Слово на Великдень Кирилла Туровского
СЛОВА НА ВЯЛІКДЗЕНЬ
Сёння –
найвялікшая радасць ўсім хрысціянам
і вяселле свету
надыйшло невымоўна,
сёння,
дзеля свята,
узамен журбы
перад тым былога таемства.
Як адыйдзе муж у далёкі шлях,
то жонка скрухай дзяцей уцісне;
з дарогі вернецца дадому муж, -
нявызнанай радасцю поўніцца сэрца,
і дзеці лікуюць у весялосці.
А што ж гэта за журба
перад тым былога таемства?
Прад учарашнім днём
Гасподзь наш Ісус Хрыстос,
як чалавек,
раскрыжаваны быў,
і як Бог –
сонца азмрочыў
ды поўню ператварыў у кроў,
і сталася цемрадзь па ўсёй зямлі;
як чалавек,
ускрыкнуў, даходзячы, на крыжы, -
і як Бог –
зямлю страсянуў да нетраў
і раскрышыў каменне;
як чалавек –
у рабрыну працяты дзідаю быў, -
ды як Бог –
разадраў заслону старогу закону;
быццам ягнятка,
кроў Сваю і ваду праліў за ягнят,
што раней рэзалі на ахвяру, -
і Сабою ахвяру
за ўратаванне ўсяго свету прынёс
Госпаду Богу Айцу;
як чалавек
быў пакладзены ў дамавіну,
ды як Бог –
асвяціў алтары язычніцкіх цэркваў;
як цар вартаваўся стражамі,
ляжаў запячатаным у труне,
але ж - як Уладар
анёльскага войска
замкнуў сатанінскія сілы цвярдыняй пекла,
і вырак:
“Бярыся, брама!
Няхай увойдзе да вашых князёў
Цар славы!”
Так пякельная брама скрушылася словам
Яго,
зруйнаваў да асновы
скляпенне разбуранай апраметнай;
і спусціўся Гасподзь наш
у пекла,
і звергнуў шайтанава Царства
крыжом,
і смерць умярцьвіў,
і тыя,
што ў цемры сядзелі,
убачылі ззянне святла;
а здратаваныя ўбогасцю і жалезам,
скінулі кайданы,
і Ягоным
скарбам наталілі душы;
ізыдзе сёння
ў сіле Гасподняй і ў нябеснай славе
зрабаваная душа чалавечая,
зараз жа
вольнай вядзецца да раю, хвалячыся Хрыстом.
Гоніць царква прарокаў,
але не цяпер,
бо паўстаў ужо з дамавіны Хрыстос:
то бо ёсць царкоўныя дзеці –
прарокі.
Вокамгненна ўваскрэс,
пячаткі труны не парушыў,
і царква прыняла неспазнаную радасць;
і прарокі, лікуючы радасцю, прамаўляюць:
“То ёсць нашая Пасха!
Ахвяраваўся за нас Хрыстос!
Смерць, дзе твая перамога!?
Пекла, дзе цяпер тваё джала?!”
Бо паўстаў ужо, быццам ад сну Гасподзь,
уваскрэснуў, ратуючы нас.
Хрыстос уваскрос з памерлых,
і магільным жыццё дараваў,
і духі святыя звышнатуральным чынам
узбагаціліся,
і падняліся з пекла, і засялілі нябёсы.
І вось гэтым
удвая і ўтрая
сённяшняе свята прымае імя:
Вялікдзень –
называецца так
дзеля прыносімых Маісеем у Егіпце ахвярных ягнят,
бо хто іх крывёю парогі дзвярэй памазаў,
тыя пазбеглі смерці ад ангелаў,
што егіпцян забівалі.
Такі вобраз сённяшняга свята
Вялікдзень:
нанова паклаўся ў ахвяру
Агнец Божы Ісус за ўратаванне свету,
і ўвесь род Адама вызваліў з апраметнай:
бо ў пекла спусціўся не толькі дзеля праведнікаў,
але і ўвесь свет, зупалы ў злачынствах,
выбавіў, -
бо ўсе грахі ўспрыняў і на крыжы прыбіў.
Усе мы з вераю
боскае Пасхі
прымем прычасце,
памажам вусны крывёю Божай –
гэта ёсць дзверы душэўнай храміны,
ды адхіснуцца д’яблы, што прагнуць
грахамі забіць нас.
Ізраільцяне
Ісуса ўраклі на смерць,
а народы
спажыву Хрыстом для сябе ўчынілі.
І зазывае прарок усіх верных
да трапезы Божай,
так мовіць:
“Прыміце Цела Хрыстова,
крыніцы бяссмерцця скаштуйце!”
Бо целам гэтым скрушылася галава д’ябла,
і джала яго затупілася;
гэтым целам дзяржава яго і ўлада
набыла спагубленне;
гэтым нутром быў пратораны Шлях:
бо не толькі праз вусны сыходзіў Хрыстос,
але само цела
было пакладзена ў дамавіну,
і тады зламалася медная брама,
і скрушылася жалезнае аснаванне,
і брамнікі задрыжалі,
і распалася вязніца пекла, -
і уваскрэслі памерлыя.
