Дэпрэсия

На двары імжэў дождж. Тонкі вадзяны посып застраваў на шурпатай паверхні шыфернага даху, паціху скочваўся па схілу – і на хвалістым краі страхі збіраліся буйныя кроплі. Не вытрымаўшы ўласнага цяжару, яны зрываліся ўніз, білі круглыя ямінкі ў пясчанай прызбе або глуха бумкалі аб бляшаны казырок падаконніка.
Калі бляшанка за акном бумкала асабліва гучна, Раман міжволі ўздрыгваў, рука ад гэтага траціла цвёрдасць і літара з-пад шарыкавай ручкі выскоквала крывая. Раман Савоська зараз пенсіянер, а да гэтага доўгі час працаваў назіральнікам на гідраметэралагічным пасту. Работа хоць і не багатая на грошы, але затое багатая на вольны час. Ну што там: замерыў два разы ў суткі тэмпературу вады і хуткасць плыні на рэчцы, вызначыў аб’ём ападкаў, калі такія былі – і гуляй хлопец... А то маглі і жонка з кім- небудзь са старэйшых дзяцей падмяніць. Словам, была магчымасць зарабіць  і адыходным промыслам.
Вёска, дзе жыў Савоська, невялікая. Знаходзілася ў ёй толькі ферма, дзе трымалі з сотню цялят. Да цэнтра калгаса, а потым, як рэфармавалі, – сельгаскааператыва, 8 кіламетраў. Тым не менш, усе, хто асталяваўся тут жыць, працавалі ці ў полі, ці на фермах, ці на мехдвары. І пры гэтым турбаваліся агульнымі інтарэсамі. А Савоська заставаўся неяк у баку, нібы кватарант у родным паселішчы. Вось гэтая празмерная колькасць вольнага часу, гэтая адасобленасць сапсавалі характар Рамана Савоські. Стаў ён пастаянным скаржнікам. Усё здавалася яму, што так і наравяць вяскоўцы, каб пацягнуць з агульнага “катла”. Можа, і таму так думаў, што самаму пажывіцца на рабоце не было чым – не будзеш жа красці ваду з рэчкі ці снег з поля.
Вось і сёння пісаў Савоська чарговую заяву ў міліцыю. На суседку Ганну, якая самавольна ўзяла дзве ношкі саломы з кааператыўнай сцірты. Вядома, ён не ўдакладняў, што салома гэта ўсё роўна сапрэе нікому не патрэбная. Але – няруш абшчэственнае дабро! Хай лепш змарнуецца.
Савоська толькі пачаў раскручваць сюжэт заявы, калі ў двары зацокалі чыесьці абцасы па бетоннай дарожцы, зарыпелі дзверы ў сенцах, нехта затупаў, відаць, абтрасаючы гразь з ботаў, потым адчыніліся дзверы ў хату – і парог пераступіла постаць у брызентавым дажджавіку з каптуром. І хоць твара ў цяні каптура не было бачна, па манеры рухацца, па дажджавіку, адзіным такім у вёсцы, Савоська адразу пазнаў брыгадзіра  Фёдара Салодкага.
Салодкаму мала чаго заставалася да пенсійнага рубяжа. Вельмі даўно ён закончыў сельскагаспадарчы тэхнікум і надта ганарыўся гэтым.  А яшчэ лічыў, што закапаў у гэтай вёсачцы свой талент вучонага земляроба, што і сельгасакадэмія яму была пад сілу. Каб не закахаўся ў Вольгу і не нарадзіла яна потым яму дзве двойні і яшчэ адно дзіця. А  паставіць на ногі трое дзевак і двое хлопцаў –  ох як шмат трэба працаваць. І маці, і бацьку.Так што акадэмія так і засталася нязбыўнай марай.
Недасягнуты акадэмічны дыплом нібы муляў Салодкаму. Пры ўсякім зручным выпадку ён распачынаў вучоныя размовы аб тым як можна падняць мясцовую сельскую гаспадарку на вышыню развітых краін. Але ніхто надта не слухаў Салодкага ні пры сацыялізме, ні пры капіталізме. Пры сацыялізме думалі ў асноўным аб тым, як дагадзіць вышэйшаму начальству, пры капіталізме – як здабыць грошы на зарплату для людзей, салярку для трактараў і мінеральныя ўгнаенні для палёў. Тэарэтычныя вышукі Фёдара Салодкага ў гэтыя клопаты не ўпісваліся. Не было яму з кім пагаварыць-пакумекаць.
