Начныя павукi

Не, не трагічны выпадак які -
Нас загрызуць начныя павукі.

Абачліва-нябачныя стварэньні,
Не пакідаюць шораху і ценяў,

Вылазяць ціха з хованак штоночы,
Каб запаўзці ў галовы нам праз вочы.

Мазгоў недасканалых рэвізоры
Нас дажыраюць якасна і спора.

Іх часам шпацыруе да халеры
Бульварамі зьнясіленых артэрый,

Гуляюць па крыві і пэўна мараць
Стварыць для нас сцэнарыі кашмараў.

І ў глуханоч павуччая пяхота
Аднойчы склеіць скуру ліпкім потам,

А сэрца разьляціцца, як лушпіньне,
Спавітае сьмяротным павуціньнем.

Як крыўдна ведаць гэта, мужыкі:
Нас загрызуць начныя павукі.
2010.


Рецензии