Жменька семак
У пашпарце Аўгінні Дуброўскай яе імя было запісана як Яўгенія. Але неяк так склался ў мясцовым маўленні, што ледзь не з маленства яе сталі называць Аўгінняй. Зараз ёй ужо ладнага за 70, нават вайну з немцамі крыху памятае. Жыццё не сказаць, каб песціла, аднак і не горш, чым у многіх іншых. Працаваць у калгасе стала з падлеткавых гадоў, нават у свой час брыгадзірам была, нагледзячы на тое, што скончыла толькі 6 класаў. Выйшла замуж за майстра з леспрамгаса, дваіх сыноў нарадзіла. Тыя, як выраслі, ды пайшлі ў армію – так адтуль і не вярнуліся.
Не, не падумайце чаго дрэннага – проста не захацелі ў вёску, бо хоць і весела тады было там жыць, затое бедна. А вырвацца ў людзі няпроста, бо пашпартоў вяскоўцам тады не выдавалі. Хіба толькі паступяць куды вучыцца або ў тую ж армію забяруць. Праўда, мог і старшыня калгаса даведку напісаць, што, маўляў, адпускае. Толькі ж рэдка які старшыня рабіў гэта задарма… Прыгон, адным словам, хоць быццам бы яго і адмяніў цар яшчэ ў 1861 годзе. Прынамсі, так пісалі ў падручніках.
Вось і атрымалася, што адпрацавала Аўгіння ўсё сваё дарослае жыццё ў калгасе так званым паляводам, і далей райцэнтра нікуды не ездзіла. Нават да сыноў, бо жылі яны з сем’ямі далёка: адзін у расійскім Брацку, другі – у Казахстане, цаліну там падымаў. Сыны і ў часы Савецкага Саюза не часта наведваліся да бацькоў, а зараз, калі на білет шалёныя грошы трэба, дык толькі іншы раз патэлефануюць, справяцца, як здароўе, – і ўсё.
А здароўе – якое яно ў старога чалавека… Вунь вучоныя па тэлевізару кажуць, што старасць – гэта не этап чалавечага жыцця, а таксама хвароба. І ўсё шукаюць, як яе вылечыць. Выходзіць па іхняму, што, калі ты стары, то ўжо хворы, нават, калі ў цябе нічога не баліць. Але якое там не баліць… На сялянскай рабоце так наламалася, што ўсе косці ныюць… Аднак няхай сабе – нездарма ж ёсць такі жарт: калі вы раніцай прачнуліся і ў вас нічога не баліць, значыць, вы памерлі.
Паміраць Аўгіння не збіралася, таму зрэдку наведвалася ў раённую бальніцу. Вось і сёння рашыла нанесці чарговы візіт дактарам. Мужу Андрэю, вядома, таксама пенсіянеру не першы год, наказала, каб прыглядваў за хатняй гаспадаркай, не забыў свіней і курэй пакарміць, і падался на прыпынак. Дзякуй Богу, хоць два разы на тыдзень, але пасажырка, так старыя па прывычцы называлі аўтобус, заходзіла ў іхняю вёску рэгулярна. На прыпынку людзей было няшмат, чалавек 7: хто таксама ў бальніцу, хто ў гарадскі магазін, хто па іншых патрэбах…
Пакуль тая пасажырка, Аўгіння пачала лушчыць гарбузовыя семкі, якія прыхапіла з сабой. Бо чакаць у многіх месцах трэба: і на прыпынку, і ў аўтобуснай станцыі, і ў рэгістратуры паліклінікі, і на прыём да ўрача. А з семкамі час непрыкметна ляціць… Аўгіння не смецціла, не – яна адшчыпвала краі семак у працы загартаванымі, як жалеза, пазногцямі, зярнятка адпраўляла ў рот, а шалупінне – у кішэню курткі або кофты, каб потым вытрасці ў зручным месцы. Увогуле акуратнаць – гэта было ў характары Аўгінні, а таму і ў хаце ў яе заўсёды чыста, і на падвор’і таксама.
…У паліклініцы Аўгіння хвілін 20 адстаяла ў чарзе ў рэгістратуру, атрымала талончык і паднялася на другі паверх, дзе быў кабінет ўрача. Пад дзвярыма – таксама чарга. Нават на лаўкі людзі ў большасці не садзяцца. Аўгіння села, бо ногі не куплёныя, да таго ж якраз іх лячыць збіраецца. У чаканні пачала зноў паціху лушчыць семкі. Маладзіца, якая сядзела побач, спачатку скоса паглядвала на Аўгінню, але прыкмеціўшы, што жанчына абыходзіцца з семкамі акуратна, заўважыла:
– А вы ведаеце, што гарбузовыя семкі ад гельмінтаў дапамагаюць?
– Ад чаго, ад чаго? – не зразумела Аўгіння.
– Ад глістоў…
– Ды ну!.. Во не ведала… А я ж усё жыццё семкі ем… А наце і вам, – яна зчэрпнула з кішэні семак і працягнула жменьку маладзіцы.
