К м я хачу стаць пасля смерц


       Паміраючы, упэўніся, што жыццё скончанае.


Учора хадзіў па квартэры і паліваў з распрысківалкі, якой карыстаюцца хатнія гападыні пры прасаваньні, свой пакой. Было занадта суха.
Так робяць. Ня ўсе, але тыя хто лічыць гэта неабходным. Можна рабіць так ці не, я ня зьбіраўся задавацца гэтым пытаннем у сур’ёз, тым больш, што дзень быў нядрэнны і ўвечары не хацелася закатваць скандал, даводзячы самому сабе сваю рацыю.
Разам паліў і кветкі. Хоць апошні раз гэтую працэдуру праводзіў зусім нядаўна. Зямля ў гаршчках была невільготная. Ня тое каб я праводзіў сталыя назіраньні за расьлінамі, але з таго часу як яны з’явіліся ў хаце (рознымі шляхамі) мушу не даваць ім стаць гербарыем. Узгадваю пра неабходнасць клапаціцца аб іх найчасцей тады, калі чую гутаркі пра нягеласць мужыкоў у вядзеньні хатняе працы. Узгадваю і пачынаю паліваць. Вось стаіць “дрэва міру” яно падгрэбла пад сябе каранямі ўсю зямлю і стаіць зараз нібы хатка Бабы Ягі, адно што не варочаецца. А можа і варочаецца, толькі непрыкметна, а можа і прыкметна, папраўдзе ня надта сачу за ім.
Вышэй за кветкі, што стаяць на шафе, абраз Спаса. Гэта той, хто сочыць за мной. Ён ведае, што я баюся паміраць і таму, паліўшы кветкі, іду на кухню правяраць ці перакрыты на кухні газ, пасля - ці зачыненыя ўваходныя дзверы.
Таксама, туга закручваю краны. Гэта не з-за страху смерці, хутчэй з-за няжадання мець клопат з суседзямі зьнізу. Апошняя пільнасць у адносінах да кранаў дае падставы пасумнявацца наконт вывадаў пра боязь замагільнага свету. Можна аднесці ўсе мае вечаровыя клопаты на бок гаспадарскай звычкі. Сапраўды, такую рэвізію перад сном праводжу зь дзяцінства, гадоў з дзесяці. Але гэта марны самападман. Я канечне баюся і не хачу паміраць.
Што мы будзем там рабіць? Каб ведаць гэтае шмат хто аддаў бы ня тое што грошы, але і рэшту жыцця. Прынамсі мне так падаецца. Яшчэ падаецца, што ўяўляю тамтэйшы лёс іншых, бо прасьцей разважаць ня пра сябе.
Мая матуля, якая заўседы ў хаце нешта прыбірае і парадкуе, мяце і мые трапіўшы на той свет будзе хадзіць і падбіраць белае бязважкае пер’е, што губляюць, лётаючы па справах анёлы. Пух трэба збіраць, з яго робяць аблокі, хмары і навальнічныя хмурыны. Бяз іх ня можа існаваць неба. Аблачыны закрываюць ад нашых нахабна-цікаўных, узброеных оптыкай, вачэй тонкі сьвет.
Дзед, які ўсё жыцце вазіўся з жалезкамі, балтамі, машынным маслам і іншай бруднай субстанцыяй і пры гэтым, як сапраўдны пралетар, ня верыў ні ў якіх анёлаў, там таксама пабачыць іх. Ён і там будзе займацца звыклай працай. Напрыклад змазваць дзвярныя петлі, якія рыпяць ад стварэння свету. Праца гэтая бясконцая, бо брамаў жа там безліч. Кожны ідзе туды сваім шляхам і праходзіць, хто трыўмфальнай аркай, а хто нізенькай садовай каліткай.
Чамусці ня ведаю, які занятак будзе бацьку. Можа таму, што я не ўяўляю яго адарваным ад зямлі. Што ж тата будзе рабіць там дзе яе няма? Ці можа яна ёсць толькі не такая як тут?.. Ці будзе ён сядзць пасля працы на нагрэтым за дзень камяні і назіраць як заходзіць сонца над нашым лецішчам, калі камарыкі таўкуць мак і ружавее знаёмы далягляд?
Пра брата наогул змаўчу. Ён усё ж маладзейшы і найперш пэўна я задаволю цікавасць і даведаюся пра сваю справу. Толькі не надта хочацца даведацца пра ўсё у хуткім часе, калі небудзь пасля... А пакуль дапісваю радок і іду закрываць краны. Каб ня цякла вада, каб нічога ня зьмянялася.


Рецензии