Швачка

«Купiў тата мне дзве прыгожыя кашулi, дастаць iх у той час было нялёгка.
Адна была малiнавая, а другая ярка-салатавая. Такiя прыгожыя – вачэй не адвесцi! Мама схавала iх у шафу.

Перад гэтым мая аднагодка, шасцiгадовая сяброўка, пахвалiлася сваёй абноўкай. Ёй тата прывёз аднекуль портачкi. Зайздросна стала мне, i я вырашыла «змайстраваць» i сабе такiя, а то яшчэ i лепшыя! Падабрала момант, калi мамы не было дома, дастала з шафы салатавую кашулю и «авечымi» нажнiцамi пачала кроiць сабе абнову. Выразала дзве палоўкi, як святочныя сцяжкi, зашыла iголкай з усiх бакоў – i зразумела, што нiчога ў мяне не атрымалася. Узяла другую кашулю, малiнавую, але i з гэтай портачкi не выйшлi. Схавала свае «грахи» пад печ, але адзiн малюсенькi абрэзак нейкiм чынам застаўся ляжаць ля печы. Мацi ўбачыла, подбегам кiнулася да шафы, адкрыла дзверы – i жахнулася: дагадка падцвердзiлася: няма там татавага падарунка.

Прызналася я ва ўсiм. Хацела мацi мяне адлупцаваць, але тата абаранiў, якраз у той момант ён увайшоў у хату. Мама плакала ад роспачы, а тата смяяўся. «Не плач, - сказаў маме, - куплю я табе кашулi, яшчэ i прыгажэйшыя!» Прытулiў мяне да сябе, пагладзiў па галаве и сказаў:
- Не бядуй, дачушка! I не бойся, не памыляецца той, хто нiчога не робiць».

Марыя Пешка, аг-к Варона Астравецкага р-на   


Рецензии