Не расколеш жыцця - не спасцiгнеш яго таямнiцу...

* * *

…Не расколеш жыцця – не спасцігнеш яго таямніцу,
Не уведаеш упраўду самога сябе…
Толькі б гэтага вечнага тлуму –
Пакінуць, пазбыцца;
Толькі б гэтага вечнага суму –
Пакінуць, пазбыцца!... –
Па нябёсах, па існасці – Госпадзе! І па Табе!...


Гэты сум забірае трыванне,
Закоўвае крылы –
І душа, як зляканая птушка –
Не ў стане ўзляцець.
І – знямоглая тлумам,
На зямлі, безнадзейна астылай, -
Сустракае зіму –
Ацаленне? Збавенне? Ці смерць?


…Праз зямлю прарасце
Кволым лісцікам – кожнае пёрка,
Сэрца краскаю стане –
І ўжо не смыліць, не баліць…
Ціхім шэптам травы –
На ўрачыстым і росным пагорку,
Адвячоркам і раннем –
Стану, Божа, Цябе я хваліць…
…Ціхім шэптам травы –
На ўрачыстым і росным пагорку…
…Ціхім шэптам травы…
Стану, Божа, Цябе я хваліць…


Рецензии