Тры вишни

Вішні ў гэтым годзе цвілі як у апошні раз. Нібы пеністыя вадапады абрынуліся на вясковыя садкі. Увогуле паўднёвых дрэўцаў тут было не так і шмат. Асабліва ж выдзяляліся тры кучмастыя ў цёткі Няволіхі. Звалі яе Аксінняй, але мела яна звычку ў размове паўтараць прыслоўе “эх, воля-няволя”, быццам інстынктыўна адчуваючы філасофскі закон адзінства і барацьбы супрацьлегласцей. Воля і няволя – яны заўсёды побач, толькі з якога боку глядзець... Вось і празвалі Аксінню Няволіхай.
Аксіння была родам з Украіны, там пазнаёмілася са сваім будучым мужам Аляксандрам, адтуль ён і прывёз яе ў Беларусь, чарговы раз з’ездзіўшы на заробкі.
Спачатку ладком жылі. Пасадзіла Аксіння тры маленькія вішнёвыя сцяблінкі, што прывезла ад бацькоўскай хаты. Працавала ў мясцовым калгасе, даглядала дрэўцы, чакала мужа дамоў доўгімі вечарамі. Той уладкаваўся лесніком і часцяком затрымліваўся: то за дровамі кліенты не ў час прыедуць, то за страявым лесам, то нейкаму начальству паляванне арганізоўвае...
Нарадзіўся ў Аксінні сын, Васільком назвалі. Гадавала сына, на дрэўцы паглядала і казала:
– Расці, Васілько, цягніся да сонейка, як твая вішанька сярод гэтых трох...
Муж таксама быў рады сыну, але бачыў яго мала. Усё работа, ды работа... А потым стала заўважаць Аксіння, што часцей і часцей пачаў заглядваць Аляксандр у чарку. Не раз прывозілі яго з лесу п’яным, кідалі пад плот нібы бервяно. Зімой зацягвала Аксіння мужа ў хату, а летам дык іншы раз і начаваў пад плотам. Бо з году ў год адно і тое ўжо надакучыла...
Сынок Васілько падрастаў, паспяваў за вішнямі. У школе стаў вучыцца. Бацька, бывала, браў яго з сабой у лес – а можа, спадабаецца леснікоўская прафесія, можа, вывучыцца, у ляснічыя выйдзе, а не будзе, як бацька, валачыцца з бензапілой.
Толькі стала заўважаць Аксіння, што муж, відаць, і сыну дазваляў выпіўку.Часам Васіль прыязджаў з лесу расчырванелы, з мокрымі вачыма, пазбягаў блізка падыходзіць да маці.
– Сашка, ты ж глядзі, Васілька да гарэлкі не прывучы, – прасіла Аксіння.
– Ды што я, – паціскаў плячамі муж, – прыязджаюць кліенты, частуюць. Кажуць: што за мужык, які гарэлкі не п’е.
– Ім што – чужое дзіця не шкада, – уздыхала Аксіння. – Эх, воля-няволя...
Потым перастала пускаць сына ў лес. Той крыўдзіўся на маці, бурчэў:
– За бацькам бы хоць прыгледзеў... Мала чаго ў лесе можа здарыцца...
І як накаркаў.
Аднойчы ў мароз і снег прыехалі кліенты за лесніком на ўсюдыходзе і павезлі на дзялянку, каб адмераў ім кубаметры. Васілько таксама прасіўся пакатацца, бо ніколі не ездзіў на такой машыне. Маці не пусціла. Чакала-чакала Аксіння мужа, але так і не дачакалася. А на двары маразюга – такія ў Беларусі зараз рэдка здараюцца.
– Эх, воля-няволя, – уздыхала Аксіння. – Куды чалавек падзяваўся? Няўжо ў суседняй вёсцы ў дружбака застраў?
А бывала такое з Аляксандрам.
Ды не ў гэты раз.
Назаўтра раніцай калгасны трактар прывёз на цялежцы замерзлага мужа Аксінні. Кліенты “падкінулі” яго да вёскі, але лішні раз не сталі круціцца па вузкіх заснежаных вуліцах. Яно так здараецца – зрабіў чалавек справу і ўжо быццам і не патрэбны.Таму і высадзілі лесніка на ваколіцы – сам дойдзе. А той, відаць, перабраў, зваліўся ў сумёт, заснуў –  і сканаў.
