі” Маркіна калясілі не толькі па Расіі з яе неагляднымі прасторамі, але і па цеснай ад гарадоў і людзей Заходняй Еўропе.
Праўда, поспехі фермера ці, дакладней, яго жонкі ў перавозках, не вельмі адбіваліся на дабрабыце шафёраў. Не, вядома, яны зараблялі куды больш, чым у дзяржаўных аўтапрадпрыемствах. Але давалася гэта цяжка. Наймальнік ці, зноў жа, яго жонка, былі з той кагорты “новых беларусаў”, якія наравілі нажыцца не толькі за кошт сваёй разваротлівасці, але і за кошт работнікаў. Камандзіровачныя ў валюце выдавалі ў абрэз, прыдзіраліся за кожны дзень пратэрміноўкі дастаўкі грузаў, кантралявалі кожны літр аўтамабільнага паліва.
Толькі ж і ў “дальнабойшчыкаў” меліся свае хітрасці. Напрыклад, калі ездзіш па розных рэгіёнах Расіі ці па краінах Еўропы, то можна выгадаць валюту на абменных курсах пры запраўцы бензінам ці саляркай. А яшчэ эканомілі і на валютных “сутачных”, гатуючы сабе ежу паходным спосабам на партатыўнай газавай гарэлцы “чмель”.
І Васіль Духаў, і Калюня Гутырчык, і іх калегі мелі цьмянае ўяўленне аб тонкасцях міжнароднай эканомікі, хоць і нямала паматаліся па “Шэнгенскай зоне”. Тым не менш, набліжэнне глабальнага фінансава-эканамічнага крызісу пачалі адчуваць на сабе яшчэ тады, калі пра гэту з’яву нават асобныя прафесары і палітыкі толькі здагадваліся.
Ад фермера Маркіна чамусьці сталі “адвальвацца” кліенты. Хоць яны тлумачылі гэта недахопам сродкаў, і сам фермер, і яго адукаваная жонка лічылі, што справу псуюць канкурэнты. Занадта шмат іх развялося, і “шнуруюць” па Еўропе не на МАЗах і КамАЗах, а на “МАНах”, “Мерсэдэсах”, “Івека”, “Вольва”, іншых камфортных фурах. Канешне, МАЗы апошніх мадэляў не намнога саступалі грузавым іншамаркам, толькі ж, калі няма заказаў, то і шыкоўны “Мерсэдэс” не прывабіць “дальнабойшчыка”, які пры вартым заробку гатовы і ў МАЗе пацярпець.
Карацей кажучы, звольніліся ад фермера Васіль Духаў і Калюня Гутырчык. І паскорыла звальненне прапанова знаёмых “дальнабойшчыкаў”, якія працавалі ў нейкай літоўскай фірме. Літва, як вядома, ўваходзіць у Еўрасаюз, мае нейкія льготы на тэрыторыі гэтага дзяржаўнага ўтварэння, таму і з кліентамі там лягчэй. Канешне, напарнікі пэўны час вагаліся, перш чым прыняць рашэнне. Усё-такі, замежжа, адрыў ад сям’і… Але потым сталі разважаць: а колькі яны тую сям’ю бачылі, калі працавалі і ў Маркіна? Тыдзень у месяц? Усё ў рэйсах і ў рэйсах… Ды і дзеці, дзве дачкі ў Васіля, і сын у Калюні, – самастойныя ўжо людзі, знайшлі ў жыцці сваё месца. Што губляць “дальнабойшчыкам” – жонак? Дык яны ўжо ў такім узросце, калі нікуды не дзенуцца. Тым больш, што “дальнабойшчык” усё-такі не марак дальняга плавання, які паўгода, а то і год на родны бераг не сыходзіць, не-не ды наведаецца дамоў пры спадарожным рэйсе.
І падаліся мужыкі на заробкі ў замежжа. Атрымалі від на жыццё, пасяліліся ў пакойчыках нейкага інтэрната – гэта забяспечыла адпаведная служба фірмы. Ну, і вядома, селі за руль дваццацітонных “Вольва” – халадзільных фур-рэфрыжэратараў. “Рафаў”, як іх коратка называлі для зручнасці вымаўлення. Як неўзабаве высветлілася, аўтафірма з’яўлялася сумесным расійска-літоўскім прадпрыемствам, кантрольны пакет акцый якой належыў нейкаму маскоўскаму алігарху.