– Здароў быў, Раман Савельевіч, – адкінуўшы капюшон, прывітаўся Салодкі.
– Здароў, калі не жартуеш, – адказаў Савоська, хуценька хаваючы аркуш заявы пад газеты, што ляжалі на стале.
– Дык як жыццё, Савельевіч? – працягваў размову Салодкі, перамінаючыся з нагі на нагу ля дзвярэй. Кроплі вады капалі з ягонага дажджавіка на палавічок.
–  Нічога, мадзею паціху, – адказаў Савоська, а ў думках пранеслася: ”І чаго прыпёрся ў такую непагадзь?” – Здымай сваю брызентуху, Фёдар, праходзь сюды.
Брыгадзір зняў дажджавік, пачапіў на ласіны рог, прымацаваны побач з вушаком дзвярэй, шоргнуў падэшвамі ботаў аб палавічок і па саматканай паласатай дарожцы прайшоў да стала, прымасціўся на табурэтку.
– Палітыкай на пенсіі захапляешся, Савельевіч? – кіўнуў брыгадзір на стос газет.
– Ай,  якая палітыка... Так, ад нечага рабіць зазірнеш. Для палітыкі вунь тэлевізар... – Савоська згроб газеты са стала разам з незакончанай заявай і падалей ад граха закінуў на верх шафы.
– Не-е, газеты чытаць трэба, – працягнуў Салодкі, – там, бывае,  і карыснае пішуць.
– Пішуць, пішуць, – падтакнуў Савоська, а сам падумаў зноў: “Дык чаго цябе прынесла?.. Не пра газеты ж расказваць...”
Не чакаючы дадатковых пытанняў ад гаспадара хаты брыгадзір пачаў сам:
– Тут такая справа, Савельевіч... Забубённасць мясцовая во дзе ў мяне, – паляпаў далонню па патыліцы. – Заімшэлы народ, адны былыя троечнікі ды двоечнікі... Пагаварыць няма з кім. Ты ім пра вывучэнне зямлі з космасу, а яны – як бы на гэтую зямлю пабольш гною вывезці... Ты вазі, але ж не забывай, што пад небам жывеш... Дзеці нашы, думаеш, чаму з вёскі ўцякаюць?.. Ім пагаварыць няма з кім. У школе пра кампьютары і розныя там высокія тэхналогіі, а дамоў прыдзе – вілы ў рукі і шуруй пуню ад гною чысціць... Вось табе і ўвесь кампьютар... Эх, мне б тады ў акадэмію... А то закапаўся ў зямлі...
– Думаеш, калі ты туды не трапіў, дык акадэмія пуставала, – не прамінуў падкалупнуць Савоська.
Брыгадзір не пакрыўдзіўся:
– Так, не пуставала. А колькі там нашых мясцовых? Раз, два – і аблічыўся... Добра, што хоць зараз спахапіліся, больш на тутэйшых спадзяюцца, розныя там курсы падрыхтоўчыя паадкрывалі...
Салодкі замаўчаў, потым працягваў:
– Нешта мы ўбок ад тэмы адышлі... Я вось чаго да цябе зайшоў, Савельевіч, – зрабі ты міласць, напішы на мяне скаргу. І каб аж самаму прэзідэнту.
Савоська даўно чакаў, калі нарэшце брыгадзір скажа аб сапраўднай мэце свайго візіту, але, каб такое!
– Ты з глузду з’ехаў, Фёдар?! – выгукнуў Савоська.
– Не, я на глузд уз’ехаў... І не прыкідвайся ты, Савельевіч, цяляткам. Ведаю – даўно скаргі строчыш. Але шкоды ад іх людзям – як ад камарынага ўкусу. Таму і церпяць цябе... Ды яшчэ – глядзіш, па тваіх пісульках свежы чалавек у кантору або вёску прыязджае, ёсць з кім пагаманіць... Усё ж разнастайнасць у нашай будзённасці.
Савоська ачуняў ад першага спалоху і злосна сказаў:
– Дык узяў бы і напісаў на сябе ананімку або пад чужым прозвішчам. Тады б і нагаманіўся з правяраючым.
