Цi гэта кара...
Ці проста лёс так не ўбярог?
Было ў яе сыноў пяцёра,
Ды ўсіх узяў на неба Бог.
Але пакінуў успаміны…
І недзе ў сэрцы, ў глыбіні -
І даваенная хаціна,
Дзе нарадзіліся сыны,
І тая ж вёска ля балота,
І агароды, і сады…
Там не было ні адзіноты,
Ні пахаванак, ні бяды.
Там яе дзетачкі чародкай
Імчалі ў поле пагуляць…
А, пасканчаўшы сямігодку,
Ішлі служыць і працаваць…
Ды раптам скончылася шчасце…
І пад адхіл пайшло жыццё…
На аўтаматы і на каскі
Змянялі хлопцы яе ўсё.
Ды з пецярых ужо дадому
Ніхто не вернецца з вайны…
І не паскардзішся нікому,
Што недзе там яе сыны…
Міхась забіты ў сорак трэццім –
З гарматай кінуўся на танк.
Праз год у чорным ліхалецці
Прапаў без звесткі ўжо Іван.
Услед за ім загінуў Саня.
А там – Валодзька… Мікалай...
Ў чужой замельцы пахаваны…
А маці мучае адчай...
Але яна ўсё іх чакае…
Глядзіць у вокны дзень за днём…
Хусцінкай слёзы выцірае...
Ды цісне сэрца камянём...
Нашто ёй жыць, калі не стала
Усіх, каго магла абняць?
Што ёй радкі мемарыяла,
Дзе іх імёны зіхацяць?
Яна дагэтуль, дзе ні убачыць
Хлапца, падобнага на іх,
Усё ўглядаецца і плача:
"А мо сыночак?... Мо з маіх?..."
Свидетельство о публикации №110062602304