Жыццё... Знявага альбо чэсць?

Жыццё… Знявага альбо чэсць?
 Мы ўладары ці інтэрвенты?
 Ці свет – палата нумар шэсць,
 А мы ў ёй – толькі пацыенты?

Караюць нас лязом пакут
 Ці лечаць сродкамі зямнымі?
 О, людзі! Што мы робім тут
 Рукамі й сэрцамі сваімі?

Сціскаюць душы ланцугі
 Пытанняў, пошукаў, сумненняў.
 Мы прагнем лекаў ад тугі –
 Ды б’емся ў шкло неразумення.

Няўжо да праўды не дайшлі
 Сярод разгубленасці, стомы:
 Што ўсе мы – госці на зямлі,
 Хоць і трымаемся, як дома?

2.01.2011


Рецензии