Слуцкiя ткачыхi Максiм Багдановiч
Ад родных ніў, ад роднай хаты У панскі двор дзеля красы Яны, бяздольныя, узяты Ткаць залатыя паясы.
І цягам доўгія часіны, Дзявочыя забыўшы сны, Свае шырокія тканіны На лад персідскі ткуць яны.
А за сцяной смяецца поле, Зіяе неба з-за акна, – І думкі мкнуцца мімаволі Туды, дзе расцвіла вясна;
Дзе блішча збожжа ў яснай далі, Сінеюць міла васількі, Халодным срэбрам ззяюць хвалі Між гор ліючайся ракі;
Цямнее край зубчаты бора... І тчэ, забыўшыся, рука, Заміж персідскага узора, Цвяток радзімы васілька.
1912
Мы используем файлы cookie для улучшения работы сайта. Оставаясь на сайте, вы соглашаетесь с условиями использования файлов cookies. Чтобы ознакомиться с Политикой обработки персональных данных и файлов cookie, нажмите здесь.