Кот i чарапаха

- Чаму ты заўжды такая марудная і павольная? Мне аж на цябе глядзець брыдка калі ты поўзаеш. Вось паглядзі на мяне: я хуткі, жвавы, бегаю і прыгаю.. – прамовіў кот чарапасе, седзячы на плоце, у той час калі чарапаха паўзла ў цень хаваючыся ад летняй гарачыні.
- Кажаш глядзець брыдка? Дык і не глядзі. Я такая марудная і павольная, як ты кажаш, бо…
- Ведаю, ведаю, – не даў дагаварыць кот, – бо ў цябе панцыр цяжкі і старая ты ўжо.
- Панцыр – гэта мой дом, хоць ён канешне і цяжкаваты, але затое гэта вельмі зручна, калі твой дом заўжды з табой. Вунь бачыш хмары пачынаюць збірацца, можа дождж пойдзе, ты пад страху пабяжыш, а я не. А наконт старасці, то тут ты маеш рацыю, старая я ўжо, зусім старая. Але памяць добрая.
- Ой, якая ў цябе памяць, – смяючыся прамовіў кот, – ты нават не памятаеш, што ты ела сёння з раніцы.
- Вось які ты гадкі ўсё ж такі, табе толькі языком малоць, – прамовіла спакойна чарапаха і дадала, – што ела сёння я памятаю, што далі тое і ела ў прынцыпе як і ты. А што ела ўчора.. тут так, не памятаю. Затое я памятаю, што было даўным даўно, калі ўсё што я зараз бачу было зусім другім.. Нават каты былі другімі, больш выхаванымі чым зараз, – сказала яна гледзячы на ката, - хай будзе табе вядома, што на гэтым свеце я жыву ўжо каля тысячы год! Чаму так доўга, сама дзіву даюся..феномен нейкі, мы ж так доўга не жылі ніколі.. і зараз не жывем.
Чарапаха перавяла дух і дадала: “Але за гэты час я шмат чаго пабачыла і шмат дзе была ў адрозненні ад цябе, зусім маладога ката”.
- Ну то раскажы тады, што-небудзь цікавае калі ты такая разумная, – прамовіў кот і саскочыў уніз да чарапахі. Неяк яго зусім не ўразіў такі ўзрост суразмоўніцы.
- Яшчэ чаго.. я жыву не дзеля таго так доўга, каб нейкаму кату распавядаць тое, што можа з ног на галаву перавярнуць усю гісторыю чалавецтва.
- А чаму тады ты нікому іншаму не раскажаш тое, што ведаеш? – спытаў кот.
- А хто ў мяне пытае? Ніхто. Хай як хочуць.. я ж усяго толькі старая марудная чарапаха, а яны – людзі, яны разумнейшыя за мяне. Памятаю даўно, адзін разумны чалавек прамовіў: “Што ёсць гісторыя – гэта толькі казка ў якую ўсе дамовіліся паверыць”, вось няхай усе і вераць у гэту казку, - сказала чарапаха і схавалася ў свой панцыр, - бо з неба пачала капаць вада.
Кот хуценька пабег пад страху, і хаваючыся ад дажджу, усё ж такі для сябе вырашыў, што мець заўжды побач з сабой свой дом не так ужо і дрэнна.


Рецензии