І пачалася для Васіля Духава і Калюні Гутырчыка звыклая справа. Толькі яны ўжо не былі напарнікамі – такая форма работы не ўласціва для замежных фірм. На аўтамабілі ўстаноўлены прыборы, які праз касмічны спадарожнік кантралююць і маршрут, і адхіленні ад яго, і рабочы час шафёра, і колькі і дзе ён адпачывае. А калі парушыў рэжым руху – заплаціш ладны штраф. Словам, умеюць на Захадзе выціснуць з чалавека сокі. Праўда, і ўмовы для работы ствараюць камфортныя, не тое, што “новыя беларусы”.
Умовы-умовамі, але нашы мужыкі і там умудраліся эканоміць на валютных “сутачных”. Найбольш выгадна было купляць харчовыя паўфабрыкаты ў вакуумнай упакоўцы ў Польшчы, дзе яны каштавалі танна і мелі тэрмін годнасці 10 сутак. Ну, і зноў жа, выручаў газавы “чмель”. Адпачывалі, ці, можна сказаць, жылі ў кабіне аўтамабіля, дзе мелася спальнае месца.
Так працаваў Васіль Духаў амаль год, і спачатку на новым месцы ўсё было цікава, зноў-жа, у Еўропе было што паглядзець з вакна кабіны. Праўда, і ў Расію ездзілі за грузам і з грузам, у асноўным за рыбай, вазілі туды фрукты з заходне-еўрапейскіх портаў, з Італіі, Партугаліі ці Іспаніі. Але паступова гэтае матанне стала надакучваць Васілю. Нядрэнны заробак – гэта добра, аднак Васіль па характару быў чалавекам, які доўга не можа ў адрыве ад родных мясцін. Няхай гэта камусьці пакажацца сентыментальным, але часам нясцерпна хацелася пахадзіць па лесе, пазбіраць грыбоў, ягад, паслухаць птушак, павудзіць рыбу ў рэчцы. А ў Еўропе, хоць бы і ў той жа Літве, усё куплена-перакуплена, паўсюдна натыкаешся на таблічкі з надпісам на тамашніх мовах: “Уваход забаронены. Прыватная ўласнасць”.
Потым яму і ў інтэрнаце, і ў кабіне аўтамабіля ў час адпачынку стала сніцца родная вёска сярод лесу над рэчкай. Стаў сніцца бацька, які ў белай свежай кашулі, чыста паголены, даглядае ў садку, абсаджаным ліпамі, пчол. Паветра напоўнена густым водарам залацістага ліпавага мёду з рамак, што дастае бацька з вулля. І побач круціцца ён, Васіль, яшчэ маленькі хлопчык… І што дзіўна – калі Васіль прачынаўся, то ліпавы водар яшчэ нейкі час нібы напаўняў навакольнае паветра.
Аднойчы Васіль ішоў рэйсам з Мурманска – вёз дарагую рыбу ў Іспанію. Адборны палтус і сёмга з Паўночнага мора былі замарожаны ў ледзяныя кубы, па тры тушкі ў рад, ды так, каб не датыкаліся адна адной. І рыба, і ўпакоўка – люба-дорага, не тое, што камерсанты прывозяць хоць бы і ў Беларусь – дробную і змёрзлую ў глыбы, з якіх потым тушкі дробяцца на кавалкі.
