Часцей ты стукауся...

Чым сумны, радасны не меней,
Ад’ехаў ты ў вялiкi свет.
Як адганяючы сумненне,
Рукой махала мама ўслед.

«Знайшоў не болей ты, чым страцiў» -
Сумленне голас падае, -
«Часцей ты стукаўся да мацi
Як быў пад сэрцам у яе».

Што да парога дарагога
Цябе дарога прывядзе,
Матуля, як цябе малога,
Надзею тулiць да грудзей.

Ад слёз парою не ўтрымацца, -
Журба ў табе гняздзечка ўе:
Часцей ты стукаўся да мацi
Як быў пад сэрцам у яе.

Спазнаў нямала шчасця, толькi
Не меней зведаў i пакут.
Да каранёў i да вытокаў
Вярнуўся ты ў свой родны кут.

А ў родным доме, ў роднай хаце
Душа i плача, i пяе:
Часцей ты стукаўся да мацi
Як быў пад сэрцам у яе.


 


Рецензии