У наступны жыццi...

Sungha Jung прысвячаецца...

http://www.sunghajung.com/about

У наступным жыцці, на лісце лёсу чыстым,
 я хачу паявіцца ў сям’і гітарыста –
 ад народзін музыкам – чуллівым хлапечам,
 у якога істота, як рэха, трапеча.

 У якога істота, як рэха, трапеча,
 кожны раз, як вяртаецца бацька пад вечар
 і кранае гітару, і моцныя рукі
 рассыпаюць над струнамі дзіўныя гукі.

 Рассыпаюць над струнамі дзіўныя гукі,
 што люляюць калыску малечы-сынулькі
 незвычайна прыгожай начной калыханкай,
 што віецца між сценаў пакоя да ранку.

 Што віецца між сценаў пакоя да ранку,
 а пасля растае, нібы ноч на світанку,
 ды навек застаецца святым успамінам
 ва ўспрымальнай душы паслядоўніка-сына.

 Ва ўспрымальнай душы паслядоўніка-сына
 нараджаюцца мары – жывыя карціны,
 як у ручках яго заспявае гітара –
 і напоўняць прастору мелодыі чары.

 І напоўняць прастору мелодыі чары,
 і раскрыецца талент, атрыманы дарам
 і агранены працай і прагным імкненнем
 так іграць на гітары, каб плакалі цені.

 Так іграць на гітары, каб плакалі цені –
 прафесійным дуэтам з музыкам-натхненнем…

 Мне б калісь нарадзіцца і стаць гітарыстам –
 у наступным жыцці, на лісце лёсу чыстым.

5.05.2013


http://www.youtube.com/watch?feature...&v=Hjm1-fHeUQ8

http://www.youtube.com/watch?feature...&v=uvW73uG4LJE


Рецензии