Колiшнi смутак

Бруднае кавярні цьмянае улоньне,
Пах старога піва, цыгарэтны дым,
Таньчаць мухі жвава польку на пляфоне,
Трэці кубак кавы ды паўдня нуды.
“Выбачайце, вольна? Вы не супраць?
                - Што вы!
(Позірк асьцярожны стомленых вачэй).
Недавер павольна разьбіваюць словы –
Слова, як і кропля, камень растаўчэ.
Ты яшчэ не вельмі думаеш аб потым,
А яго няўмольнасьць – з дотыкам калень.
Гутарым аб розным, лёгка, бесклапотна
І зьнікае ўрэшце забаронаў цень.
“Да мяне няможна… Так, ён дома рана.
Праўда, ёсьць сяброўка…
           Плёткі? Клопат той!”
Божа, што мы робім, цешымся падманам?
Крохкіх думак немач – быццам лёд вясной.
Днём майго сумоўя, днём тваіх праклёнаў
Застанецца ў сэрцах зорны той палёт,
І з яго астрожні, і з яго палону
Не ўцячы абодвум да астатніх год.
1989.


Рецензии