Чалавек дажджу
Калі б гэта здарылася ў часы Бацькі ўсіх народаў таварыша Сталіна, то Шынны, можа б, і захваляваўся, бо не кожны, каго выклікалі ў раён, вяртаўся адтуль дамоў. Як гаворыцца, быў бы ча-лавек, а артыкул знаходзілі, каб выканаць план па ворагах народа.
Але зараз не той час – адліга. Не, не ў тым сэнсе, што пацяплела надвор’е і снег пачаў раставаць, а палітычная адліга. Тая самая, якую потым назавуць Хрушчоўскай. Жвавей пачалі языкі ў народа варушыцца, нават, часам, нешта смелае маглі заявіць. Накшталт: а чаму гэта ў сельмаг кілбасу вараную не прывозяць, а толькі ў рай-цэнтры можна купіць, і то рэдка?
Праўда, завядзёнка ў раённых партыйных босаў, ды ці толькі ў іх, засталася старая: прыбудзьце, таварыш “ікс” ці “ігрэк” ва ўстаноўлены тэрмін, а прычыну мы тут растлумачым. Прыемна, відаць, начальству, каб падначаленых ад невядомасці дрыжыкі прабіралі, каб ведалі сваё месца. А то вельмі ўжо ім адлігі захаце-лася.
Шыннага прымаў другі сакратар райкама кампартыі Міхаіл Гарашкоў. Гэта тады такая “нумарацыя” была: першы, другі, трэці... Нават анекдот партыйны існаваў. Выклікае першы сакратар загад-чыка аддзела, а ў кабінеце ўжо другі сакратар сядзіць. Першы і пы-тае ў загадчыка: ”Трэцім будзеш?” Той абрадаваўся – трэцім сакра-таром прапануюць стаць! Ну, вядома, згаджаецца: “Буду, буду!” “Ну, то бяжы за бутэлькай”.
Як гаворыцца, у людзі Гарашкоў выбіўся з чыстага пралетарыя-ту, з калгасных шафёраў. За тое, што не адмаўляўся выступаць на партыйных сходах, дзе прамоўцы “з народу” заўсёды былі ў дэфіцыце, накіравалі яго ў абласную партшколу, адтуль – вызваленым сакратаром пярвічнай партыйнай арганізацыі саўгаса. Вось жа і назва была ў пасады – вызвалены. Ад чаго вызвалены – ад працы? Хаця яно так і было, бо займаўся такі чалавек толькі партыйнымі справамі. Потым узялі інструктарам райкома партыі. Працуючы на гэтай пасадзе, Гарашкоў завочна закончыў Вышэйшую партыйную школу, прасунуўся па службовай лесвіцы на пасаду загадчыка аддзела райкама, а затым – і другога сакратара. Што называецца, трапіў у струмень. А таму лічыў сябе неймаверным талентам, з людзьмі заўсёды гаварыў грубавата і напорыста, не церпячы ніякіх пярэчанняў.
– Ну, што, Васіль, куды ты там глядзіш? – рубануў без уступленняў Гарашкоў, звяртаючыся да Шыннага. – У цябе там, у сельсавеце, нейкі мракабес народ муціць, а ты спіш у шапку... Сталіна на вас няма...
– Вы што маеце на ўвазе, Міхаіл Ягоравіч? – няўцямна спытаў Шынны. – Калі наконт штундыстаў, дык я іх тройчы ўласнаручна разганяў, аж з вокнаў скакалі... І крыніцу, быццам бы святую, што вяскоўцы прыдумалі, мы бульдозерам загарнулі...
– Бульдозерам гэта ты можаш... Асабліва, калі трактарыста для гэтага аж з калоніі прывозілі, бо вашы мясцовыя – ні ў якую... Распусцілі народ... А ты вось скажы, калі спыніш цемрашальскую дзейнасць гэтага самага... Як яго?.. – Гарашкоў зірнуў у паперку на стале. – Ага, вось, Антона Бойкі? Ты ведаеш, Васіль, што на яго на-ват святар з адзінай на тры раёны царквы скардзіцца. Маўляў, не-законна займаецца адпраўленнем рэлігійных абрадаў гэты Бойка, хаця яго ніхто ў сан не ўзводзіў...
– Ды ну! – здзівіўся Шынны. – Вось гэта сапраўды адліга – папы ў райкам скардзяцца... Во дажылі...
– Я табе пакажу адлігу! – выгукнуў Гарашкоў. – Ты мне з гэтым цемрашалам разбярыся... І ўвогуле, хто ён такі? Я ў вас у раёне нядаўна, дык раскажы.
І Шынны пачаў расказваць...
Антон Бойка з сям’ёй, жонкай Марусяй і маленькай дачкой, прыехаў у Беларусь, а дакладней, у вёску Завадзь, яшчэ задоўга да вайны з Гітлерам. На Украіне неўраджай здарыўся – засуха пры-пякла. Ну, і ўлады ў сялянскіх свірнах пашуравалі, апраўдваючы гэта недахопам хлеба ў гарадах. А тут яшчэ ў калгасы пачалі зга-няць, і народ доўга ламаў галаву: як працаваць на “нічыйным” полі? Ці ад цямна да цямна, як на сваім, ці толькі для выгляду? А пакуль думалі, есці не стала чаго. Словам, адно да аднаго... Ну, і раз’язджацца-разбягацца сталі хахлы па прасторах Савецкага Саюза.
