Купалле

Срэбравогненныя зоркі - бяздонныя цвікі
Ў цёмна-сінем аксаміце купальскага неба -
Здзеклівым казытаннем абудзілі ўлонне зямлі.
Матка-зямля дыхае напружана, набракае юрлівымі сокамі.

За аксамітавай шырмаю неба
Хаваецца Пта-Сварог з усмешкаю на твары,
Як на арфе, ён грае на зорных промнях,
Прымушаючы стыхіі да эратычнага танцу.

Над зямлёю, над рэкамі - тонкая мга,
Вуаль Лады-Ізіды, нарачонай да шлюбу.
Усё рытмічна дрыжыць у люлянні мроі,
І жар сэрцаў збіраецца каля святочнага вогнішча.

У гэтую ноч мне няма справы да скокаў і танцаў.
Я прытуляюся вухам да смарагдавай скуры Маткі-Зямлі,
Утрапёна слухаю гулкі, разважлівы грукат
Малаточкаў велесавых служак, што выкоўваюць новую прышласць.

Хто зрываў папараць-кветку, бачыў крывавую рану
На зломе сцябла, і пакутлівы стогн
Бруіўся з-пад зямлі - то быў стогн каранёў.
Хто зрываў папараць - адмыкаў дамавіны продкаў.

У гэтай купальскай вясельнай трызне
Я п'янею ад кругаверці гукаў:
Крыкі сычоў, плясканне рыб, песні дзевак, стогн зямлі
І маўклівы гімн Азірыса Велеса - гімн крэмацыі мрой.

Купальская быль - урачысты боль
Першай і апошняй шлюбнай ахвяры багамола,
Жахлівыя блікі ад позірку процьмы вачэй
З акрываўленай цемры далінаў, што шэпчуць "І ты будзеш з намі!..".   


Рецензии