Згубила розум

Закалыхалася, заварушылася
Нешта ў грудзях.
Вочы заплюшчыла, у неба ўзвілася,
Быццам чароўны птах.
А ты, што надзяліў мяне крылом,
Яго ж прабіў завостранай стралой.
І я губляю розум.
Хаваю слёзы.
Каму патрэбны гэты боль,
Наўрад ці мне. Я не хацела
Узняцца ўверх, прабіўшы столь.
Але ўзнялася і паляцела.
А ты мяне пакінуў без крыла,
І джалам коліць сэрца мне твая страла.
І шлях адзін - маліцца,
Ушчэнт каб не разбіцца.
Можа б забылася, толькі праследуе
Водар у паветры твой,
З ласкай, пяшчотаю. Бог толькі ведае,
Што робіць ён са мной.
А ты, што стаў святлом майго жыцця,
Мяне цяпер вядзеш да забыцця.
І я губляю розум.
Хаваю слёзы.
Збяру вязанку цёплых слоў,
Што ты казаў, каб сагравалі.
А з пацалункаў і са сноў
Зраблю на шыю я каралі.
А ты...ты ўжо не тонеш у маіх вачах.
Я стала цацкай у тваіх руках.
Кудысьці бегчы позна.
Я ўжо згубіла розум...


Рецензии