Так дауно не быу у сваiм Будзiшчы...

***
Так даўно не быў у сваім Будзішчы,
Дзе калісьці жыў, хоць не кахаў.
А яно – каханне, можа, будзе шчэ,
Ці то я сваё – адгараваў?

І тады паеду зноў у Будзішча,
Дзе калісьці жыў і піў ваду
Я з таго калодзежа, што будзе шчэ,
Будзе шчэ жывы, калі прыйду.

І няма суседзяў, бо памерлі ўсе:
І Сцяпан, і Машка, і Галёк…
А ля студні ўсе прыступкі сцерліся,
І вядро – бы скрыўлена на бок.

І заплачу горка каля хаты я –
Не сваёй, сваёй яна была.
Толькі вербы туляцца касматыя
Да майго любімага сяла…

11. 01. 2014 г., Мінск


Рецензии