Гэтае Цела смерць умярцьвіла
і ўсё стварэнне
абнавіла ад тлення.
Гэтага Цела каштуючы верай,
хрысціяне асвячаюцца
і вечнае жыццё на нябёсах прыймаюць.
Скаштуем і мы,
браты,
жыватворнага яства,
і адзін аднаго пацалуем з любоўю,
ад сэрца даруючы свае грахі.
Уваскрасенне Хрыстова –
Вялікім днём называецца:
напраўду гэта ёсць найвялікшы дзень,
не дзеля сваёй працягласці,
а дзеля вялікіх цудаў, створаных нашым
Збаўцам,
бо сёння анёлы з людзьмі лікуюць,
і з Богам чалавек асвячаецца,
прыймаючы Святога Духа.
Распавядае евангеліст Лука:
“Мінуўшы суботу,
вельмі рана прыйшлі да труны жанчыны,
пахошчы прынёсшы, для памазання цела Ісусава.
І ўбачылі камень,
адвалены ад магілы,
і труну пустую.
І знедаўмяваліся з гэтага.
І паўсталі прад імі два Ангелы
у аблачэнні белым,
і так прамовілі:
“Што вы шукаеце Жывога спаміж памерлых?
Няма Яго тут,
Ён – уваскрэс!
Успомніце словы Яго,
ці не Ён гаварыў вам:
“Трэццяга дня ўваскрэсну!”
А зараз ідзіце да вучняў Яго
і скажыце:
“Хрыстос уваскрэсе!”
Яшчэ раней пра вас жа пісаў Ісайя прарок:
“Прыйдзіце ад відзьма
жанчыны-дабравесніцы, скажыце Сіону:
- Прыміце ад нас радаснае дабравесце!”.
Да апосталаў ідзіце,
і ім скажыце:
“Не хавайцеся ужо,
бо збылося слова,
гаворанае да вас Ісусам:
- У хуткім часе не ўбачыце Мяне.
Калі ж зноку ўбачыце, то ўзрадуецеся;
успомніце прарока, які напісаў
пра Хрыста і пра вас:
“Паражу пастыра і разбрыдуцца авечкі”.
Але за малым часам Я
працягну руку і збяру статак,
і ствару малыя пастыры.
Ідзець і скажыце вучням:
- Разумейце аб часе гэтым, гавораным Іосію:
“Ад беззаконнікаў забітым быць Збаўцу,
і пасля двух дзён ацаліць свет,
і па трэцім дні –
уваскрэснуць.
І будзе стаяць жывы перад Ім.”
І яшчэ ў Сафонія:
“Патрывайце мяне, гаворыць Гасподзь,
у дзень Майго ўваскрасення,
у паслушэнстве Маім,
бо міласць Мая ужо спачывае на людзях”.
Ідзіце
і скажыце
апосталам:
“Ёсць дзень, пра яго ж гаварыў Давід:
- Ты, Госпадзе, уваскрос!
Ушчадрыў Сіон,
бо прыйдзе Сіону час зняважыцца воямі,
але язычніцкую царкву,
якую выкупіў Сваёю крывёю,
не адалее ніхто.
Не думайце як Ева спакусіцца:
бо яна зміевай парады паслухалася,
а вы ж –
самога Ангела дарадцам маеце,
які радасна вам прамовіў:
дабравестуйце уратаванне свету!
Тады вярнуліся жанчыны ад магілы
і абвясцілі ўсё,
што бачылі,
адзінаццаці.
І не паверылі ім,
бо яшчэ не прынялі Духа Святога,
таму і страшыліся, і ўцякалі.
І вось Пятро з Іаанам
усталі і пайшлі да магілы.
Іаан абагнаў Пятра,
але не ўвайшоў у магілу,
счакаў,
пакуль не прыйшоў Пятро
і не зайшоў першым,
і ўбачыў:
толькі адно адзенне ляжыць.
І не з прычыны страху першым не ўвайшоў Іаан,
хоць і наўперад прыйшоў,
а зпрычыніўся догляду Божага і дзеля пісання кніг,
бо пераўтварыў сабою Стары і Новы закон:
Іаан вобраз Старога Закону, а Пятро – Новага.
Таму што раней гаварыў стары закон,
Пісаннем Хрыста абетуючы:
“Прыйшоў да Яго, але не ўвайшоў у веру Яго”.
Новы закон апошнім прыйшоў,
але перад тым вераваў у Хрыста,
і бачыць ужо
марнае спадзяванне на стары закон,
які не можа ўратаваць тых, хто яго трымаецца.
Бо адляцела птушаня,
і неразумныя дарэмна ў гняздо садзяцца:
Хрыстос уваскрос, -
а жрацы фарысейскія прымушаюць стражнікаў абылгаць
найвялікшае
Хрыстова уваскрасенне.
О! гора языкам грэшным!
О! як жа яны падмануліся!
