Яухимава гаць

               
ЯЎХІМАВА  ГАЦЬ
Вёска Сенская Завадзь, некалі шматлюдная,  да пачатку трэцяга тысячагоддзя зусім заняпала. Не прынёс ёй набыткаў доўгачаканы міленіум. Наадварот, чарнобыльская катастрофа адвучыла тут сяліцца моладзь. А мясцовы калгас дык разам з людзьмі зусім перавялі ў іншы раён, і цэнтральную  вёску Глушакі закапалі бульдозерамі ў ямы.
Аднак, паколькі вёсцы пашанцавала хоць у тым, што радыяцыйныя ападкі па нейкай невядомай прычыне абмінулі  бокам і яе, і ваколіцы, то ў дзесятак сцалелых двароў, дзе жылі старыя тубыльцы, летам прыязджалі дзеці і ўнукі, каб тыдзень-другі правесці , як яны казалі, на прыродзе.  Мясціны тут прыгожыя: ціхая рачулка побач з хатамі, блізкі лес з салаўямі, ягадамі і грыбамі, зарослы травамі па пояс луг, у якім вечарамі голасна рыпелі драчы.
    Аматараў рыбалкі прывабліва рэчка, дзе вадзіліся і кляшнястыя ракі. Праўда, рыба ў Сенцы драбнаватая і не багата яе. Ну, можа, калі ёмкі шчупак трапіцца, але гэта рэдка. Таму асабліва заядлыя кіравалі на віры Сожа, хоць да яго было кіламетраў 8 пехатой па лясной дарозе, дзе з-за валежын і балоцвін машынай нельга было праехаць. Але што мужыку адлегласць, калі ён сапраўдны рыбак…
Аднак быў да Сожа і бліжні шлях, праз Яўхімаву гаць. Калі ісці па гэтай сцежцы, дык кіламетры на тры карацей. Толькі не кожны рыбак выбіраў гэты шлях, бо мясціны там глухія, навакол балота. Урочышча называлася Стоўскі ручай, бо пад гаццю некалькі  руслаў з топкім дном:  абшаснешся – і памінай як звалі, паколькі там ключы  нават зімой не замярзалі…
Прыезджыя рыбакі, асабліва каторыя ўпершыню траплялі ў  вёску і атрымлівалі параду кіравацца да ўловістых мясцін на Сожы праз Яўхімаву гаць, цікавіліся, хто гэты чалавек быў, і чаму яму ўздумалася масціць пераход цераз балота пасярод лесу?  З цяперашніх пастаянных жыхароў  мала хто мог толкам расказаць пра Яўхіма. Хіба толькі дзед Панас Прымачоў, па мянушцы Прымак, хоць ніколі ў прымах не быў. Калі да яго з роспытамі падступаў чарговы дапытлівы госць вёскі, дзед пачынаў свой аповяд здаля:
– Некалі ездзіў я да сына ў Данецк, яшчэ калі мы ўсе жылі ў адным Саюзе: і хахлы, і бульбашы, і гэтыя самыя… Ну, пра іх яшчэ анекдоты складаюць… Як іх?..
– Малдаване, – падказваў суразмоўца.
– Ды не!
– Чапаеў з Пецькам?
– Ну, ты загнуў!
– Чукчы, напэўна…
– Ага, во… Чукчы… Ну, і бачыў я там розныя помнікі на могілках…
– У чукчаў?
– У якіх чукчаў?! У Данецку… Сын на экскурсію вадзіў… Ого, каб ты ведаў – там такія статуі… Як быццам жывыя ў мёртвых адкупляюцца… А па гарадах на плошчах колькі гэтых каменных ідалаў панастаўлена?
– Але прычым тут Яўхім, дзед Панас?
