Лясная аптэка

Пеўнік наш захварэў – прастудзiўся,
Галасок захрыпеў, бо напiўся
Ён сцюдзёнай вады, бо не слухаў
Ні парады сястры, ні квахтуху.
Трэба хутка знайсцi пеўню лекi.
А далёка iсцi да аптэкi.
Паляцела ў гай курка-мацi,
Каб малiннiку ў чай наламацi.
Хоча курка паспеці да ночы.
Ёй насустрач мядзведзь з мёдам крочыць.
Як пачуў пра бяду, пра нягоду,
Кажа: «Дай, пакладу ў сподак мёду,
А яшчэ каля гэтай канаўкi
Назбiраў я цалебнай вось траўкi.
Я табе крыху зелля пакiну,
Каб паправіцца хвораму сыну».
Курка «дзякуй» сказацi паспела
I далей ужо бегчы хацела.
Раптам крот супыняе квахтуху:
– Пра бяду пра тваю я падслухаў,
Адшукаў я карэнняў жэньшэню.
Пакладзi ў заварнiчак жменю.
I прынесла вавёрка чабору:
– Хай паможа ён вашаму гору.
Курка лекi ў кошык паклала
I малiннiку шчэ наламала.
I пабегла ўдзячная мацi
Ад хваробы сынка ратавацi.
Лапкi парыла, грэла i  цёрла,
Прыкладала кампрэсы да горла.
Ад духмянага чаю i мёду
Хутка пеўнiк адчуў асалоду.
Праз тры днi стаў ён з ложка ўставацi
I з паклонам сказаў: «Дзякуй, мацi,
За лясную тваю за аптэку.
Зараз гучна спяю: «Ку – ка – рэ – ку!»».

                2002


Рецензии