Паляванне

Гэта ноч ужо, гэта не вечар
Туліць тусклыя зоркі да твару –
Апускаюцца крылы за плечы:
Сёння я выбіраю ахвяру.
Мне з нярвовай дрыготкасцю месяц
Паверх крылаў нацягвае скуру,
То бязгучна амаль што смяецца,
То ўглядаецца позіркам хмурым…
Шэравокі кароль на ўзлеску
Асцярожна прыцісне страмёны,
Ад халоднага зорнага блеску
Прыкрывае павекі стамлёна.
Паляванне…
Сустрэча сам-насам…
Цемра цягнецца лапай – лаві!
Гэтым змрочным, няўстойлівым часам
Грукат сэрцаў і запах крыві
Ноч люляе пачвару і песціць –
Я сама бы згадзілась хутчэй
Шэрай скурай сваёю падкрэсліць
Прыгажосць гэтых шэрых вачэй!
Але месяц ківае з дакорам:
Не ўлагодзіш пустою расой –
Трэба вільгаці іншай азёрам,
Каб вярнуць гэтай ночы спакой.
Мабыць горыч… Але з часам пройдзе,
Бы імклівасці крылам не страціць,
А каханая позірк твой знойдзе,
Паглядзеўшы ў вочы дзіцяці.


Рецензии
"Апускаюцца крылы за плечы:
Сёння я выбіраю ахвяру."

Глыбока, балюча і горка... З усіх жывёл больш за ўсё ваўков паважаю...

Дзякуй за верш.

Андрей Ястремский   03.02.2009 23:43     Заявить о нарушении
дзякуй за водгук. прыемна нават ваўку.

Ирина Лимарева   24.02.2009 23:40   Заявить о нарушении