– А пры тым, што яго помнік ні ў якое параўнанне з каменнымі  не ідзе. Ідалы  што – курасадні для галубоў, а Яўхімава гаць і яму помнік, і людзям да гэтага часу карысць…
– І што ж спадзвігнула гэтага вашага Яўхіма на такую работу? Гэта ж нямала сіл і часу трэба было, каб гаць пракласці праз балота…
– А як ты думаў – нямала… А спадзвігла, як ты мудрагеліста сказаў, вось што. Яўхім, ці бачыш, лесніком працаваў, яму ў акрузе ўсе сцежкі-дарожкі вядомы. Ну, а за восем кіламетраў ад Завадзі не толькі Сож з уловістымі мясцінамі, але і вялікая вёска Манастыршчына… Тады, у канцы пяцідзесятых-пачатку шасцідзесятых гадоў вялікая, а  ў сувязі з Чарнобылем яе наогул адсялілі… Там участковая бальніца была, вучылішча сельскіх механізатараў, дзе ўсе хлопцы і некаторыя дзяўчаты з навакольных вёсак адукацыю атрымлівалі, цаліну потым паднімалі ў Казахстане, на Алтаі… Хрушчоў хацеў хуткі хлеб народу даць.
Ну, значыць, многія ў Манастыршчыну пехатой топалі, якія тады дарогі былі, які транспарт – гора адно… Ды па той дарозе лясной і зараз хіба на танку праедзеш. Але па сцежцы праз Стоўскі ручай на тры кіламетры бліжэй, а гэта нямалы ўкарот шляху… Толькі ж там праз балота нейкія жэрдачкі былі намошчаны і ўсё… Артыстам цырку трэба  быць, каб па тых жэрдках  рызыкнуць. Але моладзь рызыкавала, хаця, бывала, і булькала ў ручаіну…
Вось Яўхім і рашыў ліквідаваць гэтую балячку на кароткім шляху ў Манастыршчыну. Як лесніку яму дазваляліся ўсялякія там санітарныя высечкі ў лесе, ну, ён адыходную драўніну не спальваў, як тады рабілася, а цягаў яе к балоту і паступова, пачынаючы з краю, масціў гаць… Для людзей масціў, значыць, не для сябе. Яму ў тую Манастыршчыну мо і трэба было раз у год…
А вяскоўцы, во народ! – усё яму ўпікалі: табе, дурню, іншай работы няма, як гаць масціць… Каму трэба, хай і мосцяць, хоць бы і бэйбусы маладыя, што ў вучылішча ходзяць… А Яўхім адказваў: “Ад бэйбусаў дачакаешся, як жа… Я сам маладым быў, дык толькі гулі і дзеўкі ў галаве… Няхай гуляюць, маладосць не вернеш, а спіну пагнуць і рукі ў працы наламаць яшчэ паспеюць…” І меў рацыю Яўхім – многім цаліна ў знакі далася…
Дык вось, значыць, масціў Яўхім  сваю гаць ні многа, ні мала – тры гады… Паспрабуй-ка аднаму галлё і макаўкі пацягаць… А там балота – паўтары сотні метраў… Некаторыя больш свядомыя хлопцы з вучылішча, той-сёй з мужыкоў вясковых дапамагалі яму зрэдзь… Ат, якая там дапамога…
 Яўхім даўно памёр, здаецца, калі не памыляюся, у годзе шэсцьдзесят восьмым…  Гэта ж колькі гадоў таму назад, а памяць аб ім жыве і будзе жыць --  Яўхімава гаць…
Дзедаў суразмоўца не згаджаўся:
– Разваліцца тая гаць рана ці позна, згніе… Дрэва –  не камень.
– Не скажы, – хітра паглядаў дзед Апанас з-пад навіслых броваў на госця, – людская памяць мацней за любы камень…  Во, было, у нашу вёску неяк забрылі гэтыя самыя, каторыя карты зямлі ўдакладняюць. Дык у іх на картах пазначана: “Урочышча Стоўскі ручай, Яўхімава гаць”… А ты падумай, чалавеча, на якой карце пазначаны ідалы каменныя, што па гарадах ды на могілках панастаўлены? Ні на якой… То-та…


Рецензии