У сэрцы прарасло каханне

У сэрцы прарасло каханне,
Ад караней яго балюча,
І ўжо ня першае спатканне
Чакаю поглядаў гаючых.

Дарма чакаю, бо ня варта
Расціць каханне ў адзіноце,
Ды што рабіць – расце ўпарта
Насупраціў маёй самоце.

Я вытравіць яго хацела,
Спаліць, ці напаіць атрутай,
Ды зноўку адчувае цела,
Як парастак цвіце пакутай.

Чаму - пытаць ня перастану, -
Амур паслаў стралу ліхую,
Дакуль трываць яго заганы?
Імгненне цішыні прашу я.

А парастак чырвонай кветкай
Зазіхацеў, ды так няшчадна,
О Божа, дзе дастаць мне лекаў?
Патрэбна мне твая спагада!

Скажы. Што скажаш, то і будзе:
Мне кветку падарыць ці знішчыць?
Раздаць сваё каханне людзям?
Ці голас мой да шэпта сцішыць?

Скажы – я слухаю сумленна –
Ці так, ці не. Прыму з палёгкай.
Я прагну жыць. Жыццё бясцэнна.
Жыццё бясконца. Ўсё так лёгка.


Рецензии