Моцна гаравала Аксіння. Хоць і выпівоха, але ж нейкі гаспадар у доме. І з дровамі спакойна, і мясцовае начальства ласкавей глядзіць. Ляснік, вядома, ёсць ляснік. Кожнае дрэва ў бары не палічыш...
Горш таго – сын, родная крывінка Васілько, стаў скоса паглядваць на маці. Напэўна, лічыў яе вінаватай у смерці бацькі , бо не пусціла яго з ім, а то б прыгледзеў і не здарылася бяды.
... А вішні цвілі.Быццам снег так і не зышоў з іх, а ператварыўся ў белую кіпень кветак. Гледзячы на буянне вясны, крыху стала адтаваць і сэрца Аксінні. Што ж – жывым жывое...
– Эх, воля-няволя, не апалі б толькі кветкі... Ужо і варэння нагатуем, – меркавала ўслых Аксіння.
Ах як дорага нам абыходзіцца не ў час сказанае слова!
Сын Васіль слухаў маці, але ніякай радасці не праяўляў. Не ўплывала на яго вясна. А тут яшчэ хутка экзамены ў школе... Бацьку  чатыры месяцы назад пахавалі, а маці – пра варэнне...
Адцвілі вішні, адышлі экзамены. Худа-бедна, Васіль школу закончыў. Ды нельга не закончыць. Бо такое ў нашай школе ўвогуле немагчыма. “Выцягвалі” ўсіх. “Жыццё памылкі выправіць”, – казалі мудрыя настаўнікі.
Ну, вядома, у школе намецілі выпускны вечар. Балем такое мерапрыемства ў вёсцы не называлі. Вечар – і ўсё...
Аксіння чакала сына з выпускнога да раніцы. Ужо чэрвеньскае сонца пачало варушыць туман над лугам, а Васіля ўсё не было. Стомленая, Аксіння заснула.
Разбудзіў яе нейкі шум. Падхапілася, прыслухалася. На двары гудзела бензапіла. Аксінні добра быў знаёмы гэты гук. “Няўжо Васілько наважыўся дровы дапілаваць?.. Эх, воля-няволя, во прыдумаў...”
Яна накінула халат, выйшла на ганак – і скамянела.
Яе сынок, яе Васілько, у белай кашулі нарысхраст пілаваў бацькавай бензапілой ужо другую вішню. Першая ляжала на зямлі з паламанымі, змятымі галінамі. Ружовыя яшчэ ягады вішань былі густа рассыпаны па доле, гойдаліся дзе-нідзе на ўцалелых галінках. Трэцяя вішня пакуль была цэла.
– Васілько! Васілько! Што ты робіш?! – закрычала Аксіння.
Сын не чуў яе за трэскам пілы.
Яна падбегла да яго, тарганула за плячо. Ён злосна азірнуўся. Адштурхнуў маці локцем і працягваў пілаваць. Гудзела піла, страшна грызла падатлівы ствол, жменямі кідала пахкае пілавінне...
Аксіння асунулася прама на росную мураву і здранцвела глядзела на сына. Яна зразумела, што ён п’яны. І вось у п’яным тумане ажыццяўляе нейкі, незразумелы ёй, намер.
Васіль спілаваў другую вішню. Яна з шумам рухнула на зямлю, сыпануўшы дажджом недаспелых ягад. Хлопец заглушыў пілу, сеў на ствол паваленай вішні. Цяжка зірнуў пачырванелымі вачыма на маці. Потым глуха, з перапынкамі загаварыў:
– Вось табе і ўсё варэнне... Са сваёй будзеш варыць... А вось гэта бацькава, – паказаў на перш зваленую вішню, – а гэта мая, – стукнуў далонню па ствале дрэва, на якім сядзеў.
Аксіння з натугай ўстала з зямлі і пабрыла ў хату. Сэрца шчымела, як тады, пасля недарэчнай смерці мужа. Яна раптам зразумела, што траціць і сына. А заўсёды ж хацелася як лепш... Эх, воля-няволя...
Яна выпіла карвалолу, падышла да акна. Сын сядзеў на ствале вішні, абхапіўшы галаву рукамі. Рэзка бялела яго кашуля на фоне зваленай зялёнай кроны.


Рецензии