Ой ды утрэскауся...

Ой ды ўтрэскаўся па вушы
Гром у рэчку ля сяла!
І матуля да вяселля
Рыхтавацца пачала.

Хоць адразу, быццам ягад,
Перабрала многа дум;
Хоць і строгасць воч не зразу,
Як на чыстую ваду,
Раптам вывела на слёзы;
Хоць было зусім няўцям:
Як камусь мядовай стала
Гэта горкае дзіця?

Толькі, любая матуля,
Як дачушку не любі,
Ды віна такім салодкім
Ты ўсё роўна не рабі,
Бо ўсё роўна госці “Горка!”
Закрычаць,
І ў далеч год
Выйдзе з рук тваіх дачушка,
Быццам рэчка з берагоў.

Выйдзе,
Раз ужо каханнем
Перапоўніцца змагла!..
Ой ды ўтрэскаўся ж па вушы
Гром у рэчку ля сяла!


Рецензии
На это произведение написаны 3 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.