Ушаноўваючы прарокаў, што пісалі пра Хрыста,
не разумеюць,
і выгадваючы святла, -
атрымаюць цемру!
О лютыя душы іх,
што вышукваюць злую параду
на Бога
Жывога.
У той жа дзень
два вучні Яго ішлі з Ерусаліма ў вёску,
і пра ўсё гэта размаўлялі.
І Сам Ісус параўняўся з імі.
Як пастух, калі крыху прысне,
абудзіцца і ўбачыць,
што чарада разбрылася,
і хуценька ўсюды рыскае,
свой збіраючы статак,
так і пасля ўваскрасення Ён,
ангелаў і чалавекаў,
у адзіны зганяючы гурт,
прамовіў:
“Пра што разважаеце, і чаму засмучоны?”
Яны ж адказваюць:
“Пра Ісуса Назараніна,
яго ж укрыжавалі жыдоўскія жрацы”.
І распавялі пра жанчын
Яму,
што тыя казалі:
ад анёлаў чулі –
жывы Ён!
але не знайшлі яго.
І двое Яго не пазналі,
бо мелі яшчэ цялесныя вочы,
бо яшчэ не дзьмухнуў на іх Хрыстос,
яшчэ не сказаў:
“Прыйміце Духа Святога!”,
бо не адкрыўся яшчэ іх розум,
каб зразумець сведчанні пра Яго ў Пісаннях.
Таму назваў іх няўцямнымі і маруднымі сэрцам,
і пачаў гаварыць ім ад кніг, што пра Яго звеставалі,
пра пакуты крыжовыя
і пра уваскрасенне.
“Ці не пра гэта гаварыў Маісей у пісанні:
- Убачыце жывот ваш перад вачыма сваімі!”,
Давід пра раскрыжаванне Яго:
“Прыбілі цвікамі рукі Мае і ногі!
І далі есці жоўць, і смагу Маю спатолілі воцатам”.
І пра магілу Яго:
“Паклалі Мяне у рву апраметным,
у цемрадзі,
і ў ценю смертным”.
Гэтак жа пра ўваскрасенне Яго:
“Уваскрэсне Бог, і ворагі Яго растачацца”.
І яшчэ:
“Уваскрэсні, Госпадзе, судзі зямлю!”
Ісайя пра вучняў Яго:
“Паўстану, гаворыць,
збяру браццю Маю,
і ўбачаць славу Маю,
і так звястуюць імя Маё
па краінах,
што будуць Маімі
людзі ад многіх народаў.”
І ўсё гэта ім гаварыў, набліжаючыся да вёскі, у якую ішлі.
І малілі Яго застацца разам з імі.
І калі ўзлеглі, хлеб прыняўшы,
богаславіў,
і падаў ім.
І тады расплюшчыліся іхнія вочы,
і ўбачылі язвы цвіковыя на руках,
і пазналі, што гэта і ёсць
Сам Хрыстос.
І ў той жа час Ён невідочным зрабіўся.
Яны ж вярнуліся ў Ерусалім
і распавялі ўсё гэта апосталам,
што напраўду ўваскрэс Хрыстос,
і паўстаў перад імі,
і пазналі Яго па язвах цвіковых.
Мы ж, братове,
уваскрасенне Хрыстова
бачыўшы,
паклонімся Яму,
і так прамовім:
- Ты ёсць Бог наш!
Акром Цябе не ведаем іншага.
Чалавеча яўны,
Божа зпамысны, -
уся зямля ды паклоніцца Табе,
і ўся ды спявае Табе:
памілуй нас, у Цябе веруючых!
Табе молімся і Цябе просім:
ачысці грахі нашы,
адпусці даўгі нашых душ, —
Цябе славім!
За нас зпакутаванаму,
распяцце і смерць прыняўшаму, -
Табе
сёння
пакорна служым!
Учора з разбойнікам суразпнуў Ты
Сябе, -
сёння з Табою уваскрасаем.
Учора з Лагінам усклікнуў: напраўду Ты ёсць
Сын Божы! –
сёння з анёламі словаславім: напраўду ўваскрос Хрыстос!
З Нікадзімам учора здымалі з крыжа, -
з Магдалінаю сёння ўваскрэслага бачым
Цябе.
Учора з Іосіфам паклалі
Цябе ў труну, -
а сёння разам з Марыяй словы радасці чуем:
Ідзі да брацці Маёй і да Пятра,
і скажы ім, няхай у Галілею рушаць,
і там убачаць
Мяне.
Сёння,
як у Галілею,
у святую царкву сабраліся і,
радуючыся, спяваем:
“У гэты дзень,
які утварыў Гасподзь,
узрадуемся і ўзвесялімся ў Ім,
бо Тваё ёсць Царства,
і Твая, Хрысце,
дзяржава
з Айцом і Святым Духам,
цяпер і заўсёды,
і на вякі вякоў.
Амінь.
(Пераўстварыў на сучаснай беларускай мове Анатоль Кудласевіч)
Свидетельство о публикации №109122807051