Слоик малины
Толькі ж паводле статыстыкі і паводле Бога і лёсу мужчыны ў нас жывуць меней, чым жанчыны. Гадоў сем назад адышоў на неба, прынамсі, так думалася Лізавеце, і яе Леанід. Не сказаць, каб і хваравіты быў, а неяк раптам згас. Урачы казалі: сардэчная недастатковасць. Ды толькі якая там недастатковасць, наадварот, празмернасць – Леанід усё да сэрца прымаў, неабыякавы быў чалавек не толькі да сваіх родных, але і да чужога гора.
Вось і суседцы Таццяне часцяком дапамагаў. Не, не падумайце чаго дрэннага – па шчырасці душэўнай. То дах на хаце падрамантаваць, то плот зладзіць, то касу накляпаць. У Таццяны, ці бачыш, трое дзяцей, і ўсе дзеўкі. А што з дзевак возьмеш, яны, акрамя лыжкі і губной памады, нічога ў руках трымаць не ўмелі. А муж суседкі, Васіль, ездзіў-ездзіў за доўгім рублём то ў Расію, яшчэ пры Савецкім Саюзе, то ва Украіну, пэўна, і знайшоў недзе там новую жонку. І так, халера, затаіўся, што нават для выплаты аліментаў яго праз суд не знайшлі. Хаця, можа быць, і загінуў па дурасці ў чужых краях.
Павырасталі дзеўкі ў Таццяны, раз’ехаліся па вялікіх гарадах. І двое сыноў Лізаветы свае сем’і завялі: адзін – у Калінінградзе, другі ў Літве. Адтуль да маці не наездішся. Але пакуль хапала сіл, а ў вясковых жанчын іх хапае надо-о-ўга, Лізавета трымала і казу, і пару падсвінкаў, і курэй, і агарод сама даглядала: то каня папросіць, то рыдлёўкай, то матыкай.
Толькі ж любыя сілы ўрэшце рэшт прыгасаюць, а то і заканчваюцца зусім. Стала неўмагату і Лізавеце з хатняй гаспадаркай пеклавацца. Памаленьку збыла спачатку казу, потым адмовілася падсвінкаў гадаваць, і чародку курэй ледзьве не ўдвая зменшыла. А навошта, калі ўсё ў магазіне ёсць, і пенсія неблагая – зарабіла, працуючы аграномам у саўгасе. Куры вось хіба для бадзёрасці – усё ж не пустое падвор’е, а хоць нейкая гаспадарка. Не будзеш жа гаспадаркай лічыць ката Рудзіка.
Потым перадала Лізавета і большую частку свайго агарода, сотак шэсць-сем, суседцы Таццяне. Няхай карыстаецца – яна маладзейшая і сілы ёсць. Да таго ж і пенсія ў той невялікая, бо амаль заўсёды працавала паляводам. У народзе жартам называлі гэтую работу “старшы, куды пашлюць”. А так, глядзіш, з дадатковага агарода можна і нешта прадаць, каб мець лішнюю капейку.
Вядома, зямлі ў вёсцы хапала, і Таццяна магла ў любым месцы праз сельвыканкам яе атрымаць. Толькі ж для вясковага жыхара, тым больш для пажылой жанчыны, важна мець агарод пад бокам. У любую хвілінку з хаты выскачыў, нешта зрабіў, не трэба валачыцца ў другі канец вёскі. І ўраджай з агарода вазіць нікога не наймаць – у кошыку перанясеш.
Падвор’і суседак размяшчаліся побач, а паміж імі – агарод Лізаветы, на які глухой сцяной выходзіла хата Таццяны. Агарод ад падворка Лізаветы быў абнесены парканам, а ў ім – веснічкі. Першы год, як перадала агарод Таццяне, па старой звычцы часам заглядала туды праз веснічкі. Проста так, каб палюбавацца густым бульбянікам, лапушыстым гуркоўнікам, стрэлістымі кустамі цыбулі. Нічога з гэтага Лізавеце не трэба было, бо мела на задах падворья свой лапік зямлі з розным зяленівам.
Добрая зямля на агародзе, перададзеным Таццяне. Калісьці тут была ледзьве не балоцвіна, але клімат пачаў мяняцца, грунтавыя воды ўпалі ніжэй, і на агародзе застаўся тлусты чарназём. На ім усё перла ўверх, як на дражджах. Праз зіму, на другі год пасля перадачы агарода, як толькі забуялі на ім расліны, зноў захацелася Лізавеце палюбавацца імі. Кранула веснічкі – а яны ні з месца. Тарганула яшчэ – нічога. Прыгледзелася – і ўбачыла з боку агарода загнутыя іржавыя цвікі, якімі былі прыбіты веснічкі да апорных слупкоў.
