Незаконное потребление наркотических средств, психотропных веществ и их аналогов причиняет вред здоровью, их незаконный оборот запрещен и влечет установленную законодательством ответственность.
Галасы роднай хаты
Праўда, гэта толькі гучала так сур’ёзна – майстар. На самой справе ўсяго і рабіў, што сачыў за станам маста, ладзячы на ім дробны рамонт і падразаючы зімой лёд вакол свай, каб іх не зрушыла ў паводку крыга. Ну, яшчэ засыпаў рыдлёўкай асабліва вялікія ямы на грунтавым грэйдзеры, калі яго разбівалі грузавікі.
Але за кіламетр збоч ад вёскі праклалі шашу, і пасада дарожнага майстра ў Завадзі не спатрэбілася. Тады Васіль Шаплакоў падаўся рабочым на падсочку, бо ў Завадзі якраз быў участак раённага хімлясгаса. Лес тады рос: ого-го-го, сосны-хмарачосы. За некалькі год да высечкі іх падсочвалі, гэта значыць, рабочы з дапамогай вострага рэзака-хака на драўляным чаранку падразаў “ёлачкай” ствол дрэва і па гэтых канаўках празрыстая духмяная смала-жывіца сцякала па латках-крампонах у варонкі. Потым яе збіралі ў бочкі і адпраўлялі на перапрацоўку.
Як рабочаму лясной прамысловасці Васілю Шаплакову з ладнай скідкай у цане выдзелілі страявы лес на новую хату. І хоць цяжка давался яе будоўля, усё ж талакой, з дапамогай вясковых мужыкоў, хату ўзнялі на падмурку адносна хутка. Ох, як радавалася маці Цімоха, Зоя Аляксандраўна, мясцовая паштальёнка, калі першы раз ляснула пад яе рукой клямка ўваходных дзверэй, калі прайшлася па шырокіх,сонечнай жаўцізны, сасновых масніцах, калі ўдыхнула смалісты водар новага жылля… Толькі драўляная хата дорыць гэтае невыказнае словамі пачуццё нейкіх асаблівых узаемаадносін з той пабудовай, дзе ты жывеш.
Цімох, хоць і дапамогаў бацьку на падсочцы, але пераймаць яго занятак намеру не меў. Цяжкавата гэта ўсё-такі – ганяць хак па ствалу сасны, пераадольваючы супраціўленне драўніны. Якія б моцныя рукі ні былі, але стамляліся хутка. Ды мінаваць лясной долі Цімоху не давялося – пасля заканчэння ў суседняй вёсцы дзесяцігодкі сагітавала яго хімлясгасаўскае начальства паступіць у лясны тэхнікум. А калі скончыў тэхнікум, то накіравалі ў родную вёску майстрам хімлесаўчастка.
Думаў Цімох, што доўга не затрымаецца тут, можа, удасца ў райцэнтр перавесціся. Аднак з’явілася ў мясцовым сельмагу новая прадаўшчыца, Валянціна, – і закахаўся хлопец не на жарт. Ажаніўся, і стаў жыць у новай бацькоўскай хаце. А родныя перабраліся ў старую, у якой да гэтага кватэравала сям’я настаўнікаў пачатковай школы. Ішоў час, нарадзіўся ў Цімоха з Валянцінай сын Антон, завялі хатнюю гаспадарку – і аселі ў вёсцы надоўга.
Толькі ж, трэба было здарыцца такому, – прыехаў у Завадзь інжынер-лесахімік з абласнога цэнтра, які, калі верыць яго словам, працаваў над кандыдацкай дысертацыяй, і яму трэба было правесці тут, у лесе, нейкія доследы. Ну, і, як кажуць, знюхаліся яны з жонкай Цімоха незаўважна для яго. Валянціна – жанчына мажная, прыгожая, са свежым тварам, як кветка палявая. Не тое, што гарадскія з “атынкованымі” шчокамі і вуснамі. Відаць, моцна запаў інжынер-бабыль на гэтую свежасць, спакусіў жанчыну гарадскім жыццём. Словам, з’ехала яна ўслед за інжынерам, а потым і на развод падала.
