Бацькау гармоник

Летняе неба выглядала засмужаным, быццам падпечанае спякотным сонцам. Лёгкая сінеча прабівалася толькі ў зеніце, як купал неабсяжнага велічнага храма, што навісаў над вёскай.
На вуліцах панавала цішыня. Засталіся тут адны пенсіянеры, якія ў спякоту больш хаваліся па хатах, і толькі бліжэй да канца дня заседжваліся да першых вячэрніх камароў на лаўках усцяж палісаднікаў.
Пятро, які працаваў слесарам-рамонтнікам у Аршанскім дэпо, папрасіў адгул на рабоце і прыехаў на тры дні ў родную вёску. Ён і сам часам не мог толкам зразумець, чаму так нясцерпна цягнула на радзіму. У гэтыя ж дні –  мо таму, што два гады назад тут памёр і быў пахаваны ягоны бацька, знакаміты на ўсю акругу гарманіст Васіль Груздоў. Маці адышла ў лепшы свет раней – сэрца падвяло.
Малодшы брат Пятра, Мікалай, асталяваўся ў Калінінградзе, сястра Соня – у Гродне. Перакідваліся весткамі толькі зрэдзь па тэлефоне. Але гэта не наталяла душэўную смагу. Паколькі Пятро аказаўся бліжэй за ўсіх да роднай вёскі, то знаходзіў спакой у сэрцы толькі, калі прыязджаў сюды. Калі вяртаўся да каранёў свайго сялянскага роду, які спрадвеку, незалежна ад перамены ўлад, працаваў на зямлі.
...Пятро сядзеў на ганку, праз шчыліны якога прабівалася трава. Слухаў як на блізкім прырэчным лузе цягнуць сваю песню неўгамонныя цвыркуны-конікі, як шапоча лісце на бярозе, што вырасла на яго памяці каля хаты з малюсенькай семкі, прынесенай ветрам. І паступова з гэтых гукаў пачала акрэслівацца далёкая мелодыя, адтуль, з дзяцінства. Любімая мелодыя бацькі, якую ён часта граў на гармоніку.
Пятро яшчэ малым любіў назіраць і слухаць як бацька грае на гармоніку. Пералівістыя гукі, блішчастая перламутравая аздоба, чырвоныя палоскі, што выглядвалі паміж рэбраў мяхоў, калі бацька расцягваў іх, – усё гэта зачароўвала хлопчыка. Яму падавалася неспасцігальнай загадкай майстэрства гарманіста.
Крыху падросшы, Пятро аднойчы спытаў:
– Слухай, тата, а як табе ўдаецца трапляць на патрэбныя гузікі гармоніка, нават не гледзячы на іх?
 Васіль Груздоў лагодна паглядзеў на сына, крыху падумаў і сказаў:
– А ведаеш, Пятрусь, я над гэтым ніколі не задумваўся... Пальцы нібы самі лётаюць. Людзі кажуць, што слых у мяне музычны ад прыроды...  Пад кожным гузікам на гармоніку – свой гук. А гарманіст цісне на гузікі, збірае гукі ў ланцужок – і атрымліваецца мелодыя...
Пятро мала што зразумеў тады з тлумачэнняў бацькі, але цвёрда рашыў навучыцца граць на гармоніку так, як ён. Неяк папрасіў аб гэтым бацьку. Той не стаў аднеквацца, бо даўно заўважыў цягу хлопца да музыкі. Сказаў:
– Што ж, паспрабуй, можа, і будзе толк...
Вучыць узяўся даволі незвычайным спосабам: садзіў сына сабе на калені, прывязваў яго пальцы да сваіх суровай ніткай, маці, пасміхаючыся, падавала гармонік – і пачыналіся заняткі. Услед за рухамі бацькавых пальцаў, пальцы Петруся знаходзілі халаднаватыя гладкія гузікі, ціснулі на іх – і гармонік, “кульгаючы”, выдаваў мелодыю.
Паступова пальцы хлопца сталі нібыта самі запамінаць, на якія гузікі трэба ціснуць пры той ці іншай мелодыі, ён ужо самастойна браў гаромонік і паціху рыпаў на ім.  Атрымлівалася ўсё складней і складней... Калі вучыўся ў восьмым класе ў суседняй, за шэсць кіламетраў, школе, то стаў заўзятым удзельнікам мастацкай самадзейнасці, не зважаючы на тое, што, бывала, дамоў прыходзілася дабірацца прыцемкамі праз лес. Юныя артысты ніяк не маглі абысціся без Петрусёвага гармоніка.
... Калі сонца вялізнай чырвонай журавінай павісла над вершалінамі лесу, палынна-сівымі пластамі, хоць нажом рэж, стаў напаўзаць на прыціхлы луг туман. Толькі час ад часу прабіваўся праз туман, як трашчотка ў аркестры народных інструментаў, покліч драча: “Дыр-дыр...Дыр-дыр...”
Пятро, да гэтага часу абкасіўшы зарослае бур’янамі падвор’е, зазбіраўся спаць. Заўтра трэба было падымацца рана, каб паспець на аўтобус, што заходзіў у вёску толькі тры разы на тыдні. У нежылой хаце, якую так ніхто і не купіў, пахла цвіллю і павуціннем. Але прагрэтая праз вокны сонцам пасцель была цёплай і ўтульнай. Тым не менш  не засыналася. Недзе ў куце зацягнуў сваю мелодыю ўжо не лугавы, а хатні цвыркун. Спачатку яна падалася надакучлівай, але спакваля, як калыханка, схіліла Пятра да сну.