“Што гэта з суседкай здарылася? Цвікамі ад мяне адасобілася, – разгублена падумала Таццяна. – Схаджу-ка да яе, спытаюся”. На пытанне Лізаветы аб цвіках суседка крыху сумелася, потым патлумачыла:
– Ды там слупок падгніў, вось я і замацавала веснічкі, а то паваляцца.
Тлумачэнне суседкі быццам і задаволіла Лізавету, але ўсё роўна нейкае сумненне ў думкі закралася.
У канцы ліпеня на ўскрайку агарода густы маліннік, пасаджаны летась суседкай, пакрыўся буйнымі ягадамі. Потым ягады зніклі. “Значыць,Таццяна сабрала іх, – падумала Лізавета. – А пайду-ка да яе, папрашу хоць слоік маліны”.
На просьбу аб маліне суседка неяк сумелася з адказам, потым патлумачыла:
– А я ўжо варэння наварыла і ў пограб слоікі апусціла.
Расчараваная адказам Лізавета, кіруючыся дамоў, выйшла ў сенцы і там па ходу заўважыла на табурэтцы пластмасавае вядзерца, прыкрытае газетай. Але газета лягла няроўна, і з-пад яе выглядвалі насыпаныя коптарам ягады маліны. Сэрца ў Лізаветы сціснулася, і не таму, што з малінай “праляцела”, а здзівіў і пакрыўдзіў учынак суседкі. Трэба ж так павярнуцца чалавеку: два гады за проста так карыстаецца чужым агародам, а слоіка маліны пашкадавала.
Дома крыўда ў Лізаветы разгаралася ўсё мацней, і яна рашыла забраць агарод назад. Назаўтра зноў пайшла да суседкі і прама з парога заявіла ёй:
– Усё, Таццяна, пажыла з майго агарода, і хопіць, адбіраю назад.
– Гэта як жа?! – усклікнула суседка. – Я ж столькі сіл у гэты агарод уклала… Ды і не твой ён ужо, у сельвыканкаме на мяне аформлены.
– Што?! – у сваю чаргу ўсклікнула Лізавета. – А маёй згоды спытаў хто, ці не?
– Ну, гэта не мая справа, старшыні сельвыканкама відней… Ён законы ведае, – адказала Таццяна.
Праз два дні, калі ў вёску прыйшоў рэйсавы аўтобус, Лізавета паехала ў сельвыканкам. І да яго старшыні, Тараса Галубкова, які ўжо гадоў пятнаццаць займаў крэсла галавы сельскай улады, нібыта прыкіпеў да яго, – з кароткімі гужамі:
– Хто табе, Тарас Іванавіч, дазволіў мой агарод на суседку перапісваць?
Старшыня, бачна, крыху разгубіўся, потым растлумачыў:
– Дык, Лізавета Сцяпанаўна, суседка ваша, Таццяна Мацакова, сказала, што ўсё дамоўлена, і вы не супраць…
– Што значыць “дамоўлена”? Ну, дазволіла ёй пакарыстацца, то не назусім жа, не для таго, каб мой агарод у мяне адабралі… Словам, як хочаш, Тарас Іванавіч, а зямлю мне вярні!
– Складаная гэта справа, Лізавета Сцяпанаўна, стос дакументаў трэба афармляць…
– Гэта твая праблема, старшыня, а зямля да наступнай вясны павінна быць маёй.
Як выкручваўся з сітуацыі старшыня сельвыканкама, гэта толькі яму вядома, відаць, паспрыяў пятнаццацігадовы ўладны вопыт, але наступнай вясной ужо Лізавета забіла цвікамі веснічкі, якія вялі з агарода на падвор’е суседкі.
Ну, а калі зямлю вярнула – не зарастаць жа ёй пустазеллем. Зноў пачаліся ў Лізаветы клопаты, пра якія за два гады забылася: то каня прасіць, то насення, то з рыдлёўкай ці матыкай гарбаціцца. Аднойчы пасля чарговага працоўнага дня, сеўшы на прыступку ганка, Лізавета раптам падумала: “І навошта мне ўсё гэта? Падумаеш, слоік маліны пашкадавала суседка… Ды гары ён гарам гэты слоік маліны! З-за яго цяпер ці не кожны дзень на гэтым агародзе ламаешся, таго і глядзі ў баразну сунешся… А што: можа, зноў прапанаваць агарод суседцы?... Не, не возьме, і ўся вёска з мяне будзе смяяцца. Давядзецца, відаць, гэту лямку цягнуць…”
Свидетельство о публикации №114021906166