У Беларусь іх тады шмат наехала. У нас тут ні прырода, ні аг-рарная рэформа, ні ўлада не так моцна ўдарылі па людзях. Ды і бульбу з пограбаў ніхто не выграбаў, не папулярная яна была ў гарадскім меню. Да таго ж у лясах і рэках можна было здабыць такі-сякі харч. А Украіна што: большая частка яе тады – стэп, голы, як бубен.
Але і ў Беларусі не манна з неба падала. У калгасе не грашамі, а такой дзіўнай адзінкай разлічваліся як працадзень. На працадзень у канцы года выдавалі долю з калектыўнага ўраджаю. У астатнім – жыві як хочаш. Антон Бойка і прыдумаў: паколькі цэркваў тады днём з агнём трэба было шукаць, суцэльны атэізм прапаведаваўся, то мудры хахол па-свойму скарыстаў прывезеныя з сабой Евангеллі. Хоць і атэізм быў вакол, а ў народзе ўсё роўна стойка трымалася цяга да праваслаўнай веры, што ўкаранялася стагоддзямі. Вось і прыкінуўся Бойка, што на радзіме святаром служыў. А рэлігійную тэрміналогію з Евангелляў вывучыў. Так і стаў у Завадзі і навакольных вёсках гэткім няштатным папом. Вядома, за службу сваю тое-сёе ад людзей меў, бо яны ж разумелі цяжкасці прыезджага чалавека, якога бяда сагнала з Бацькаўшчыны.
Незадоўга перад вайной у Бойкі нарадзіліся яшчэ дачка і сын, турбот па ўтрыманню сям’і дабавілася, таму сваё рэлігійнае хобі ён не кінуў. А паколькі на фронт яго не ўзялі па прычыне хваробы сэрца, то і ў час акупацыі ён нёс людзям Боскае слова, пад-трымліваючы ў іх веру ў перамогу над ворагам. Пасля вайны жыццё таксама было не маліна, і веданне Евангелляў вельмі прыгадзілася Бойку.
– ...Але яшчэ больш Бойка не як знаўца святых кніг праславіўся, а як чалавек, які ўмее кіраваць надвор’ем, – працягваў аповяд Шынны.
– Што, што?! – Гарашкоў. – Як гэта – кіраваць надвор’ем?.. Гэта-га нават партыя пакуль не можа... Пакуль... Ты мне, Васіль, заба-боны не распаўсюджвай!
– Якія забабоны, Міхаіл Ягоравіч! Гэта сапраўды так... Чэснае партыйнае.
– Ды ну?..
– Няхай мне вымова з занясеннем ў асабістую картку, калі маню. У нас у раёне ўсе пра гэта ведаюць. Толькі вось вы... Яно і зразу-мела – нядаўна ў нас...
Гарашкоў памаўчаў крыху, не ведаючы, верыць ці не верыць старшыні Савета, потым прамовіў:
– Увядзі ў курс справы.
– Ну, калі занадта пячэ ўсухую летам, то Бойка Хрэсны ход арганізуе, барану з бабамі па водмелі рачной пацягаюць – і праз паўсутак дождж пачынаецца. А калі з неба вельмі лье, то зноў Хрэсны ход наладзіць, праз водмель з тымі ж бабамі палотны са-матканыя перакінуць – і глядзіш, неўзабаве дождж перастае... І так ужо шмат год. Яго, Бойку, так і празвалі ў Замосці – “Чалавек дажд-жу”.
– Дык, можа, ён прагноз па радыё чуе? – выказаў меркаванне Гарашкоў.
– Які прагноз?! – запярэчыў Шынны. – У Завадзі праваднога радыё няма. Электрычнасць з калгаснай ГЭС толькі вечарам і раніцай. На ўсю вёску – адзіны батарэйны радыёпрыёмнік у настаўніка пачатковай школы. А ў Бойкі з настаўнікам кантакту няма, яны антаганісты.
– Хто, хто? – не зразумеў Гарашкоў.
– Ну, супрацьлегласці. Адзін атэіст, другі веруючы.
– А-а...
– Ды чуў я аднойчы той прагноз надвор’я, – працягваў Шынны. – Балбатня адна... У маштабе рэспублікі, і то неяк прыблізна...
Сакратар райкама задуменна паглядзеў на старшыню Савета, потым рашуча сказаў:
– Руціна тут у вас, коснасць... Прыцярпеліся... Адліга вам, ці ба-чыш, да спадобы... Ну, вось што, Васіль, даю табе двое сутак тэрміну, каб разабраўся з гэтым ведзьмаком... Я матэрыяліст і ў цуды не веру. А калі не разбярэшся, то і з партыі вытуру, і з пасады зляціш!
