Ловiць татка плотак на Дняпры

*  *  *
Ловіць татка плотак на Дняпры,
Мамка гулянятам ладзіць клетух…
На глухім стаіўшыся двары,
Я на смак спрабую цыгарэту.

Бацька п’е з суседзямі віно,
Варыць матка сьціплую вячэру…
Першы раз дзявоцкія ў кіно
Грудзі да рукі сваёй прымераў.

Цягнуць гусі бацю з-пад гары,
А мяне ў жыцьцё зьбірае маці…
Шмат гадоў адсьнежыць, адгарыць –
Госьцем я цяпер у роднай хаце.

У старога пальцы на курках,
Мама азіраецца на дзьверы…
Ты мяне, як рыбіну рака,
Выкінь, лёс, на той далёкі бераг.

Ловіць татка плотак на Дняпры
Варыць матка сьціплую вячэру
Цягнуць гусі бацю з-пад гары
Мама азіраецца на дзьверы…
2003.


Рецензии