***

               Крыштальнае
Я п`ю крыштальнае паветра,
Крыштальным возерам іду,
І што ні дрэва— белы ветразь
Глядзіцца ў снег, як ў ваду.

Па цаліку кладу сцяжынку,
Кругом святло, як ні зірні.
Люблю я кожную сняжынку
За непадкупнасць чысціні

Настрой зімы непастаянны:
Мароз, вятры, то капяжы,
То, як нявеста, ва ўбранні...
Зімой так хочацца мне жыць!

І быць такой крыштальна чыстай,
І ў Новы год сабе надзець
Рабін чырвоныя маністы,
Нібы агеньчыкі надзей.



         Душа-скарбонка
У маёй душы-скарбонцы
Назбіралася за век
Столькі неба, столькі сонца
Столькі чысціні ад рэк!

Там цвітуць сады і кветкі
І гудуць-пяюць лясы,
Золатам палі-палеткі
Наліваюць каласы

А ўжо колькі тых азёраў
Пасялілася ў душы,
Што збіраюць ноччу зоры
У глыбокія каўшы

Там і музыка, і водар,
І вясёлка з нот сямі,
І чатыры поры года,
Як сястрычкі, у сям`і.

А на самым дне скарбонкі
Для вяселля і для ўцех
Столькі песень, песень звонкіх,
Што ірвуцца узляцець!

І яшчэ любові столку
Да ўсяго, што тут жыве,
У сваю душу-скарбонку
Я наскладвала за век.



        Палеская паводка
А на Палессі зноў паводка:
Пайшла вада ва ўсе канцы,
І вечарамі ў лёгкіх лодках
Плывуць дзяўчаты і хлапцы,

І неба зноў купае зоры
У ледзяной пакуль вадзе,
І месяц сцежку срэбрам торыць
І ўслед за лодкамі ідзе

Вярба свае пупышкі поіць,
Прачнецца першаю ад сну,
Нядзелькай вербнаю святою
Па хатах разнясе вясну.

А на Палессі зноў паводка:
Зямля ўмываецца вадой.
Палессе! Я хоць і далёка,
Але душой заўжды з табой!




                Званок
Нібы ластаўка першая весняя,
Нібы гром сярод лютай зімы,
Пазваніў ты—і радаснай песняю
Кожны міг, кожны дзень мой звініць.

Ці сустрэчу ўспомніў ты даўнюю,
Ці растання гаркавы дымок?
Ну чаму ж маю долю няўдалую
Не схацеў ты зыначыць, не змог?

Кожны дзень, кожны міг—у чаканні я,
А ў грудзях замест сэрца--  званы.
Ты пачуй мае словы адчайныя
І звані, і звані, і звані...



          Святочна-жартоунае
Падфарбую і бровы, і вочы,
(Каб пагляды мужчын заманіць)
Цёмным колерам летняе ночы,
Вусны-- колерам спелых суніц.

Апрану аблачынку-сукенку,
Промні сонца ў прычоску вазьму,
Маладзік мне пазычыць усмешку,
У лілей папрашу белізну.

І тады ўжо трымайся, мой дружа,
(Бо такую ніхто не міне).
Без букета і водару ружаў
Нават блізка не стой да мяне!



             Веснавая адліга
На двары веснавая адліга,
А душу маю холад скаваў.
Ад нудоты, ад гора, ад ліха
Ты, каханы, мяне ратаваў.

Твае вочы—азёры спакою
Закалыхвалі боль мой любы.
Так утульна было мне з табою.
Шкадаваў, ці кахаў, ці любіў?

Выпадковы рукі тваёй дотык
Мне душу ўскалыхваў да дна,
А цяпер я сябе ад нудоты
Выратоўваць бяруся штодня.


На двары веснавая адліга.
Ці адляжа ад сэрца мой сум?
Хай сплыве ён, за крыгаю крыга,
Я даўно ўжо чакаю вясну.



       Чарнобыльскі край
Пагасціць запрашае матуля,
Ад жыцця, ад сябе адпачыць,
Але край той бядою атулен
І на вуснах Чарнобыль гарчыць.

І зямля, і вада, і ўся ежа,
І паветра, і дождж з аблачын...
Першабытна ўсё там і свежа,
А на вуснах Чарнобыль гарчыць.

Той бяды ні ў двары, ні ў гародзе
Не заўважыў ніхто, хоць крычы,
Толькі прысмак металу--у роце
І на вуснах Чарнобыль гарчыць.

На магілах крыжы, як хто сее,
І аж глушаць усіх крумкачы,
Толькі стома і слабасць у целе
І на вуснах Чарнобыль гарчыць.

Не пачуць, і не ўбачыць, не ўзяцца...
Дзе ад гэтай загадкі ключы?
Хоць прайшло ўжо гадоў больш за дваццаць,
А на вуснах Чарнобыль гарчыць.

Пагасціць мяне просіць матуля,
У радзімым кутку адпачыць.
Зноў я ў хаце бацькоўскай утульнай
І на вуснах Чарнобыль гарчыць.



                Сустрэча
Як я доўга чакала сустрэчы,
Тваіх слоў, тваіх рук, тваіх воч,
Знае кожны халодны мой вечар
І сцюдзёная кожная ноч.

Назапасіла мора пяшчоты
У сваёй згаладалай душы.
Б`е маланкамі кожны мой дотык
Навальніцам іх не патушыць.

Я магу быць святою і грэшнай.
Чарадзейка ці светлы анёл?
Можа сэрца любое сагрэцца
Маім зыркім нязгасным агнём.

Ты—мой лёс ці звычайны сустрэчны?
Будзе тайнаю гэта навек.
І навошта мне сэрцу пярэчыць,
Калі сэрца надзеяй жыве?

Ды сустрэліся так недарэчы,
Не сумеўшы адолець мяжы.
Я так доўга чакала сустрэчы,
Але ты аказаўся чужым.



     На малой радзіме      
На радзіме яснейшыя зоркі
І глыбейшы нябёс акіян.
Успамін мой салодкі, мой горкі,
Як табой устрывожана я!

На радзіме цяплейшае сонца
І бялейшае зім палатно,
А душа так шчымліва маркоціцца,
Калі мама рассцеле радно.

На радзіме дабротаў не злічыш,
На радзіме красы не мінеш,
Мае ночы рассыпалі знічкі,
А жаданняў у сэрцы не менш!


Рецензии
вольга,як я рады спатканню з вамі....у вас такія прыгожыя вобразы,тэмы,вершы...я уражаны вашай творчасцю...але чаму так мала вершау?дзе можна яшчэ пачытаць нешта з вашай скарбонкі...?з пажаданнмі усяго найлепшага!

Владимир Гайдук   14.04.2016 08:57     Заявить о нарушении
На это произведение написаны 2 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.