Эдварду Вайвадзiшу

Высокі беларускасці касцёр
Раздзьмуты адраджэння ветрам свежым,
Касцёр да неба рукі распрасцёр,
Нібы касцёл свае ўздымае вежы.

Цяпло ад беларускасці кастра
Нам не скалець, людзьмі быць памагае.
Заранка, быццам родная сястра
Таго кастра, шугае па-над гаем.

Купальскі беларускасці касцёр
Асветнікі распальвалі рупліва,
І Вайвадзіш усё сваё жыццё
Яго ахоўваў, зберагаў цярпліва;

Радкамі паэтычнымі
 яго
Святочнае гарэнне падтрымоўваў.
І сёння сэрца ў свой сто першы год
Лагодзіць трапяткою роднай мовай...

...Нагнаць спрабуюць цемрашалы страх.
Ўсявышні ж нам акажа дапамогу:
Бо іскры беларускасці кастра –
Надзея ёсць – запалі ў сэрца Богу...


Рецензии