Касцюшкава прысяга

І. Ліст з Петрапаўлаўскай крэпасці

Як вы, любая маці мая? Кацярына? Ганна?
Як ты, Юзэф? У Сяхновічах, мусіць, зараз.
Як там дзеці, унукi? З цягам часоў складана
пералічваць усіх — гэта быццам складаць каштарыс.

Я сумую адчайна. Дарэчы, мінулай ноччу
напісаўся першы не да Людвікі вершык.
У ім пра тое, як я вандраваў ды збочыў,
каб дадому ды пешшу, дарма што заўзяты вершнік.

Недзе побач са мной з басціённых муроў апоўдні
чысціць горла гармата, і нас вядуць у прыбіральню.
Колькі шчэ нашы жыцці на ўскрайку імперыі поўніць
будуць грукат, праклёны ды лямант званоў развітальных?

А сапраўдны палон — гэта тое, што робіцца звычкай.
Я мяркую, што ў гэтым сапраўдная сіла катаў.
Што раблю? Раззнаёміўся з пацукамі, пільную знічкі
у каардынатнай сістэме кратаў.

І чарга на прагулку зняволеным ды збялелым
у расейскіх турмах, здаецца, у парадку рэчаў,
бо па нас, ліцвінаў, прыходзяць ня з кожным стрэлам,
вось у гэтым яны пакуль не далі асечак.

Мы з Юльянам, увогулле, мусім доўга
не гуляць пад хмарным пятровым небам,
што зліваецца колерам шэрым з такой жа падлогай,
і ўжо не ўцяміш, дзе тая рака, дзе глеба.

Вось такі бы туманны мур ды наўсцяж манеўра,
каб гусцела, што тая вільготнасць, у далонях зброя
і знянацку сляпіла вочы лязо касінераў,
бо выключна ў бліжнім баі ажывае мроя.

Але ўсё спісаць на надвор’е было б спрашчэнствам.
Мы і самі сабе стагоддзі капалі ямку:
нават Бог не паспеў бы на нашыя ўсі набажэнствы
ды вагаецца шляхта ў адным і другім напрамку.

Калі нехта наважыцца з нашых мясцін па справах
(хай бы зараз, пакуль яе не заснежыць),
дык прашу — перадайце мне жменю зямлі з фальварку.
На магілу ня хопіць, але ля яе — усцешыць...

ІІ. Размова з Паўлам І

“Ты — славуты змагар за свабоду брытанскіх калоній.
Генерал-брыгадзір, не які там штабны падгалосак.
Я сачыў, як вы слушна чынілі канфуз Кароне.
Аніводны бок не забыўся на твой унёсак.

Мне ня трэба больш ворагаў, чым ужо ёсць. І скуру
драць ёсць сэнс, калі гэта паслужыць узорам.
Буду шчырым з табою, Тадэвуш Банавентура:
у цябе ёсць шанец спраўдзіць лацінскі корань.

Прапаную табе старую, як свет, дамову
(мне пасуюць кандотты, а вешаць цябе — навошта?):
прысягні мне на вернасць і лепей — на нашай мове.
Атрымаеш свабоду, сялян і нямала грошаў.

Пры табе застануцца маёнтак ды крыж малення.
Застанешся ўплывовай персонай. Што скажаш? Згода?
Усяго тае справы, што стаць на абодва калені
і сказаць “абяцаю ніколі табе не наносіць шкоды”. —

“Гасудар, я гатовы, але прысягаць асобе
не магу, калі толькі яна не ў спадніцы.
Мне таксама, дарэчы, і поза не даспадобы —
кленчу цалкам я толькі як п’ю з крыніцы.

Вось такія ўмовы. Сабе жа пакінь прыгонных.
Хай звярне вызваленчы імпэт на сяброў на маіх вялікасць.
Што да мовы... дык я жаўнерам палонным
адмыслова па-руску казаў толькі слова “літасць”.

Цар маўчаў, адчуваў інсургэнцкі нораў,
але розум падказваў надзейны і звыклы вобраз:
у Расіі заўсёды знойдзецца граф Сувораў.
Цар падумаў крыху ды й мовіў з палёгкаю: “Добра.

А калі ж ты ізноў зробіш выбар, Тадэвуш, няўдалы,
дык чакаюць цябе ўжо Сібір, ланцугі ды ядры”.
Мо, пакінем пагрозы на хворым сумленні Паўла,
як і рэшткі размовы, як кажуць цяпер, за кадрам.

ІІІ. Прысяга

Час ішоў, снежань хуценька холад спрычыніў,
ды такі, што спазнелыя вершнікі падалі з коняў.
Такі нехта прыехаў наведаць Касцюшку з малой айчыны,
ліст ад родных ды нешта яшчэ працягнуў у далоні.

Павялі арыштанта змацоўваць з царом дамову.
Цвёрда голас касцюшкаў гучаў у каменданцкім пакоі:
“Я клянуся ніколі не здрадзіць ніводным словам,
ані думкай зямлі, цяпер стаю на якой я”.

Варушыліся хмары, як быццам пад ветрам — збожжа.
Ад уважлівых і ўсюдыісных вачэй употай
апусціўся Тадэвуш спіной да дзвярэй на ложак,
усміхнуўся...
Ды вытрас зямлю з ботаў.


Рецензии
Напомнило:"Подержи, сосед, мою трость... А теперь клянусь, что отдал ему мои долги сполна..."
Успехов

Жанна Былёва   28.12.2017 20:16     Заявить о нарушении
На это произведение написаны 2 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.