Капелька

“Бярозка”, №9 1993 г.

ВАЛЕРЫ ТАРАСАЎ
КРОПЕЛЬКА
КАЗКА
   Было гэта даўно. Халодны і сонны сусьвет плыў праз вечнасьць. Не раскручваліся спіралі Галактык, у часе і ў прасторы спалі зоркі. Сонца яшчэ не ўзьнімалася з-за краю Зямлі — толькі ледзь тлела ў бездані. Спалі горы, спаў і вецер. Вада акіянаў на чорнай планеце Зямля застыла ў нерухомасьці, быццам пакрытая зачараваным шклом. I жыла ў гэтай бясконцай вадзяной прасторы маленькая Кропелька.
   Неяк раз закацілася Кропелька на камень, што тырчаў з вады, і ўбачыла, які вялікі сьвет. А ў гэтым сьвеце высока-высока зіхціць таксама нейкая Кропелька.
— Як цябе зваць?..— спыталася Кропелька.
— Сонейка.
— Давай сябраваць! — прапанавала Кропелька.— Ты дужае, добрае, а імя тваё сьветлае, цёплае.
   Сонейка прыўзьнялося трохі і агледзелася. Ягоныя промні наліліся сьвятлом, пабеглі па нерухомай паверхні мора, па гарах: над сусьветам упершыню нешта зазьзяла.
    У Кропелькі ад захапленьня ажно перахапіла дыханьне. Яна сама загарэлася ў палымяных промнях.
Сонца ўзьнялося вышэй і ператварылася ў палымяны шар.
— Я шчасьлівая, бо ўва мне зьзяе маленькае сонейка, такое ж, як ты... Я паміраю...— прашаптала Кропелька.
   Палымянае кола ірванулася па небе да Кропелькі, каб выратаваць яе ад гарачыні сваіх промняў. Але хіба магло Сонейка астудзіць Кропельку?
   У гэтую хвіліну там, дзе зьзяла Кропелька, зьявілася вясёлка, і маленькае воблачка ўзьнялося ў вышыню. У гэтым месцы прыўзьняў сваю галоўку зялёны парастак. Жыцьцё — гэта рух, дзе нейкі канец — заўсёды пачатак новага.
   Зачараваны Вецер страсянуў з сябе сон і пабег з тары, падхапіў у далоні воблачка, падштурхнуў яго да Сонейка, якое плыло над планетай. Тады і зоркі пакінулі свае месцы, разьбегліся ў розныя бакі Галактыкі.
   Сонейка закацілася за небакрай. Яго апошні прамень засьлізгацеў па акіяне. У гэты час пырскі зьляцелі з хвалі: у кожнай кропельцы нарадзілася новае жыцьцё.


Рецензии