Ноччу яму сніўся бацька. То на лузе з касой, то ў полі за конным плугам, то ў рэчцы з сеткай-таптухай...  І з гармонікам – на ганку хаты. Бацька граў на ім тую далёкую мелодыю, з дзяцінства, і пытаў Петруся:
– Ну як, сынок, яшчэ служыць табе мой гармонік?
Пятро ўстаў на досвітку, а з галавы не выходзіла бацькава пытанне, зададзенае ў сне: “Ну як, сынок, яшчэ служыць табе мой гармонік?” Справа ў тым, што адзіным прадметам, які ўзяў Пятро з хаты пасля смерці бацькі, быў яго гармонік. Калі браў, то бажыўся радні, якая сабралася на хаўтурах: “Буду граць толькі на бацькавым гармоніку!” Праўда, пайграў колькі часу, а потым закінуў на антрэсолі – і забыўся. Хрыплаватым ад старасці падаўся бацькаў гармонік, ды яшчэ некалькі клавішаў западалі і з-пад іх неспадзеўкі з сіпеннем прабівалася паветра, нараджаючы непатрэбную ноту.
Ад’язджаў зараз з роднай вёскі Пятро не ўсцішаным, як звычайна, а з пачуццём душэўнага неспакою. Гэтае пачуццё не пакінула яго і дома, у Оршы. Ніяк не забывалася пытанне бацькі, пачутае ў сне.
 У першыя ж  пасля паездкі ў вёску выхадныя дастаў з антрэсоляў запылены бацькаў гармонік, асцярожна працёр яго мяккай тканінай, расцягнуў мяхі, крануўшы пальцамі гузікі. І адразу патрапіў на хрыплаваты клавіш. “Усё! Буду рамантаваць!” – рашыў для сябе.
На круглым стале ў зале разаслаў кавалак поліэтыленавай плёнкі і пачаў раскручваць шрубкі, якімі былі змацаваны скрынкі гармоніка, дзе жыла ягоная душа, паселеная ў тонкіх металічных пласцінках – “галасах”, што пад націскам паветра з мяхоў вібрыравалі і нараджалі музыку.
Гармонікі Пятро ніколі не рамантаваў, але паколькі быў майстрам на ўсе рукі, палічыў, што справа гэта няхітрая. Падумаеш – падцягнуць спружынкі, пачысціць пласцінкі-“галасы”, падціснуць мацаванні... Але калі стаў здымаць асноўную нясучую планку на правай скрынцы гармоніка – маленькія спружынкі нечакана пасыпаліся на стол. Заскакалі, як конікі, слізганулі з плёнкі на падлогу, засланую дываном.
Пятро ўважліва разгледзеў, куды што мацуецца, потым пачаў шукаць спружынкі. Крэкчучы, прысеў на кукішкі і стаў мацаць рукой у пушыстым ворсе дывана. Пасля нядоўгіх намаганняў зразумеў, што навобмацак усе спружынкі хутка не знойдзеш, таму апусціўся на карачкі і стаў поўзаць па дыване, выглядаючы дробныя дэталькі.
За гэтым заняткам яго і заспела жонка Антаніна, якая вярнулася з магазіна.
– Ты што робіш? – спытала здзіўлена.
– Ды во, спружынкі ад бацькавага гармоніка шукаю. Рамантаваць стаў. А яны разбегліся...
– Вось прыдумаў! У цябе ж ёсць добры новы гармонік, навошта табе гэтая хрыпатая старызна?
Словы жонкі нібы кабдзюрамі скрабнулі Пятра па сэрцы.
– Прычым тут старызна?! – амаль крыкнуў ён. – Гэта ж бацькаў гармонік... І калі бацька памёр, то хай хоць яго гармонік са мной жыве.
І столькі дакору было ў голасе мужа, што Антаніна не стала спрачацца, а толькі моўчкі паківала галавой і пайшла на кухню.
Ледзь не паўдня шукаў Пятро спружынкі, праціраў затуманеныя латунныя пласцінкі-“галасы”, потым збіраў усё ў адно цэлае. І вось гармонік, адсвечваючы пацьмянелым перламутрам, застыў нібы ў чаканні на стале. Пятро асцярожна ўзяў яго ў рукі, накінуў рамень на плячо, расцягнуў мяхі, націснуў пальцамі на гузікі, беручы акорд...
Гук атрымаўся чысты, не сапсаваны сіпеннем паветра з-пад клавішаў. Пятро, настройваючы інструмент, паціху зайграў. Ён не граў нешта канкрэтнае, а проста даставаў з гармоніка музыку, якая паступова ператваралася ў тую далёкую, знаёмую з дзяцінства мелодыю, што так любіў бацька. Пятро і дагэтуль не ведаў як яна называецца і хто яе склаў. Магчыма, гэта, як зараз кажуць, імправізацыя. Імправізацыя самаго бацькі, сатканая па нітцы з народных песень. Але ад гэтай музыкі станавілася неяк вусцішна ў душы, быццам зараз знаходзіўся Пятро не ў гарадской кватэры, а ў роднай вёсцы.
У залу зазірнула на гукі гармоніка Антаніна. Прытулілася да вушака дзвярэй і заслухалася.
А Пятро граў і граў... І праз гукі музыкі да яго быццам даносіўся голас бацькі:
– Ну як, сынок, яшчэ служыць табе мой гармонік?..


Рецензии