Игорь Григорьев Стихи в переводе Миколы Шабовича
Спяваеш песні новыя цяпер,
Па-новаму смяешся і сумуеш.
Ты ў горадзе між модніц каралюеш,
А я ўсё тут,
Такі ж, як быў, павер.
Ару ды сею, з мужыкамі п’ю,
Зусім адвык ад гарадскога быту.
Мінулых дзён прыгадваю брую –
Тых светлых дзён,
Што просяцца з нябыту.
У нас – дай бог!
Не млявіць гарачынь,
Праз тыдзень-два – лясы завераснёвяць.
Для новых вершаў шмат ужо прычын,
Ды што табе акрыленая споведзь!
А я сябе дык вершамі б лячыў!..
Чакаю
Ці то грошай, ці то славы.
Мне кажаш ты: “Пегас не па плячы”,
Што дурань я, нібыта бот дзіравы…
Кажы, што хочаш. Бог жа не глухі.
Ты любіш жыць надзейна,
Я – надзеяй.
Душу суцеш ты прозай мяккацелай –
У нас з табою розныя шляхі.
Па мне, павер, зарана шчэ тужыць,
Пакуль святло з-за хмар так вольна льецца.
Я не адзін,
Мне ёсць што пець, кім жыць:
Каханая – каханай застаецца.
***
Песня сонца над пракосамі
Разліваецца званчэй.
І вярба зеленакосая
Так і просіцца ў ручэй.
Маладыя рукі звесіла,
Нібы Ева у раі.
Ручаю бяжыцца весела
Ў паўнаводныя краі.
Травы чэрвеньскія туляцца
І віюцца каля ног,
І кувае ім зязюліца
Сто гадоў і сто трывог.
ПЕРШАЕ КАХАННЕ
На то она и первая любовь,
Чтобы за нею вслед пришла вторая.
Ю.Г.
А каханне першае –
Адно.
Яркае,
Высокае яно,
Нібы ў цемры месяц залаты:
Сам сябе не бачыць –
Бачыш ты.
Шчодрае і добрае
Яно,
Нібы чарадзейнае віно.
А калі камусь не да віна,
То, паверце, не яго віна.
Ад яго – выток тваіх дарог,
Без яго – сканчэнне ўсіх трывог.
Бо каханне першае –
адно.
Помніце:
Апошняе яно.
***
Мой бедны яр, мой ціхі лес
За цемры зломам
Не стануць, як бы я не змерз,
Халодным домам.
І хоць лістоў змяло красу –
Адгаманілі, –
Травы зялёна-светлы сум
Як выклік ліўням.
Ніколі мне (хоць і бяда
Нагоніць буру),
Не стане стылая вада
Гадзючай скурай.
Няхай балота на вятрах
Шыпіць, віецца,
Калі не ў рань – па вечарах
Зара пральецца.
І пацяплеюць халады,
І растуманіць.
І той бяды, і той бяды,
Што сябра зманіць.
ЛІСТАБОЙ
Бывае так:
Гарачым летам
З бярозы жоўты ліст спадзе –
І неяк стане беспрасветна,
Нібы даверышся жудзе.
Туман – гусцей,
У хмарах неба,
І спахмурнелі чараты…
І стыне ціш, нібыта глеба, –
Ўсё адчуваеш скурай ты.
Пачуеш:
Тонкая асіна
Лясны разгойдвае спакой,
Ступае змрочнаю нізінай
Суровы вецер-лістабой.
Убачыш:
Птушка табуніцца,
Вада люстравіць глыбінёй…
І ўміг трывога заімжыцца
Ў душы расхрыстанай тваёй.
І зразумееш: не да жартаў,
Як час імчыць-бяжыць-ляціць:
Не пашкадуе – і не мар ты.
Бо ён паўсюль! Бо ён глядзіць!
Я ІДУ
Юрыю Паркаеву
Я іду цераз пракосы
Нацянькі.
Я іду, проставалосы,
Гаманкі.
А вакол мяне найблізкая
Радня:
Вішні пацеркамі бліскаюць
Штодня.
А над студняй – даўгавязы
Журавель.
Ля дарогі дрэмлюць вязы,
Пахне хмель.
Ранак сыпле сонца іскры
На ваду…
Той бяды, што шлях няблізкі, –
Я іду!
ВІШАНЬКА
Святлане Молевай
Траўнем цёплым зусім не сагрэтая?
Без вясельнай, без белай фаты?
Што сумуеш ты, вішанька ветлая,
Што ў самоце сумелася ты?
А сяброўкі твае белаквецяцца
І трымцяць-шамацяць на зары.
Ты адна палымнееш нявесела,
Быццам белы пажар на гары.
Ўсё жадаеш ты ветру цяплейшага,
Льецца сум з-пад прыгожых брывей.
Мо чакаеш каго нетутэйшага?
Ці не можаш забыць сухавей?
Добра ведаю: мне не даверышся
І сваю не падорыш красу.
Ды люблю ля высокага берага
Ў чыстым полымі выліць свой сум!
Палымнее над дахамі вышнімі
Сумны твар, ды святлее наўгрунь…
На маю ненаглядную Вішаньку
Ты падобнае, дрэўца-гарун.
***
Зноў прыйдзе тое, што было,
Што ноччу сніцца:
Паруе жыта. Зацвіло.
Адхон дыміцца.
Мой родны край,
я зноў прыму
Ліпнёвы россып.
І сёння, як сто год таму, –
На зорах росы.
Вароны, галкі на градзе
Крычаць, бы ў пельцы…
Чаму ж не знойдзецца нідзе
Зямлі цяплейшай?
Чаму няўтульныя яны –
Краі чужыя?
А тут – дажджы і валуны
Нібы жывыя.
Тут
кожны высахлы пляцень
Спявае з болю…
І тая ж ноч,
І той жа дзень,
І тое ж поле!
***
Добры дзень вам, пустыні лясныя,
Шэрай вольхі плакучы разбой!
Прывітанне, палын жаўтакрылы!
Мне ніколькі не горка з табой.
Хоць на выгляд трава не з квятлівых
І не можа прывабіць нічым,
Дык чаму ж так прыемна-шчымліва
Мне заснуць на сяброўскім плячы.
І ні крыўды на сэрцы, ні болю,
А святло – ад зямлі да нябёс.
Мы даўно не страчаліся, Поле,
Не гукаліся, Лес мой – мой лёс!
Ты дубы санцакрылыя промніш,
Мкнешся ў неба – свой высіш парыў.
Ты мяне паняволі не помніш,
Я па волі цябе не забыў.
Будзе ўсякае – радасць і гора –
Ў нашых лёсах, такіх гаравых.
Нас прагоняць, яшчэ й абгавораць,
Нас адрынуць ад зор заравых.
Нас забудуць, закінуць, згундосяць,
Нас бязлітасным спаляць агнём
І жалезнай сякераю скосяць…
Толькі мы ўсё адно не памром.
Як бы хто ні глуміў азвярэла,
Ні імкнуўся нас брудам абліць, –
Карані нашы ў глебе зрыжэлай
Ніякому агню не спаліць.
Мы даўно не страчаліся, Поле,
Не гукаліся, Лес мой – мой лёс!
Ані крыўды на сэрцы, ні болю,
А святло – ад зямлі да нябёс.
Пераклад з рускай Міколы ШАБОВІЧА
Свидетельство о публикации №113091406025