На зыход дня

Агромісты, блякла-барвяны сьлімак
Ляніва спаўзае за цьмяныя выспы,
Таўчэ камарэча над студняю мак,
Грувасьцяцца цені на цёплыя прызбы.
А выганам статак рахманы брыдзе –
Плыве малако з лугавін на падворкі,
Шукае ахвяру нуда-авадзень,
Ды пахне зямлёю, вясной і махоркай.
Пралез надвячорак праз дзіркі ў платах,
Сабой запалоніў двары, навакольле,
Сьпявае задзірыста ў прыцемках птах,
Сінее за вёскай далёкае поле.
Сьціхаюць сялянскія спрэчкі да дня,
А ледзь толькі золак – хітрэйшы пасьпее
Замовіць са стайні калгаснай каня,
Каб першаму соткі картопляй засеяць.
1989.

©Фота Anthony Chistoff


Рецензии
Цудоўны верш,
але мне, напрыклад, зусім не падабаецца параўнанне:
"Агромісты, блякла-барвяны сьлімак"

Сонца не можа быць бляклым, яно заўсёды асляпляе, тым больш слімаком. Слімак такі склізкі. З павагай

Альжбэта Палачанка   25.10.2012 12:14     Заявить о нарушении
Магчыма... Дзіцячы верш... Але выпраўляць нешта не мае сэнсу... Тады думалася так.

Сержук Сыс   06.11.2012 10:53   Заявить о нарушении
Ну, калі думалася, то ладна, гэта ўжо гісторыя, а гістрорыю ніхто не правіць :-)

Альжбэта Палачанка   06.11.2012 13:14   Заявить о нарушении
Быў некалі такі нстрой і застаўся ў гэтых словах. Цяжка зараз каб вось так непасрэдна нахлынула і нарадзіўся верш

Сержук Сыс   09.11.2012 11:13   Заявить о нарушении