Люба мне, калі ў прыціхлым садзе
ў кронах дрэў не згас яшчэ агонь.
Ліст пажоўклы прыляціць і сядзе
матыльком на золкую далонь.
Ветрык з ім свае спыняе гульні…
Ці не для таго, каб нагадаць:
усяго жывога лёс агульны –
пакрысе мярцвець і ападаць?
Непаўторны для зямной істоты,
час цвіцення – лічаныя дні,
і пад гоман маладой лістоты
леташняй не ўспомняць карані.
І, хоць кажуць, што цвітуць увесну
нават карчаваных дрэў камлі, –
я ў сваіх нашчадках не ўваскрэсну:
кожны з нас – апошні на Зямлі.
І, хоць вецер гне сухое вецце,
Іі хоць іней срэбрам лёг на скронь, –
Нельга мне, шкада змахнуць, як смецце,
ліст, які сагрэў маю далонь.
******************
НЕ ПАЗІРАЙ НА ЗАХАД СОНЦА З ЖАЛЕМ...
Не пазірай на захад сонца з жалем.
Вер: наша радасць нас не абміне.
Надыдзе ноч – сваё святло запалім:
лучынку, свечку, лямпачку ў акне.
І радасць будзе ад таго не меншай,
што, можа, хіба толькі праз гады
яна да нас загляне на агеньчык –
з тым, каб ужо застацца назаўжды.
*************
ТЫ ЎЦЯКЛА Ў МАЕ СНЫ
Ты ўцякла ў мае сны, а імя – засталося,
каб, адрынуты, сэрцам не згас без пары я.
Сярод іншых пяшчотных імён шматгалосся –
водгук мары нязбытнай у слове: Марыя.
Так, ад мары ў ім штось – як інакш растлумачыць
дарагое імя, з пэўным зместам і сэнсам?
Мара... марнасць... І нават – мана!.. Гэта значыць:
сумаваць па цябе і кахаць – толькі сэрцам...
Ты ўцякла ў мае сны; ані ў думцы, ні ў слове
не ўваскрэснуць ні скаргі, ні крыўды старыя.
Вечна юная, быццам ты з вечнасцю ў змове,
як імя твае з вечнасцю ў змове – Марыя.
***************
ЧАРОМХА
Чаму ў цвіцення час кароткі
заўжды мяне хвалюе штосьці?
І для мяне твой пах – салодкі,
як успамін аб маладосці.
Хоць і адчуў я ў ім гарчынку,
калі – зусім яшчэ падлетак –
спаткаў знаёмаю дзяўчынку
з букетам першых сціплых кветак.
Ішла яна ў напрамку вёскі,
а ты расла калі дарогі,
і вецер белыя пялёсткі
страсаў і кідаў ёй пад ногі.
Цвілі льняным блакітам вочы.
Цвіла ў равах, жаўцела лотаць.
Крануў мяне пагляд дзявочы
і – неўпрыкмет – дзявочы локаць.
Я з ёй нясмела павітаўся,
і нейкі час ішлі мы поруч.
З тае пары ў душы застаўся
твой непаўторны пах і горыч…
Дарыў мне потым свет распусны
глыток атруты ў кожнай кветцы –
глыток, якога прагнуць вусны,
а сэрца, быццам птушка ў клетцы,
жыве ўспамінамі, пяшчотай
нязбытных сціплых мар кахання
і ў думках узнаўляе ўпотай
хвіліны першага спаткання.
Таму ў цвіцення час кароткі
заўжды мяне хвалюе штосьці,
і для мяне твой пах – салодкі,
як успамін аб маладосці.
Мы используем файлы cookie для улучшения работы сайта. Оставаясь на сайте, вы соглашаетесь с условиями использования файлов cookies. Чтобы ознакомиться с Политикой обработки персональных данных и файлов cookie, нажмите здесь.