На запраўцы ў Польшчы нечакана сустрэўся з Калюням Гутырчыкам, які вёз у Маскву апельсіны і мандарыны з Іспаніі. Павіталіся, абмяняліся прадуктамі – шафёрам дазвалялася некалькі дзесяткаў кілаграмаў спажыць для ўласных патрэб за лік так званых транспартных страт. Селі ў кабіне фуры Калюні крыху падсілкавацца, пагутарыць. Калюня ўключыў радыё, злавіў рускамоўны канал. Якраз перадавалі музыку, і Міхаіл Шуфуцінскі пеў:”Пусть тебе приснится Пальма-де-Майорка…»
Васіль, запіваючы “хот-дог” кока-колай, заўважыў:
– Ведаеш, Калюня, вось гэты барадаты тып пра нейкую пальму пяе, каб яна прыснілася, а мне апошнім часам кожную ноч ліпы сняцца… І мы з бацькам на пасецы…
– Яно так, яно так, – падтакнуў Калюня, – і мне іншым разам хочацца кінуць к чортавай мацеры гэтае жыццё на колах, ды яшчэ ў чужых краінах... Але да пенсіі далекавата…
– Дарэчы, а дзе гэтая пальма… з Маёркай распалагаюцца? – кіўнуў Васіль галавой у бок радыёрыёмніка.
– Дзе-дзе… У Іспаніі… Пальма-дэ-Маёрка – гэта горад на востраве Маёрка, я там насупраць на мацерыку ў порце Валенсіі цытрусавымі загружаўся… Дарэчы, а ты, Васіль, куды канкрэтна едзеш?
– У Барселону.
--А… Ціавы горад… гэта ж адтуль знакамітая футбольная каманда, у якой некалі наш Саша Глеб гуляў…
– Горад цікавы… Але, ведаеш, Калюня, так мне часам хочацца на радзіму… Вярнуцца, як Саша Глеб… Хоць бы туды, дзе я пачынаў кар’еру міжнароднага перавозчыка… Паспрачацца з Марынай Маркінай наконт камандзіровачных… Прайсціся вольна па наваколлі, не натыкаючыся на забараняльныя таблічкі… Словам, адчуць сябе дома…
– Ладна, не маркоцься, – паляпаў Калюня сябра па плячы, – усё калі-небудзь заканчваецца… Вернешся у рэшце рэшт назаўсёды…
– Пара заканачваць і наш пікнік, – сказаў Васіль, – а то мне за спазненне яшчэ штраф улепяць…
Праз двое сутак, перасекшы Польшчу, Аўстрыю, Чэхію і Францыю, Васіль Духаў уехаў у Іспанію. Добра дагледжаная аўтамагістраль прасталася амаль паралельна чыгунцы непадалёк ад берага Сяродземнага мора. Краявід – сугуба паўднёвы: пальмы і кіпарысы ўсцяж дарогі, воддаль – мандарынавыя садкі. Ад мяжы з Францыяй да Барселоны і дзве сотні кіламетраў не набярэцца. Таму Васіль спадзяваўся ўкласціся ў графік руху, хоць давядзецца яшчэ і пакружыць у горадзе, шукаючы склады фірмы, дзе ён павінен разгрузіцца.
І тут у краявід паміж пальмаў упісаліся высокія кучаравыя дрэвы, што здаля нагадвалі ліпы. Васіль спыніў на абочыне фуру, вылез з кабіны, угледзеўся – сапраўды гэта былі ліпы! Яны нібы лёгкім жоўта-зялёным вэлюмам былі пакрыты суквеццямі. Васіль не тое што прайшоў, прабег два дзесяткі метраў па траве, дакрануўся да шурпатага ствала такога знаёмага, такога роднага дрэва, потым сарваў з нізка навіслай галінкі жменю суквеццяў, паднёс да твару. У нос ударыў тонкі саладкаваты водар, які вось ужо ці не месяц праследваў яго ў сне.
Азірнуўшыся навакол – ці няма дзе таблічкі “Прыватная ўласнасць” – Васіль адламаў галінку ліпы, густа ўсеяную суквеццямі, і вярнуўся ў кабіну фуры. Галінку паклаў пад лабавое шкло, і хутка кабіна напоўнілася прыемным водарам. І Васіль у атачэнні гэтага водару адчуў сябе не ў Іспаніі, а дома. Наступнай ноччу, якую ён правёў у кабіне на тэрыторыі складоў гандлёвай фірмы, яму ўжо не сніліся ні бацька, ні пасека сярод ліпавых прысад – галінка пад лабавым шклом стала нібы вястунняй з Беларусі, і наталіла яго тугу па родных мясцінах.
Свидетельство о публикации №114021906271