Тая спачатку аднеквалася, але ўсё ж узяла і, загарнуўшы семкі ў папяровую кузеньку, паклала ў сумачку. Потым, імкнучыся хоць нечым аддзякаваць, сказала:
– Вы, я бачу, з вёскі. Дык чаго тут сядзіце – вяскоўцаў жа ў першую чаргу пускаюць, каб на аўтобус паспелі.
– Во як!.. Гэта добра, калі так, а то мне яшэ і ў банк трэба… З паўгода назад паклала на кніжку крыху грошай, дык пацікаўлюся, колькі працэнтаў нарасло…
Аўгіння паднялася з лаўкі і падалася бліжэй да дзвярэй урачэбнага кабінета. У чарзе забурчэлі:
– Куды лезеш, бабуля!? Мы першыя прыйшлі…
Маладзіца з лаўкі гучна прагаварыла:
– Прапусціце! Яна з вёскі, яшчэ на аўтобус спозніцца… Што ж ёй – у гасцініцы начаваць?..
На гэты раз народ у чарзе падабраўся свядомы, што рэдка бывае, – Аўгінню прапусцілі ўшчыльную да дзвярэй. І як толькі кабінет пакінуў пажылы мужчына, Аўгіння ўвайшла туды. У кабінеце стаялі два сталы насупраць, за адным сядзеў урач у белым халаце, за другім – медсястра.
– Сядайце, – паказаў урач на стул, – на што скардзіцеся?
І з гэтымі словамі, не чакаючы адказу, пачаў гартаць медкартку пацыенткі.
– Ды ногі нешта ў каленях сталі ламіць, каб лякарства якое…
– Так, так… – урач працягваў гартаць картку, затым звярнуўся чамусьці да медсястры: – Артрыт у бабулі… Не першы раз у нас, вось тут напісана…
Аўгіння палічыла, што пара звярнуць увагу і на яе, таму дастала з кішэні кофты жменьку семак і сыпанула іх на стол урачу, потым яшчэ жменьку – медсястры, прыгаворваючы:
– Во, частуйцеся, добрыя семкі… Кажуць ад глістоў ратуюць…
Медсястра чмыхнула:
– Хы! Якія семкі, бабуля? Вы што робіце?
Урач адарваўся ад карткі, засмяяўся.
– Ну, вы… – зірнуў у картку, – Яўгенія Пятроўна, арыгінал… Семкі… Ад глістоў… Ёсць, ёсць такое меркаванне… Канешне, ад артрыту семкі не ўратуюць… Мы вам прапішам што-небудзь больш дзейснае…
– Толькі, каб не надта дорага… А то ў мінулы раз напісалі рэцэптаў ледзьве на на паўпенсіі...
– Ладна, ладна, – заўсміхаўся ўрач, гартаючы нейкі даведнік, – ёсць тут нешта новае айчыннай вытворчасці… Адносна танна і лячэбны эфект неблагі…
І ці то жартам, ці то ўсур’ёз дадаў:
– Калі ўжо семкі… То як вы да нас, так і мы да вас…
У банк Аўгіння трапіла якраз пад абедзены перапынак. З уласнага вопыту ведала, што ў гэты момант ці ў якой канторы, ці ў сельмагу могуць і на дзверы паказаць, маўляў, трэба паперы падшыць ці касу падлічыць, ці яшчэ якое трасца ў бок… Таму адразу сыпанула на высокую стойку, з-за якой ледзь бачна была аператар за камп’ютарам, жменьку семак..
– Во, добрыя семкі, ядроныя…Частуйся дзетка… А то можа, калі дача ёсць, пасадзіш… Гарбузы па кабану вырастуць…
І столькі шчырасці было ў словах старой жанчыны, што аператар заўсміхалася, згарнула семкі са стойкі сабе на аркуш паперы, узнімаючы ў паветра бліскучыя лускавінкі.
– Дык што вы хочаце?
– Грошы крыху я паклала ў ваш банк… Хачу даведацца, колькі працэнтаў нарасло.
– Давайце пашпарт.
– Пашпарт?.. А я ж не ўзяла, думала, што так можна…
Аператар завагалася было, але зірнула на кліентку, на жменьку семак, што ляжалі на аркушы, уздыхнула і сказала:
– Ладна, гаварыце ваша прозвішча, імя, імя па бацьку, месца жыхарства… Паспрабую ў камп’ютары знайсці.
Аператар пашчоўкала клавіятурай і літаральна праз хвіліну назвала ўслых пашпартныя даныя Аўгінні, каб зверыцца. Потым растлумачыла, колькі працэнтаў налічана і якім чынам можна змяніць умовы ўклада на больш выгадныя. Толькі трэба прыехаць абавязкова з пашпартам.
З банка Аўгіння выйшла задаволеная, бо па гадзінніку ўстановы бачыла, што і на пасажырку не спозніцца. Машынальна палезла ў кішэню кофты за семкамі, але там было пуста. Аказваецца, усё раздадзена. Сама сабе падумала: “Вось семкі, простая рэч… А людзі да мяне вунь з якой спагадай павярнуліся…”
Свидетельство о публикации №114021906131