НОЧ

       
       Пякельная цемра спаўзае на горад,
       Іскрацца ў цемры зорачкі-вочкі,
       Дрыжаць,небаракі, зацягвае холад
       Пятлю вакол шыі палонніцы-ночкі.

       Заснула жыццё ў апошнім акенцы.
       (Навечна ці не? Невядома нікому.)
       І белая мроя ў белай сукенцы
       Блукае па дахах, збіраючы стому.

       На дубе, што шчыра імхі абдымаюць,
       Крумкач спачывае ад дзённых турботаў,
       І з расы манаскай вятры выдзімаюць
       Увесь бруд нашых думак, пясок нашых ботаў.

       І ў гэтым наскрозь чорна-белым прасторы,
       Маўклівая дзе цішыня ўладарыць,
       Дзе спіць усё жывое і мерзнуць дзе зоры,
       Пясняр малады ваш таксама кімарыць.


Рецензии