Я адчуваю гэта i сама...

Я адчуваю гэта і сама
 І п'ю, бы лекі, горыч - праўду-матку:
 Ў маіх радках паэзіі няма -
 Ёсць толькі рыфма - голыя канчаткі.

 Пустыя вершы - марны словаспад.
 У іх няма агенчыка жывога.
 Яны не б'юцца ў сэрцы, бы набат,
 А шамацяць няўробленасцю слова.

 У іх не знойдзеш думак глыбіні
 І вышыні пачуццяў чалавечых.
 На ўсіх лістах, куды не зазірні,
 Нуда і бразгат - пафас і галеча.

 Калі ж гартаеш "творыкі" мае -
 Адзін,.. другі,.. дзесяты... вершык запар,
 У вочы лезе, як там не стае
 Чароўных слоў паэзіі - метафар.

 Як ні імкнуся выплюхнуць сябе,
 Ў радках няма чуллівага трымцення,
 Таму шкрабецца думка ў галаве:
 "Нашто ствараць не вобразы, а цені?"

 Зламаю ручку. Вытрасу душу.
 Аддам сябрам бялюткую паперу.
 І паэтычны попел астуджу
 У багне будняў - моташных і шэрых...


Рецензии