***

Тут сцены не ціснуць – родныя.
Тут волкія ветры лагодныя
Цалуюць сціплыя краскі…
Вось толькі дыхаць тут цяжка.
Тут ходзіш, буццам чужынец,
Без імені, памяці, слова;
Нібы пакараныя кімсьці,
Забылі дзядоў сваіх, мову.
Сюды вяртаешся з болем
За ўсё, што змяніць немагчыма,
З няўтольнай прагай да волі
І сорамам… за Радзіму.
Ды вяртаешся ўсё ж, чамусьці…
У зямлю зганьбаваных храмаў,
Зямлю разбураных гнёздаў,
Дзе сонца не бачна з-за хмараў.
Тут песні пяюць забытыя
Героі – ўсе з тварамі бітымі;
Збіраюць яны па дарогах
Каменні, слязьмі палітыя…
А ў голлі гудзе вецер,
Коўдру ноч на дарогу апусціць…
Да зямлі, адзінай у свеце,
Я вяртаюся ўсё ж, чамусьці…
 24-25 красавіка 2006


Рецензии
Здорово...все так и есть

Максим Журович   03.12.2009 00:33     Заявить о нарушении