Назаўтра Шынны, чорны, як хмара, скіраваў сваю конную пралёт-ку з цэнтральнай вёскі Глушакі, дзе размяшчаўся сельскі Савет, у Завадзь. Хочаш не хочаш, а з Бойкам трэба было пагаварыць. Хаця Шынны і сам не ведаў, з якога боку падступіцца. Законаў жа хахол ніякіх не парушаў. Дзяржаўных, прынамсі. Ну а партыйныя законы, дык гэта яшчэ тое... У іх сам чорт галаву зломіць. А Шыннаму, як члену партыі і галаве сельскай улады, давядзецца адказваць менавіта па партыйных законах.
Старшыня сельскага Савета ў той час на вёсцы аўтарытэт быў, старшыні калгасаў і ўсялякія мясцовыя начальнічкі “пад ім” хадзілі, а не ён “пад імі”. Таму Антон Бойка сустрэў галаву сельскай улады з павагай, але і з насцярожанасцю: чаго трэба?
– Пагаварыць прыехаў, Антон Багданавіч, – растлумачыў Шын-ны. – Вось быў у райкаме ў другога сакратара, то даў ён мне дару-чэнне.
– Оцэ, можа, у партыю ўступіць мне прапануеш, Васылько Васыльевіч?
– Ох, не жартуй так, Антон Багданавіч... Мы ж з табой больш дзесятка гадоў знаёмы...
– Оцэ, ладна, звіняй... Але што ж цябе да мяне прыгнала?
Шынны расказаў аб сваім візіце да Гарашкова і аб яго пагрозе. Калі яна ажыццявіцца, то гэта ж воўчы білет – нават вартаўніком былога старшыню нікуды не прымуць. А як сям’ю карміць?
– Адкрый ты мне тайну дажджу, Антон Багданавіч... Няўжо і праўда Бог цябе чуе?.. Калі ён ёсць.
– Оцэ, і задаў ты мне задачу, Васылько Васыльевіч... Спачуваю табе і спадзяюся, што хоць сакратар ваш і гарлапан, але не самы вялікі дурань... Самыя вялікія дурні да пасады сакратара райкама не дабіраюцца, на ніжэйшых прыступках застраюць... Хадзем, Ва-сылько Васыльевіч, у хату, я табе штосьці пакажу.
Яны зайшлі ў сціплую хатку Бойкі, якая складалася з двух цесных пакойчыкаў. У куце вісеў абраз у рушніках. Шынны нават падумаў, што зараз Бойка пакажа на абраз і скажа, што ён цудатворны і з дапамогай яго можна выклікаць або спыняць дождж. Але гаспадар адхіліў невялічкую фіранку на сценцы і дастаў з-пад яе чорную круглую скрыначку са шкалой, на якой бачна была танюсенькая серабрыстая стрэлачка, і растлумачыў:
– Вось ён, мой вядзьмак, анероід... Барометр, значыць... Я па ім і вызначаю, калі атмасферны ціск падае або падымаецца.. А гэта звязана з пераменай надвор’я...
– Так проста! – выгукнуў Шынны. – Дык жа барометр і ў школе ёсць.
– Оцэ, бачыў я той прыбор, – махнуў рукой Бойка. – Яго вучні, пэўна, у першы ж дзень, калі прывезлі ў школу, сапсавалі. А гэты мне марак-пляменнік яшчэ да вайны прывёз з-за мяжы. Вельмі ад-чувальны і дакладны. Вось я на яго паглядваю і ведаю, калі Хрэсны ход прызначаць і водмель баранаваць...
– Ну, Антон Багданавіч, ты і выдумшчык! Няўжо нельга людзям пра барометр прама сказаць?
– Нельга, Васылько Васыльевіч! Людзі цуда прагнуць. Цуд – ён, як паплавок, трымае, ён жыццё цікавым робіць… Дае надзею, што цуд у рэшце рэшт можа здарыцца ў лёсе кожнага чалавека. А зна-чыць, жыццё не дарэмна дадзена Богам...
– Ну, і што мне другому сакратару райкама казаць? – роспачна спытаў Шынны.
– Оцэ, тое і скажы, што я табе... Яму што трэба – матэрыяльнае тлумачэнне. Вось ты аб барометры і раскажы. А я Хрэсны ход усё роўна арганізоўваць буду, і водмель баранаваць, і палотны праз яе перакідваць...
– Гэта як жа? – здзівіўся старшыня Савета.
– Оцэ, так... Паспрабаваў я пару разоў дождж па барометру прадказаць, сам сабе, вядома, без Хрэснага хода – не выйшла... А калі барометр і Хрэсны ход з вадзяным рытуалам – атрымліваецца... Так што, не ўсё проста...
Шынны ад’ехаў у Глушакі ў разгубленым стане. Вядома, Гараш-кову пра барометр ён раскажа. А вось як адрэагуе другі сакратар райкама – невядома. Застаецца толькі спадзявацца на думку муд-рага хахла Бойкі, што сакратар не самы вялікі дурань, і здолее ўбачыць карыснае ў дзеяннях няштатнага папа. Няважна як робіцца дождж, важна, каб ён ішоў у патрэбны момант.
Свидетельство о публикации №114021906252