Сын Антон, на той момант ужо старшакласнік сярэдняй школы, не захацеў кінуць бацьку і застаўся з ім. Так і жылі ўдваіх, бо Цімох сабе пастаяннай спадарожніцы не знаходзіў. Вядома, былі нейкія кароткачасовыя “кантакты”, толькі ж сугучнасці душ і сэрцаў, каб знітаваць два лёсы, так і не выпала.
Скончыўшы сярэднюю школу, сын Цімоха паступіў ва ўніверсітэт на юрыдычны факультэт, а пасля вучобы стаў працаваць у абласным цэнтры юрыстам на буйным прадпрыемстве. Цімох тым часам на пенсію ўчыстую выйшаў. І якраз уладзіў, бо неўзабаве хімлесаўчастак закрылі з-за адсутнасці патрэбнай вытоворчай базы – лес, ці бачыш, павысякалі… А потым – аварыя на Чарнобыльскай АЭС, затым Савецкі Саюз разваліўся… Словам пайшло-паехала.
Праз які дзесятак год вёска зусім заняпала, бо старыя аджывалі сваё, памерлі і бацькі Цімоха. А моладзь тут не будавалася – ніякай работы не было па прычыне ліквідацыі і адсялення калгаса. Праўда, улады вёску не забывалі: аўталаўка прыязджала, аўтобус – тры разы на тыдзень, пошту і пенсіі прывозілі…
Але ўсё роўна сумна. І толькі ў сваёй хаце, дзе пражыў Цімох некалькі дзесяткаў год, ён знаходзіў суцяшэнне і спакой. Хата нібы размаўляла з ім: то масніцай рыпне, то клямкай бразне, то шпалерамі шаматне, то цвыркун ноччу завядзе сваю песню, то ў бервяне мароз закрэкча, то вугольчыкамі ў грубцы стрэльне і дыхне жывым цяплом…
Сын Антон ужо абзавёўся сям’ёй і меў у абласным цэнтры трохпакаёвую кватэру ад прадпрыемства. Не раз запрашаў, асабліва перад зімой: “Прыедзь ты, бацька, хоць на месяц. Курэй тваіх суседзі прыгледзяць, і з хатай нічога не здарыцца…” Аднойчы позняй восенню, калі асабліва адольвае сум, паддаўся Цімох на ўгаворы сына, завітаў да яго пагасцяваць.
Жонка сынава, Ірына, унукі Сцёпка і Леначка, прынялі добра. І чаму б не – яны ж летам часцяком бавілі час у дзеда ў вёсцы. Вось, нарэшце, і ён выбраўся. Пражыўшы ў сына тыдзень, стаў адчуваць Цімох, што нечага яму не хапае. А чаго – ніяк не ўцяміць. Сын з жонкай – на работу, дзеці – у школу, і Цімоху, нягледзячы на гарадскі тлум за вокнамі, неяк пуста становіцца. Ноччу, калі ўсе спяць і за вокнамі горад замірае, такая цішыня ў кватэры пануе, што ад яе Цімоху моташна становіцца.
І толькі, калі стала сніцца яму родная хата, з яе рыпамі, бразганнем, шоргатам і песняй цвыркуна, зразумеў, што якраз гэтых галасоў яму і не хапае. У сынавай кватэры ўсё падагната, усё змазана, усё прыцёрта… Маўчыць жытло, нібы мёртвае. Вось ад гэтага Цімоху і неўмагату.
Сказаў аб гэтым сыну. Той ніяк не мог зразумець бацькаў капрыз: падумаеш, цішыня яму муляе, кватэра, як нежывая… Гэта ж трэба такое прыдумаць… Але што паробіш: старое, як малое – упрэцца, дык не перапхнеш. Так падумаў Антон, і не стаў утрымліваць бацьку.
А Цімох, прыехаўшы дадому, зайшоў у двор, прывітаўся з хатай, як з жывой: “Ну, здарова была, хата.. Нябось, зачакалася мяне?..” І хата, нібы разумеючы сказанае, рыпнула прыступкамі ганка, бразнула клямкай дзвярэй сенцаў, потым тоненька прапела завесамі пакаёвых дзвярэй, дыхнула сыраватым гліністым пахам нятопленай грубкі. Цімох схадзіў па дровы, распаліў грубку, прысеў на ўслончык перад топкай і, слухаючы вясёлы гоман полымя, з палёгкай уздыхнуў: “Ну, вось я і дома…”
Свидетельство о публикации №114021903317