Зразумеу

Пытае Андрэйка бабулю сваю,
Хаваючы ў спотку слязiнку:
–  Навошта, завошта забiлi свiнню,
Навошта зарэзалi свiнку?!

Сумотна хрусцеў пад нагамi сняжок,
Чапляўся марозiк пякучы.
Бабуля сказала: «Вялiкая ўжо,
Пара яе рэзаць, унучак».

Праз час некаторы iзноўку бяда.
I зноў з кулакамi i з плачам:
–  Вы што нарабiлi? Як вам не шкада?
Навошта парэзалi качак?!

– Няўжо ў вас нiякага жалю няма? –
Крычаў з перапуду шалёна.
– Ды выраслi.  Тлустыя. Што за дарма
Далей iх кармiцi без плёну.

Калi адпраўлялi на бойню цяля,
Хлапчук не крычаў i не плакаў.
Сцяў вусны да болю.  I моўчкi здаля
Глядзеў на дзядулю i бабку.

Пасля да сястрыцы сваёй падыйшоў,
На вуха шапнуў пад хусцiнку:
–  У горад цякай. Ты вялiкая ўжо.
Здадуць, цi зарэжуць, як свiнку.

                1990


Рецензии