– Не-е, браце, тут кваліфікацыя трэба, хватка... Як у цябе. А то выкінуць пісьмо – і памінай як звалі.
– А навошта табе менавіта да прэзідэнта трэба?
– Прэзідэнт – гэта ого!.. Ёсць у мяне сякія-такія дзяржаўныя думкі, якімі б хацеў з ім падзяліцца...
– Так прэзідэнт і паедзе дзеля тваіх думак у нашу глухамань, – засумняваўся Савоська.
– Сам, можа, і не паедзе, а талковага чалавека прышле. Вось я з ім і пагаманю.
– Ну, то калі ты такі разумны, Фёдар, напішы лепш у газету. Надрукуюць... Там зараз любяць пісьмы з народа друкаваць.
– У газету, кажаш?.. Што газета – папера, з ёй ні пагаварыць, ні па вуліцы прайсціся, ні пачаставацца разам... Хаця правяраючыя таксама розныя бываюць. Вось адзін, яшчэ пры Савецкім Сюзе, прыязджаў у наш калгас. І на кожным кроку: я з міністэрства, я з міністэрства...   Ну, мяне і зачапіла. Што такога, кажу, калі ты з міністэрства. Гэта што – дасягненне? Вось я, Фёдар Салодкі, тут, у гэтым месцы нарадзіўся, тут увесь час бязвылазна жыву... Вось гэта дасягненне... А ніхто з вас, міністэрскіх, тут і тыдня не стрываў бы... Пражыць усё жыццё ў адным месцы – гэта такое дасягненне, што ой-ёй-ёй...
Савоська перабіў брыгадзіра:
– Вось узяў бы, Фёдар, і напісаў свае вучоныя прапановы ў міністэрства...  А то скаргу –  прэзідэнту.
– Не, Савельевіч, у міністэрстве, можа, такія яшчэ засталіся, як той, што тады да нас прыязджаў. Ён на пісьмо маё рэзалюцыю накладзе: “Не ўяўляе практычнай каштоўнасці” – і ў папачку падшые. І як запярэчыш, калі ты за сотні кіламетраў. А наконт скаргаў у нас зараз строга. Ды яшчэ, калі ты павастрэй напішаш, маўляў, такі-сякі, карупцыянер, хабар бярэ і ўсё такое... Абавязкова чалавека талковага прышлюць. Бо бесталковага карупцыянер вакол пальца абвядзе... Вось мы тады і пагаворым...
Савоська крактануў і сказаў:
– Слухаю я, Фёдар, твае байкі –  і хочацца мне цябе паслаць...
–  У якім сэнсе?
– Пакуль што дамоў ...
– Гэта ты, дрэмна, Савельевіч... Я ўсё-такі на цябе спадзяюся...
Ды ты не стаў свой подпіс, напішы “Сумленны чалавек”. Усё роўна прыедуць, бо хабар – гэта ж крымінал... Па такіх справах і ананімкі разглядаюць...
    – Ідзі ўжо, ідзі, Фёдар, не выдумляй, не даводзь да лаянкі, – выпраўляў Савоська нязванага госця.
    – Дык ты ўсё ж падумай, Савельевіч, – з надзеяй у голасе сказаў брыгадзір ужо ад парога, накідваючы на сябе шаматкі дажджавік.
   Ляпнулі дзверы хаты, потым сенцаў, зацокалі абцасы па дарожцы –  і стала ціха. Толькі бумкалі кроплі аб бляшанку падаконніка.
   Савоська з буркатаннем: “Вось жа нанесла халера дзівака... Што толькі не ўлезе чалавеку ў галаву ў дажджлівае надвор”е... Як там кажуць у тэлевізары?.. Ага, во – дэпрэсія...” – зняў з шафы газеты, выцягнуў з-пад іх недапісаны аркуш, расправіў на стале, узяў ручку, ямчэй улдкаваўся на табурэтцы і пачаў выводзіць словы аб тым, што акрамя саломы Ганна ўкрала і кошык буракоў з фермы. А гэта ўжо не проста крадзёж, а парушэнне балансу рацыёну жывёлы па цукру. Тут справа сур’ёзней, чым  дзве ношкі саломы...


Рецензии